— Унутраны свет кожнага дзіцяці вельмі багаты і шматгранны. Галоўнае — заўважыць творчую іскрынку і дапамагчы ёй разгарэцца ярчэй, — так лічыць Алеся Пячкоўская, якая ўжо больш за дзесяць год працуе настаўніцай музыкі, музычным кіраўніком сярэдняй школы №3.
Школьныя лінейкі, конкурсы дзіцячай творчасці, злёты юных інспектараў дарожнага руху… Ніводнае мерапрыемства не праходзіць без удзелу Алесі Фёдараўны, у кожнае з іх настаўніца ўкладвае часцінку свайго сэрца і ганарыцца поспехамі сваіх выхаванцаў. Штогод вучні сярэдняй школы №3 становяцца пераможцамі раённага, а ў мінулым годзе і сёлета занялі прызавое трэцяе месца ў абласным злёце юных інспектараў дарожнага руху, выдатна выступаюць у раённым і абласным этапах конкурсу творчасці для дзяцей і падлеткаў “Сонечны круг”, рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”, а таксама рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам!” Выступленне хору пад кіраўніцтвам Алесі Пячкоўскай становіцца сапраўдным упрыгажэннем Міжшкольнага каляднага фестывалю “Віфлеемская зорка”, які штогод праводзіцца ў нашым раёне. Духоўныя песні, якія выконваюць дзеткі акапэльна акадэмічна, нікога з гледачоў не пакідаюць раўнадушным.
…Працаваць з дзецьмі, развіваць іх творчыя здольнасці Алеся Фёдараўна марыла з дзяцінства. Добра вучылася ў школе і займалася па класе акардэона ў Заслонаўскай школе мастацтваў. Скончыўшы дзесяць класаў Заслонаўскай сярэдняй школы, паступіла ў Полацкі педагагічны каледж на спецыяльнасць “Музычнае мастацтва”. Ужо ў першы год вучобы Алеся зразумела, як шмат значыць для яе будучая прафесія. Яна заўсёды ўмела зацікавіць дзетак, аб’яднаць іх, з задавальненнем развучвала разам з імі новыя песні. Не выпадкова пасля заканчэння каледжа дзяўчына прыехала працаваць музычным кіраўніком у Межыцкі дзіцячы сад, да таго ж выкладала музыку ў Межыцкай пачатковай школе.
У 2005 годзе Алеся Фёдараўна стала настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе №3 і па-ранейшаму выкладала музыку ў Межыцкай пачатковай школе.
Сваё знаёмства з выдатным педагогам часта ўспамінаю і цяпер. Як заўсёды, ярка і ўрачыста, праходзіў вечар сустрэчы выпускнікоў, і на сцэну выйшлі выступаць юныя ўдзельнікі школьнага хору. Кіравала хорам адораны педагог. Юныя выканаўцы з асаблівай увагай сачылі за зладжанымі рухамі кіраўніка. Алеся Фёдараўна паварочваецца да гледачоў і просіць іх падтрымаць юных артыстаў. Колькі ж цеплыні і пяшчоты было ў яе вачах! Выступленне атрымалася вельмі яркім, каларытным, і за ўсім гэтым былі многія гадзіны рэпетыцый, падбор рэпертуару…
— Самае галоўнае — любіць сваю работу, Калі сваёй справай займаешся апантана, усе цяжкасці знікаюць, — шчыра прызнаецца настаўніца. — Усіх сваіх вучняў я вельмі люблю. Адзін —выдатны спявак, другі — здольны вядучы, хтосьці ўмее добра танцаваць… Як яркія кветачкі збіраюцца ў адзін прыгожы вянок, здольных дзетак павінен аб’яднаць вакол сябе педагог. Трэба зарадзіць іх творчай энергіяй, даць штуршок іх натхненню. I тады справа абавязкова прынясе карысць.
Вядома, што любімай прафесіі настаўніца прысвячае шмат часу. Калі ж з’яўляецца вольны час, Алеся Фёдараўна прысвячае яго любімай сям’і. Надзейнай апорай і падтрымкай для жанчыны стаў муж Аляксей. Сын Міша сёлета пойдзе ў пяты клас сярэдняй школы №3, чатыры першыя класы скончыў “на выдатна”. Педагог з задавальненнем ходзіць на лыжах. Сёлета ў раённых спаборніцтвах “Лепельская лыжня-2018” заняла другое месца. Да таго ж жанчына захапляецца ёгай, разам з любімай сям’ёй любіць падарожнічаць, часта наведвае Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета. Алеся Фёдараўна часта наведвае вёску, дзе разам з роднымі дапамагае бацькам працаваць на агародзе. Тут, на свежым паветры, сярод зеляніны дрэў, настаўніца атрымлівае зарад творчай энергіі і сіл, якія так патрэбны ёй у любімай рабоце.
Хутка праляцяць апошнія дні жніўня, і дзеці пойдуць у школу. Гэты перыяд асабліва адказны для настаўніцы музыкі, таму што менавіта зараз актыўна ідзе падрыхтоўка да правядзення школьнай лінейкі. Напісаны цікавы сцэнарый, як звычайна будуць гучаць пранікнёныя вершы і спевы. Педагог развучвае з дзецьмі новыя тэксты, з захапленнем глядзіць на юных артыстаў — і яе сэрца зноў напаўняецца радасцю і цеплынёй…
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: настаўніца музыкі сярэдняй школы №3 Алеся Пячкоўская атрымала заслужаную ўзнагароду на ўрачыстасці, прысвечанай 100-годдзю школы.