У Мінску вайна з баршчавіком

Источник материала:  
30.06.2010 10:37 —
Менгарвыканкам абвясьціў надзвычайныя захады дзеля змаганьня з травою — баршчавіком. Кіраўніцтва гораду загадала падначаленым службам вынішчыць гэтую небясьпечную расьліну цягам двух гадоў. Адмыслоўцы заяўляюць, што сёньня вайна з баршчавіком вядзецца непрадумана і малаэфэктыўна.

У Мінску вайна з баршчавіком

Баршчавік — экзатычная паўднёвая расьліна. Завезьлі яе на тэрыторыю Беларусі ў 50‑я гады на патрэбы сельскай гаспадаркі. Яна вырастае да трох мэтраў у вышыню, лісты — адпаведнага памеру. Як сыравіна для сіласу баршчавік выявіўся непрыдатным, а на дадатак — небясьпечным для беларускага асяродзьдзя, кажа загадчык лябараторыі Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі НАН Беларусі Мікалай Ламан:

«Па‑першае, ён прыцясьняе нашы абарыгенныя віды расьлін: у яго агромістая паверхня — як парасонам накрывае ўсіх, а бяз сонца ўсім кепска. Канечне, ён вельмі канкурэнтаздольны: колькасьць насеньня дазваляе асвойваць вельмі вялікія тэрыторыі, таксама лёгка атрымаць апёкі. У нас шмат такіх расьлін і жывёл, да прыкладу, каларадзкі жук. Ён нас ужо гадоў шэсьцьдзесят мучае і мы ўсе зь ім ваюем, ваюем, а вынік — так сабе. Гэтаксама і баршчавік».

У выніку надзвычайнай жыцьцяздольнасьці баршчавіка

толькі за апошні год плянтацыі гэтай расьліны ў Менску павялічыліся амаль удвая: са 129 да 227 гектараў.

З гэтай прычыны праблема выйшла на ўзровень кіраўніцтва гораду — адмысловыя нарады адбыліся ў Менгарвыканкаме і ў адміністрацыях раёнаў. Кіраўніцтва зацікаўленых устаноў заяўляе, што сёлета вынішчэньне баршчавіка ў сталіцы завяршаецца, а цягам двух гадоў расьліну вынішчаць цалкам. Аднак на практыцы гэта выглядае інакш, кажа кіраўніца ўправы добраўпарадкаваньня Менскзеленбуду Анжаліка Пузанкова:

«Адзіны сродак барацьбы зараз — гэта касьба і больш нічога.

Ядахімікаты не распрацаваныя, не зацьверджаныя, няма навуковага суправаджэньня. Таму трэба выходзіць на дзяржаўны ўзровень, каб вырашыць гэтую праблему, бо гэта небясьпечная расьліна, ядавітая. Гэта таксама адымае ў нас час, бо мы вымушаныя займацца не аб’ектамі, не даглядаць горад, а касіць баршчавік, бо ён за суткі вырастае да сямі сантымэтраў. Насеньне да дзесяці год здольнае аднаўляцца, яго можна дзесяць гадоў касіць — і ўсё роўна будзе расьці».

Змаганьне ўладаў гораду з баршчавіком адмыслоўца грамадзкай экалягічнай арганізацыі «Экадом» Лана Семянас. называе добрым намерам і дрэнным выкананьнем:

«Гэтыя захады могуць дапамагчы, але рэч такая, што касіць расьліну можна да таго часу, пакуль яна не пачала квітнець. А я бачыла, што яна ўжо квітнее. І атрымоўваецца, што спачатку яны яе вырасьцілі, далі расквітнець і рассыпаць насеньне, а зараз змагаюцца. Я думаю, што гэта добрая справа, трэба змагацца з баршчавіком, але робяць гэта няўдала, як і ўсё».

***

Баршчавік — гіганцкая расьліна, якая дасягае ў вышыню 2,2‑3,1 мэтра. Яна мае буйныя лісты, дыямэтар суквецьця дасягае 75 сантымэтраў. Баршчавік уяўляе сур’ёзную небясьпеку і для прыродных комплексаў, і для здароўя людзей. Расьліна выдзяляе празрысты фотатаксычны сок, які, трапіўшы на чалавечую скуру, пад узьдзеяньнем ультрафіялетавага выпраменьваньня выклікае апёкі і пухіры.

Пухіры ператвараюцца ў гнайнікі, а потым утвараюцца раны, якія доўга ня гояцца.

Расьце баршчавік хутка, кучна, выцясьняючы абарыгенныя расьліны. Насеньня на адной расьліне можа быць ад 20 да 100 тысяч, яно можа праляжаць у зямлі 3‑4 гады, а пасьля ўзысьці. Квітнее баршчавік рана. Ён прыстасаваны да самаапыленьня, таму насеньне, цалкам высьпеўшы, разносіцца вадой і ветрам.

←29 чэрвеня — простая тэлефонная лінія са старшынём Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика