Прафсаюзы разам з наймальнікамі прымаюць меры па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Узмоцнены кантроль за выкананнем гігіенічных нормаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У прыватнасці, Дубровенскі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу закупіў для профільных прадпрыемстваў вадкі дэзраствор і медыцынскія павязкі.
Кіраўнік ААТ «Прыдубровенскае» Леанід Зайцаў зазначыў, што дапамога ад райкама прафсаюзаў вельмі своечасовая. Ён запэўніў, што атрыманыя сродкі будуць выкарыстоўвацца не толькі механізатарамі, але і жывёлаводамі.
—Сезон веснавых палявых работ — гэта цэнтр пільнай увагі прафсаюзаў. Мы кантралюем забеспячэнне працаўнікоў спецаддзеннем, наяўнасць аптэчак для транспартных сродкаў. Вялікую ўвагу надаём своечасоваму правядзенню мерапрыемстаў па тэхніцы бяспекі працы, правядзенні у поўнай меры інструктажоў, атэстацыі працоўных месц, выкананню вытворчай дысцыпліны, — расказаў старшыня Дубровенскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў. — У сувязі з сітуацыяй, якая складваецца з захворваннем каранавіруснай інфекцыяй актывісты прафкамаў правялі маніторынг наяўнасці сродкаў засцярогі ў сваіх працоўных калектывах. Па выніках гэтага маніторынгу прэзідыум райкама вырашыў дапамагчы шэрагу прадпрыемстваў раёна і забяспечыць іх сродкамі дэзінфекцыі і медыцынскімі маскамі. На гэтыя мэты было выдзелена больш 800 рублёў.