19 кастрычніка ў райцэнтры прайшоў злёт маладых спецыялістаў, на якім адбыўся “Адкрыты дыялог” з кіраўніцтвам раёна. У ім прынялі ўдзел 75 хлопцаў і дзяўчат, якіх у гэтым годзе размеркавалі ў працоўныя калектывы Докшыччыны.
Старшыня райвыканкама Алег Пінчук звярнуўся да прадстаўнікоў тых калектываў, якія прынялі да сябе новыя маладыя кадры.
– Кожны кіраўнік павінен
стаць для сваіх маладых калег першым памочнікам і дарадцам. За плячыма любога паспяховага работніка стаіць мудры настаўнік, які некалі змог разгледзець у маладым чалавеку перспектыву, – падкрэсліў Алег Леанідавіч.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Ганус закрануў пытанне жылля, спыніўся на ўмовах яго набыцця менавіта маладымі спецыялістамі і іх сем’ямі. Аб атрыманні льготных крэдытаў паведаміла намеснік дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “Беларусбанк” Ірына Малюжанец. Думку пра тое, што ўсё па сіле маладым, у сваіх выступленнях выказалі спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Ждановіч і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Яны расказалі пра работу з моладдзю, якая вядзецца зараз, падзяліліся запланаванымі праектамі і запрасілі хлопцаў і дзяўчат далучыцца да актыўнай моладзі раёна.
З дасягненнямі ў спартыўнай галіне пазнаёміла інспектар сектара спорту і турызму райвыканкама Кацярына Рачыцкая. Сваімі поспехамі і дасягненнямі падзяліліся кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў раёна: дырэктар Бягомльскага лясгаса Аляксандр Давідовіч і дырэктар ВУ “Віцебскторф” Віталій Няспляк. Дырэктар Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Вольга Сушко паведаміла аб перспектывах работы сваёй установы. Напрыканцы сустрэчы кожны змог задаць пытанні кіраўніцтву раёна і выступоўцам.
Для знаёмства з раёнам, з яго гісторыяй, вытворча-сацыяльным патэнцыялам маладыя спецыялісты наведалі завод “Ветразь”, Бягомльскі лясгас, санаторый “Баравое”, ВУ “Віцебскторф”, водна-аздараўленчы цэнтр.
Завяршыўся злёт праграмай з конкурсамі і музычнымі нумарамі, якая была арганізавана ў ККЗ “Іскра”, дзе моладзь змагла адпачыць і павесяліцца.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.