Ад серады ў Мінску будзе ўключана святочная ілюмінацыя
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 14 снежня паведаміў галоўны інжынер УП "Мінгарсвятло" Алег Глушанкоў.
Паводле яго слоў, распрацаваны графік уключэння святочнай ілюмінацыі. Так, на дзесяці вялікіх навагодніх ёлках у горадзе ілюмінацыя будзе ўключацца з 15 снежня па 13 студзеня. У поўнай меры ілюмінацыя будзе ўключацца 24, 25 снежня, 1, 2, 6 і 7 студзеня з 16.20 да 24.00.
Глушанкоў адзначыў, што сёлета ўпершыню святочна ўпрыгожана і асветлена пляцоўка каля комплексу "Мінск-арэна", таксама ўпершыню ўпрыгожаны дрэвы каля Палаца Рэспублікі, каля Белдзяржцырка, Нацыянальнай бібліятэкі. Спецыяліст падкрэсліў, што ілюмінацыяй упрыгожаны не толькі цэнтр горада, але і спальныя раёны, выезды са сталіцы. Сёлета для ўпрыгажэння горада ў асноўным выкарыстоўваліся святлодыёдныя прылады.
Паводле слоў мастака-канструктара аддзела дызайну прадпрыемства "Мінск-рэклама" Ганны Лапшыной, сёлета галоўную ёлку краіны на Кастрычніцкай плошчы ўпрыгожылі новыя эксклюзіўныя аб"ёмныя цацкі памерам 0,8—1,2 метра. Іх выраблена каля 250. Усяго на ёлкі горада павешана 400 новых аб"ёмных ёлачных упрыгажэнняў.
Начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Андрончык паведаміў, што работы па святочным упрыгажэнні горада ў цэлым былі завершаны да 1 снежня. У іх бралі ўдзел не толькі гарадскія службы, але і суб"екты гаспадарання. Андрончык заклікаў жыхароў горада ўстанавіць святочную ілюмінацыю на вокнах кватэр і балконах.
БелаПАН