У гэтым годзе надвор’е сваімі капрызамі ўстройвае аграрыям няпростыя выпрабаванні: у пачатку лета прыціснула засуха, ліпень заліў дажджамі. Земляробы стараюцца вырваць кожную пагожую хвіліну, каб убраць вырашчаны ўраджай. У раёне завершана ўборка азімага рапса, працягваецца нарыхтоўка кармоў, церабленне лёну, рыхтуюцца плошчы пад азімую сяўбу. Але самае галоўнае — уборка збожжавых.
У гэтым годзе аграрыям Дубровеншчыны трэба ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 21033 га. Па стане на раніцу 31 ліпеня было ўбрана 10% ад запланаванага. Намалочана 6706 т збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць — 31,9 ц/га.
У суботу на Дубровеншчыне адбыліся зажынкі. На адным з палей ААТ “Якубава-Агра” быў дан старт масавай уборке збожжавых.
Па добрай традыцыі ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыва “Кудзеліца” зжалі сярпамі першыя снапы. Гэтыя снапы і караваі з ураджаю 2018 года ўручылі старшыні райвыканкама Алегу Лындзіну, яго першаму намесніку – начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандру Карнееву і старшыні гаспадаркі Уладзіміру Мінькову.
У сваім прывітальным слове Алег Лындзін павіншаваў прысутных з пачаткам уборачнай. Ён адзначыў, што гэта не толькі самы адказны момант у сельскагаспадарчай вытворчасці і самы працаёмкі працэс, але яшчэ і пачэсны этап.
—У гэты каравай укладзена многа фізічных сіл і матэрыяльных рэсурсаў, — падкрэсліў Алег Лындзін. — Ад таго, як мы пройдзем этап уборкі і сяўбы азімых, будзе залежыць дабрабыт кожнай гаспадаркі, нашага раёна і краіны. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сілы, цярпення, старання і майстэрства механізатараў, працоўных калектываў і іх кіраўнікоў, — пажадаў кіраўнік раёна.
Аляксандр Карнееў далучыўся да слоў віншавання і падкрэсліў, што Дубровенскі раён заўжды быў у ліку лідараў. Таму і ў гэтым годзе трэба прыкласці ўсе намаганні, каб паказаць добры вынік.
ААТ “Якубава-Агра” з’яўляецца адным з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Дубровеншчыны ў галіне раслінаводства. Напрыклад, у мінулым годе ўраджайнасць збожжавых на палетках прадпрыемства складала 54 ц/га. Таму невыпадкова раённыя засеўкі і зажынкі праводзяцца менавіта ў гэтай гаспадарцы.
—Прыемна, што ўрачыстасці, прысвечаныя пачатку жніва, адбываюцца менавіта ў нас. Сельгаспрадпрыемства гатова да масавага жніва. Ловім кожную пагожую хвіліну. Для нас справа гонару ўбраць ўсё да апошняга коласа, да апошняга зерня. Жадаю ўсім поспехаў. І беражыце сябе, бо каштоўней за чалвечае жыццё няма нічога, — падкрэсліў Уладзімір Мінькоў.
А потым уручыў падарункі камбайнёрам, вадзіцелям і трактарыстам, якія будуць задзейнічаны ва ўборачнай.
Прадстаўнікі праваслаўнай царквы па традыцыі благаславілі сельскіх працаўнікоў на добрую працу. А потым Сяргей Глушакоў, Віталь Карманаў, Аляксандр Войтаў, Эдуард Шусеў і Аляксандр Бацян селі за штурвалы сваіх камбайнаў.
У добры шлях, жніво-2018!
Святлана ШУРПАКОВА.