Высокае прадвызначэнне жанчыны, якая выхоўвае дзіця, – гэта работа без выхадных, святы доўг і вялікая любоў. І ў якую ж ступень трэба ўсё гэта ўзвесці, калі ў маці не адно, а трое, чацвёра і больш дзяцей, ды яшчэ хапае ёй душэўнай сілы прыняць у сям’ю і чужое дзіця, падарыць яму столькі ж увагі і цеплыні, колькі родным. Такіх вось адначасова моцных і пяшчотных жанчын 14 кастрычніка, напрыканцы Тыдня маці, які адсвяткавала ўся краіна, па добрай традыцыі ўшанавалі ў Віцебскім аблвыканкаме.
Урачысты прыём быў праведзены ў гонар сямі жанчын Віцебшчыны, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, і 25-і лаўрэатаў абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Высокай прэміі ўдастоена і прадстаўніца нашага раёна – спецыяліст па аказанні рознічных паслуг Цэнтра банкаўскіх паслуг №209 філіяла №216 ААТ “Беларусбанк” Таццяна Стальмакова, пра якую наша газета пісала ў маі бягучага года. Таццяна Вячаславаўна, вырасціўшы з мужам Валерыем Міхайлавічам, сваіх сыноў, у мінулым годзе ўзяла на выхаванне дваіх пляменнікаў.
– Уражанні ад свята проста перапаўняюць, – падзялілася Таццяна Вячаславаўна, якую мы сустрэлі адразу пасля прыезду з урачыстасці. – Нас прывіталі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня праўлення аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава. Цёплыя словы віншаванняў, апладысменты, падарункі ад абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, кветкі, новыя цікавыя знаёмствы, цудоўны канцэрт, асаблівая атмасфера еднасці, сяброўства, успышкі фотакамер журналістаў – усё гэта прамільгнула рознакаляровым калейдаскопам і засталося ў памяці як адно з самых светлых і яркіх перажыванняў. Вельмі прыемнай нечаканасцю стала агульнае фота, якое ўсім нам, удзельнікам урачыстасці, уручылі ў раздрукаваным выглядзе.
Вярнуліся ў родныя Докшыцы – і свята прадоўжылася ўжо ў кінаканцэртнай зале “Іскра”, дзе на сцэне дырэктар ЦБП №209 Сяргей Зубар уручыў кветкі і падарачны сертыфікат ад прафсаюзнай арганізацыі.
***
Ушанаванне матуль у ККЗ “Іскра” распачалося з выступлення намесніка старшыні райвыканкама Віктара Гануса. Віктар Уладзіміравіч нагадаў пра сацыяльную падтрымку, якую аказвае жанчынам-маці дзяржава, адзначыў іх бясцэнны ўклад у захаванне сям’і, выхаванне дзяцей, выказаў цёплыя словы падзякі, пажадаў шчасця, любові і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
А затым матуль, бабуль, якімі поўнілася зала, віталі юныя таленты. З замілаваннем сустракалі гледачы выхад на сцэну самых маленькіх артыстаў – выхаванцаў школы ранняга развіцця Докшыцкай ДШМ “Смяшарыкі”. Музычна-маляўнічы калейдаскоп нагадвала выступленне вядомай групы “Пацеркі”. Шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы вакальныя групы “Пазітыў” і “Галасок”. Парадаваў новай харэаграфічнай пастаноўкай танцавальны калектыў “Сюрпрыз”. Цудоўным атрымаўся нумар, які падрыхтавалі вядомыя салісты Андрэй Чабан, Алег Каляга з выхаванцам раённага цэнтра дзяцей і моладзі Аляксеем Літвіном. І гэта далёка не поўны пералік нумароў вялікага канцэрта, які падрыхтавалі для любімых матуль работнікі культуры і выхаванцы дзіцячых устаноў.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Стальмакова з дзецьмі Ілонай і Максімам пасля вяртання з Віцебска.
Фота А. Варанковіча.