Сёлетнімі пераможцамі спаборніцтваў за кубак раёна па плаванні стала зборная каманда, у складзе якой выступілі спартсмены-аматары з Докшыцкага РГЗ, участка электрасувязі і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Дарэчы, большая частка ўдзельнікаў заваявала прызавыя месцы ў сваіх узроставых катэгорыях, што і стала падставай для лепшага выніку ўвогуле. Самым хуткім плыўцом зноў стаў Аляксандр Ярыжанец, а вось срэбраныя медалі заваявалі дэбютанткі спаборніцтваў Таццяна Глінская і Марыя Плыгаўка. У агульную скарбонку перамогі свой станоўчы вынік дадаў і Аляксандр Маслакоў. Другое месца ў каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, трэцяе – у плыўцоў СШ № 2 г. Докшыцы. Сярод прызёраў і пераможцаў у асабістым заліку таксама Таццяна Собаль, Марына Ярмаковіч і Аляксандр Зямчонак (1 месца), Уладзіслаў Навіцкі і Аляксандр Цішаловіч (2 месца), Таццяна Мароз, Дзіна Юковіч, Аляксей Ковель і Генадзь Сіўцэвіч (3 месца).