Каждому вопросу — детальное рассмотрение

Источник материала:  
07.08.2018 —

Каждому вопросу — детальное рассмотрение
Прыезд кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай у наш раён стаў значнай падзеяй. Паколькі аб прыездзе Наталлі Іванаўны ў нашай газеце паведамлялася загадзя, многія жыхары раёна мелі магчымасць запісацца да яе на прыём.

Больш за сорак чалавек пажадала звярнуцца да высокапастаўленай асобы са сваімі надзённымі праблемамі, сярод якіх — пытанні аб паляпшэнні жыллёва-камунальнага абслугоўвання, незаконнага звальнення з работы і г.д. Да таго ж шмат грамадзян, якія пабывалі на прыёме ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, з’яўляюцца не толькі жыхарамі Лепельшчыны, а і іншых гарадоў Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Трэба адзначыць, што многія пытанні, якія прагучалі, былі даволі няпростыя. Каб іх цалкам вырашыць, патрабуецца іх дэталёвае вывучэнне.
Першай да Наталлі Качанавай звярнулася шматдзетная маці Вольга Бярчук, якая пражывае ў г. Маларыта Брэсцкай вобласці.
— У нашай сям’і расце чацвёра дзяцей, хутка будзе пятае. Калі ў нас было трое дзяцей, мы ўзялі крэдыт на паляпшэнне жыллёвых умоў — будаўніцтва ўласнага дома. Закупілі неабходныя будаўнічыя матэрыялы, але праз пэўны час Маларыцкім райвыканкамам было прынята рашэнне аб адабранні зямельнага ўчастка. У цяперашні час мы стаім у чарзе на паляпшэнне ўмоў жылля. Са сваім пытаннем звярталіся ў Брэсцкі аблвыканкам, але зямельны ўчастак нам па-ранейшаму не аддадзены. Мой муж мае трэцюю групу інваліднасці па прычыне захворвання апорна-рухальнага апарата. Мы ўсёй сям’ёй жывём у інтэрнаце. Не так даўно даведаліся, што згодна з заканадаўствам муж ці жонка мае права на атрыманне зямельнага ўчастка. Наталля Іванаўна, звяртаемся да вас з вялікай просьбай адмяніць рашэнне Маларыцкага райвыканкама аб адабранні ў нас зямельнага ўчастка.
— Ваша пытанне мы абавязкова разгледзім. Дакладна абмеркаваўшы ўсе акалічнасці, падумаем, як дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Тым больш размова ідзе аб шматдзетнай сям’і, якой патрэбна жыллё.
З вельмі няпростым пытаннем звярнуліся да Наталлі Качанавай жыхаркі г. Магілёва — пажылая маці Святлана Зубрыцкая і дзве яе дачкі Вікторыя Булава і Алеся Кунакіна:
— У 1954 годзе мой бацька атрымаў кватэру, у якой шмат год пражываў са сваёй сям’ёй, — расказвае Святлана Васільеўна. — Тут нарадзіліся мы з братам. У 1982 годзе бацьку была выдзелена дзвюхпакаёвая кватэра палепшанай планіроўкі, але туды паехаў жыць наш брат з сям’ёй. Тата ж застаўся жыць разам з намі па ранейшым адрасе. Акрамя мяне зараз тут пражываюць дзве мае дачкі і чацвёра іх непаўналетніх дзяцей. Кватэра была пабудавана ў пяцідзясятых гадах, мае частковыя зручнасці. У 2012 годзе Магілёўскім гарвыканкамам было прынята рашэнне прызнаць наш дом інтэрнатам. Нам жа прапанавана пераехаць у іншы інтэрнат. Аднак у тых пакоях пражываць немагчыма. Іх выгляд наводзіць жах. Мы ўзялі з сабой некалькі фотаздымкаў, і вы самі можаце ў гэтым пераканацца. Са сваёй праблемай мы неаднаразова звярталіся ў суд, Магілёўскі райвыканкам, аблвыканкам. Нам прапанавалі яшчэ адзін варыянт — арэндную кватэру. Аднак памер аплаты такога жылля даволі вялікі, мае дочкі выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Праз пэўны час яны наогул могуць апынуцца на вуліцы. Наталля Іванаўна, калі ласка, дапамажыце нам у няпростай сітуацыі.
Каждому вопросу — детальное рассмотрение
— Пытанне, безумоўна, патрабуе тэрміновага рашэння. Абавязкова падключым усе адказныя службы, правядзём дэталёвы разгляд праблемы. Пастараемся вам дапамагчы.
Паколькі для нашых чытачоў больш актуальныя праблемы жыхароў Лепельскага раёна, засяродзім увагу менавіта на іх.
Жыхарка вёскі Заслонава Ніна Жарнасек падзялілася сваім набалелым:
— Мяне вельмі непакоіць пытанне самавольнага падключэння да лініі электраперадачы майго дома на хутары Млын. Гэта зрабіў жыхар Расіі, які ў свой час набыў дом непадалёк. Я звярталася са скаргай у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама з іскавой заявай у суд Лепельскага раёна. Мая іскавая заява аб абароне правоў уласнасці ад парушэнняў, не звязаных з пазбаўленнем уладанняў, была разгледжана. Суд вынес прыгавор на маю карысць. Аднак грамадзянін, які самавольна падключыўся да лініі электраперадач, ніякіх высноў не зрабіў.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь запэўніла, што для вырашэння пытання будуць падключаны адпаведныя службы, і ў бліжэйшы час праблема будзе вырашана.
Васіль Беразняцкі, які пражывае ў доме №21 па вул. Бярэзінская, звярнуўся да Наталлі Качанавай па пытанні водазабеспячэння.
— Водаправод адсутнічае на нашай вуліцы працяглы час, — адзначыў Васіль Паўлавіч. — З гэтай праблемай ад імя жыхароў я неаднаразова звяртаўся ў жыллёва-камунальную службу, але па-ранейшаму пытанне не вырашана. Наталля Іванаўна, калі ласка, акажыце нам садзеянне ў гэтай праблеме.
