Брудная вада ў Маскоўскім раёне Мінска
Паводле словаў спадара Асаулава, у яго доме ўжо чацвёрты дзень запар цячэ брудная вада карычневага колеру. Як халодная, так і гарачая. На ўсе звароты ў ЖЭСе толькі паказваюць тэлефанаграму з Мінскводаканала. І абяцаюць, што ў бліжэйшы час вада будзе мець нармальны колер.
«Я не хачу гэта цярпець. Мы ўсе некаторы час таму самастойна памянялі вадаправодныя трубы ў будынку. Мы плацім за пітную ваду, а не за тэхнічную», — распавёў «НН» Уладзімір Асаулаў.
У 99-м ЖЭСе, які абслугоўвае раён вуліцы Любімава, карэспандэнту «НН» таксама зачыталі тэлефанаграму і параілі звяртацца ў вадаканал. Там удакладнілі што колер вады ў Маскоўскім раёне Мінска насамрэч можа адрознівацца ад звычайнага. Патлумачылі гэта прычынамі біялагічнага характару і запэўнілі, што ніякай шкоды здароўю такая вада не можа нанесці. Паабяцалі таксама, што ў бліжэйшыя дні вада ізноў стане бясколернай.
АП