Атрымаць кваліфікацыю настаўніка-метадыста нялёгка. Марыі Іосіфаўне давялося стварыць аўтарскую методыку выкладання прадмета. Яна публікавалася ў навукова-метадычных і іншых выданнях, удзельнічала ў шэрагу педагагічных конкурсаў і праводзіла заняткі з калегамі па актуальных праблемах у галіне адукацыі. З усім гэтым мая суразмоўца справілася на выдатна.
Мара
і вучоба
Сціплая дзяўчына з пасёлка Воранава Гродзенскай вобласці больш за трыццаць гадоў таму нават не думала, што лёс яе накіруе ў невялікі горад Лепель.
У 1987 годзе Марыя Асоўская скончыла Лідскае педагагічнае вучылішча і была размеркавана працаваць на Лепельшчыну. «І ні на секунду не пашкадавала пра гэта», – шчыра прызнаецца педагог.
– Кім вы хацелі стаць у дзяцінстве?
– Не магу сказаць, што марыла менавіта пра настаўніцтва. На працягу ўсёй вучобы ў школе была старастай у класе, вызначалася руплівасцю і адказнасцю. Гэтыя якасці жадала бачыць і ў людзях. Мне падабаліся дзве высакародныя прафесіі – настаўніка і ўрача. Другую не выбрала, магчыма, з-за таго, што баялася крыві.
– На папярэднім размеркаванні была магчымасць выбару, таму спынілася на Гродзенскай вобласці. А вось калі прыйшоў час ехаць на працу, гэтую вобласць выключылі са спісаў размеркавання. Засталася толькі Віцебская вобласць. Была ў разгубленасці, які раён выбраць? І зараз памятаю словы члена камісіі па размеркаванні: «Выбірайце Лепель, ён маленькі, але зялёненькі. Там рэчкі і азёры». Так я і трапіла ў гэты зялёна-блакітны край, які цяпер лічу родным.
Крыху пазней Марыя Іосіфаўна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».
Кожны год навучання дзяцей у пачатковай школе для настаўніцы быў доказам таго, што яна выбрала правільны шлях. Педагог апантана рыхтавалася да заняткаў, цікава вяла ўрокі, арганізоўвала насычаную пазакласную дзейнасць. Чаму насычаную? А таму, што ніколі не шкадавала свайго часу, каб зрабіць падарожжа з дзецьмі, паехаць у іншы горад на экскурсію альбо цырк, дэльфінарый, ажыццявіць паход і г.д.
На рахунку настаўніцы – сем ці, магчыма, восем выпускных, і пра кожны свой клас Марыя Іосіфаўна ўзгадвае з цеплынёй. Сярод іх былі і дзеці яе вучняў.
Працоўныя
будні
– Што вам падабаецца ў вашай прафесіі?
– Бачыць іскрынкі шчасця ў вачах дзяцей ад атрыманых новых ведаў. Я люблю сачыць за мэтанакіраванасцю і настойлівасцю вучняў, уменнем не пужацца складаных сітуацый. Канечне, радуюся выніку нашай агульнай з дзецьмі працы.
Вось, напрыклад, у мінулым годзе сталі выпускнікамі мае вучні пачатковых класаў, сярод якіх шэсць медалістаў. Цяпер ужо яны студэнты прэстыжных ВНУ.
Менавіта з гэтымі вучнямі ў 2009-2012 вучэбных гадах наша ўстанова адукацыі была ўключана ў інавацыйны праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Укараненне мадэлі фарміравання сістэмнага мыслення вучняў пры арганізацыі ўрокаў і факультатыўных заняткаў». А ў 2015 годзе сярэдняя школа №1 увайшла ў топ-100 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.
Матэрыялы з вопыту працы настаўніцы і ўсёй сярэдняй школы №1 былі апублікаваны ў «Настаўніцкай газеце» і навукова-метадычным часопісе «Пачатковая школа». Па выніках анкетавання, назіранняў, аналізу дасягненняў вучняў адзначана станоўчая дынаміка развіцця, заўважана іх цікавасць па ўсіх прадметах. Павялічваецца і сярэдні бал.
– Якія цяжкасці здараюцца ў вашай працы?