Для высвятлення сітуацыі Наталля Качанава звярнулася да галоўнага інжынера ўчастка па водазабеспячэнні і водаадвядзенні філіяла “Водаканал” УП “Віцебскаблводаканал” Паўла Ермаковіча, які адзначыў, што ў цяперашні час водаправод знаходзіцца ў стадыі праектавання, яго правядзенне запланавана на канец жніўня.
— У гэтым годзе жыхары вуліцы абавязкова павінны мець водазабеспячэнне, — адзначыла Наталля Качанава.
Наступнае пытанне датычылася атрымання льгот асобамі, якія ў свой час працавалі на ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
— З верасня па лістапад 1986 года я працаваў у зоне першачарговага адсялення — трыццаці кіламетрах ад месца аварыі, — расказвае Аляксандр Кулакоў. — Маю пасведчанне ліквідатара аварыі на ЧАЭС. Аднак чаму я не маю магчымасць атрымаць надбаўку да пенсіі?
Сітуацыю пракаменціравала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава:
— Надбаўка да пенсіі, згодна з заканадаўствам, прадугледжана менавіта тым асобам, якія працавалі ў зоне эвакуацыі (адчужэння) ў 1988, 1989 гадах. На жаль, Аляксандр Кулакоў да гэтай катэгорыі не адносіцца. Дарэчы, памер надбаўкі да пенсіі складае 25 працэнтаў ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, або 25 працэнтаў ад бюджэту пражытковага мінімуму.
Выслухаўшы спецыяліста, Наталля Качанава адзначыла:
— Паколькі ўзнікла такая праблема, неабходна перагледзець заканадаўства і ўнесці адпаведныя папраўкі.
Жыхар г. Лепеля Аляксандр Кушнір паведаміў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наступнае:
— Мой унук Яўген Іваноў праходзіў тэрміновую ваенную службу ў 103 мабільнай брыгадзе г. Віцебска, быў радавым тэрміновай службы дэсантных войскаў. Ваенная часць не забяспечыла належны медыцынскі агляд Яўгена. Ён захварэў і, вяртаючыся ў часць з водпуску, памёр у час кіравання транспартным сродкам. Я патрабую, каб ваенная часць панесла адказнасць за адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі салдатам тэрміновай службы.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дала даручэнне сваім памочнікам дэталёва разабрацца ва ўзніклай сітуацыі.
З вялікай праблемай звярнулася да Наталлі Качанавай і жыхарка г. Лепеля Святлана Міснік:
— Жахам для нашай сям’і стала тое, што ў мінулым годзе была забіта наша дачка. Гэта зрабіла яе сяброўка. Мая чатырохгадовая ўнучка засталася без маці. Сёлета ў маі быў абвешчаны прыгавор Віцебскага абласнога суда, згодна з якім злачынца прызнана непрытомнай. Зараз яна знаходзіцца на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы г. Мінска. Я звярнулася ў суд з заявай аб спагнанні з родных забойцы маральнага ўрону: на маю карысць — у памеры 30 тысяч рублёў; на карысць майго мужа, бацькі загінулай, — у такім жа памеры, а таксама маральнага ўрону ў такой жа суме на карысць маёй маленькай унучкі. Да таго ж я звярнулася з просьбай кампенсаваць нам матэрыяльны ўрон — расход на пахаванне ў памеры адной тысячы рублёў. Аднак суд мой іск не задаволіў. Зараз мой зварот знаходзіцца на паўторным разглядзе ў судзе Лепельскага раёна. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца ў нашай няпростай сітуацыі.
— Пытанне будзе ўзята на кантроль. Пастараемся зрабіць усё магчымае ў межах заканадаўства і аказаць вам належную дапамогу.
Жыхарка г. Лепеля Таісія Клімановіч падзялілася сваім набалелым:
— У лістападзе 2017 года мая дачка Ірэна Анціховіч, якая кіравала адной з устаноў банка ў г.Лепелі, была асуджана судом Чашніцкага раёна па арт. 436 ч. 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У цяперашні час наша касацыйная скарга знаходзіцца на разглядзе ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Калі ласка, акажыце садзеянне ў больш дасканалым вывучэнні крымінальнай справы. Лічу, што дачка адбывае пакаранне не заслужана.
Наталля Качанава паабяцала аказаць пасільную дапамогу ва ўзніклай сітуацыі.
Жыхарка г. Лепеля Наталля Багінская звярнулася да галавы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанні павышэння пенсіі грамадзянам, якія ў свой час працавалі ў Афганістане.
Як адзначыла начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава, у адпаведнасці з артыкулам 68 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, павышэнне пенсіі прадугледжана менавіта асобам з ліку вольнанаёмнага саставу, якія праходзілі службу або працавалі ў складзе дзеючай арміі. Пенсіі павышаюцца на 250 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Паколькі Наталля Багінская, якая была работніцай палявой пошты ў Афганістане, не адносіцца да ліку вольнанаёмных работнікаў, права на павышэнне пенсіі яна не мае.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паабяцала даць загад адказным спецыялістам дэталёва перагледзіць заканадаўства. Магчыма, у Закон “Аб пенсійным забеспячэнні” трэба ўнесці пэўныя папраўкі.

Святлана ВАЗНЯК.
Фота аўтара.

←Дороги Дубровенщины без пьяных аварий

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика