Курманбек Бакіеў разьлічвае на АДКБ
Курманбек Бакіеў заклікае сілы АДКБ тэрмінова ўмяшацца, каб спыніць канфлікт у Кыргызстане.
Ён заявіў 14 чэрвеня падчас прэсавай канфэрэнцыі: "Члены Часовага ўраду зноў усё вешаюць на мяне, маіх блізкіх і г.д. Сёння яны не кантралююць сытуацыю".
Курманбек Бакіеў паведаміў, што наконт сытуацыі ў краіне меў некалькі тэлефонных размоваў з некаторымі парлямэнтарыямі і пры гэтым дадаў, што яны ўсе "ва ўцёках".
"Размова ідзе пра сур'ёзную бясьпеку грамадзянаў. Я яшчэ тады казаў, што трэба ўвесьці сілы АДКБ. Як у такой сытуацыі можна забясьпечыць бясьпеку грамадзянаў? Толькі знешнімі сіламі. Часовы ўрад ня здольны гэтага зрабіць. Я чуў, што аксакалы ствараюць дружыны, але гэта ня вырашае праблему".
Увогуле АДКБ і яе рэакцыя на сытуацыю ў Кыргызстане была асноўнай тэмай выступу былога кіраўніка краіны. "Хачу звярнуцца да кіраўнікоў краінаў АДКБ больш апэратыўна вырашаць сытуацыю ў Кыргызстане".
Курманбек Бакіеў заявіў, што дэ-юрэ зьяўляецца прэзыдэнтам краіны. "Юрыдычна, каб я склаў свае паўнамоцтвы, трэба рашэньне парлямэнту. Я не трымаюся за ўладу, але Часовы ўрад разагнаў парлямэнт".
Ён паведаміў, што хоча застацца ў Беларусі і разглядае пэрспэктыву працы ў сфэры вытворчасьці, але пакуль ня вырашыў у якой галіне. "Напэўна, параюся з Аляксандрам Рыгоравічам, абмяняемся думкамі".