– У першым класе гэта згуртаванне дзяцей з рознымі характарамі, тэмпераментам. Калі прыходзіць трыццаць вучняў, якія бачаць адзін аднаго ўпершыню, не заўсёды бывае проста. Пачынаецца праца па фарміраванні двух калектываў – вучнёўскага і бацькоўскага. Праз чатыры гады настаўнік бачыць велізарную розніцу паміж маленькімі вучнямі, якія прыйшлі ў першы клас, і тымі, што заканчваюць пачатковую школу.
Акрамя гэтага, настаўніку пачатковых класаў даводзіцца развіваць усебакова сваіх падапечных: вучыць пісаць, чытаць, лічыць, маляваць…
Каб паспяхова працаваць у гэтай прафесіі, у чалавека павінны быць асаблівыя якасці і навыкі. Неабходна быць высокакультурным, акуратным у знешнім выглядзе. Без прыгожай багатай мовы таксама не абысціся. Абавязкова трэба ўмець слухаць і чуць, разумець дзіця. Гэтую характарыстыку настаўніка я напісала менавіта з Марыі Іосіфаўны.
– Праца настаўніка пачатковых класаў цесна звязана з творчасцю…
– Я лічу, што настаўнік – гэта, у першую чаргу, артыст. Што б ні здарылася па-за сценамі школы, для сваіх дзяцей заўсёды трэба ззяць і зараджаць іх станоўчымі эмоцыямі.
Мая суразмоўца не аднойчы наведала Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе праводзіла майстар-класы і заняткі на курсах павышэння кваліфікацыі для калег з іншых рэгіёнаў.
Яна і зараз дзеліцца вопытам са сваімі калегамі, бо настаўнік-метадыст – гэта свайго роду настаўнік настаўнікаў, педагагічная эліта, якая аказвае істотны ўплыў на якасць адукацыі ў нашай краіне.
Марыя Іосіфаўна ўдзельнічала ў эксперыменце па выхаваўчай працы «Арыенцір», працавала на эксперыментальнай пляцоўцы Міністэрства адукацыі па выкарыстанні шматмернай дыдактычнай тэхналогіі, удзельнічала ў розных канферэнцыях, фестывалях, семінарах, сярод якіх быў і міжнародны. Педагогу даводзіцца чытаць лекцыі ў Віцебскім інстытуце развіцця адукацыі.
Каб атрымаць кваліфікацыю настаўніка-метадыста, трэба мець важкае рэзюмэ з публікацыямі за тры апошнія гады, глыбокі вопыт і нестандартны падыход да работы, удзельнічаць у конкурсах, здаць сур’ёзны экзамен, прайсці субяседванне…
У сям’і
На Лепельшчыне Марыя Іосіфаўна знайшла і сваё жаночае шчасце. З будучым мужам Андрэем Асоўскім пазнаёміліся ў рэстаране «Хваля», дзе ён граў у ансамблі. Пасля рамантычных сустрэч маладыя людзі вырашылі пажаніцца. Дзеці ўжо дарослыя, стварылі свае сем’і і нават падарылі чатырох унукаў. Дружнай сям’ёй любяць Асоўскія збірацца разам, каб паспытаць моцнай пары ў лазеньцы, прыгатаваць што-небудзь смачнае на вячэру і шчыра пагутарыць.
Андрэй Аляксандравіч працуе галоўным механікам у ДЛГУ «Лепельскі лясгас». Па словах Марыі Іосіфаўны, у яе самы лепшы муж, сапраўдны гаспадар і майстар на ўсе рукі.
У вольны час жанчына завіхаецца на сваім невялікім прысядзібным участку, які знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Тут жа, ля сваіх ружаў, педагог набіраецца энергіі і моцы, каб зноў у добрым настроі пайсці на працу, да сваіх вучняў, якія, дарэчы, сёлета пераходзяць у сярэдняе звяно школы.
На працягу ўсёй размовы я бачыла перад сабой шчаслівую жанчыну, якая з задавальненнем ідзе на працу і з выдатным настроем вяртаецца дадому. Ёй проста няма часу сумаваць: у школе яе чакаюць самыя лепшыя вучні, а дома – любімая сям’я.