Строители Докшицкого района принимают заказы на новые объекты

Источник материала:  
10.08.2019 —

Строители Докшицкого района принимают заказы на новые объекты
Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць будаўнікі – людзі высакароднай і ганаровай прафесіі. Нездарма яна стала сінонімам самога жыцця, яго адраджэння і росквіту, бо, як і раней, растуць новыя дамы і кватэры, узводзяцца прамысловыя прадпрыемствы і будынкі сацыяльнай сферы. Галоўнай арганізацыяй, якая спецыялізуецца на будаўніцтве жылля і вытворчых аб’ектаў у нашым раёне, з’яўляецца ПМК-52.

Любая будоўля – справа ўсяго калектыву, дзе кожны чалавек мае сваю спецыялізацыю. Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Ніна Шэвель будаўнічай галіне прысвяціла амаль сорак гадоў. Яе прафесійная дзейнасць была высока адзначана ў 2009 годзе званнем “Чалавек года Віцебшчыны”.
– Спецыяльнасць набывала ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, – прыгадвае Ніна Сяргееўна. – Пасля яго заканчэння прапаноўвалі работу ў Ляхавічах, Ганцавічах, аднак мяне чамусьці больш вабіў паўночны рэгіён. Як кажуць, хацелася рамантыкі. Так і патрапіла на Віцебшчыну. Арганізацыя, у якую ўладкавалася майстрам, называлася тады МПМК-24. Гэта пазней, пасля яе аб’яднання з ПМК-83, утварылася ПМК-52, штат якой налічваў тады ледзь не пяцьсот работнікаў. На першым працоўным месцы асвоілася даволі лёгка і хутка. Праз некаторы час працавала ў каштарысна-дагаворным аддзеле, апошнія 25 гадоў узначальваю вытворча-тэхнічны аддзел.
Росквіт прадпрыемства, успамінае Ніна Шэвель, прыпаў на пачатак 2000-х гадоў, калі актыўна ішло будаўніцтва аднакватэрных дамоў у аграгарадках. Толькі за год пад ключ здавалі па сорак такіх аб’ектаў. У гэты ж час была наладжана вытворчасць па выпуску супрацьпажарных дзвярэй. Заказы “сыпаліся” з усёй рэспублікі.
Асноўныя аб’екты, на якіх будаўнікі працуюць зараз, – гэта 40-кватэрны жылы дом у Докшыцах, увод у эксплуатацыю якога чакаецца ўжо днямі, а таксама дзіцячы садок № 1, дзе завяршаецца капітальны рамонт. Акрамя гэтага, рамантуюцца школа і садок у Бягомлі. На сённяшні дзень ПМК-52 мае нязначны пакет заказаў, але гатова ўзяцца за любыя віды работ для нарошчвання аб’ёмаў, для ўмацавання сваёй эканамічнай стабільнасці.
Па-ранейшаму прадпрыемства выпускае прадукцыю для сваіх аб’ектаў будаўніцтва – пластыкавыя вокны і жалезабетонныя вырабы, заключае дагаворы з субпадраднымі арганізацыямі на выкананне асобных відаў работ. За першае паўгоддзе будаўніча-мантажных работ выканана на суму 1910300 рублёў, што складае 144 працэнты да ўзроўню мінулага года за аналагічны перыяд.
Плённая праца работнікаў ПМК-52 адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Да прафесійнага свята Ганаровая грамата камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама ўручана і Ніне Шэвель.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ПМК-52 Ніна Шэвель і вядучы інжынер аддзела Алена Пасажыцкая абмяркоўваюць вытворчыя пытанні.
Фота аўтара.

←У Дубровенскім раёне рыхтуюць установы адукацыі да новага навучальнага года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика