Новае СІЗА павінна быць пабудаванае на ўскраіне Мінска цягам пяці гадоў
У цяперашні час СІЗА № 1 размешчаны ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Валадарскага. На яго тэрыторыі знаходзіцца Пішчалаўскі замак пабудовы 1825 года.
Паводле ўказа, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў два этапы паралельна з распрацоўкай, экспертызай і зацвярджэннем неабходнай праектнай дакументацыі. У 2010—2011 гадах намечана пабудаваць рэспубліканскую агульнасаматычную бальніцу, а таксама стварыць інжынерную і транспартную інфраструктуру да яе. У 2012—2015 гадах — будынкі і збудаванні следчага ізалятара і неабходную інфраструктуру.
Заказчыкам праектавання і будаўніцтва комплексу вызначана МУС, генеральнай падраднай арганізацыяй — ААТ «Мінскпрамбуд», генеральнай праектнай арганізацыяй па распрацоўцы праектнай дакументацыі на будаўніцтва будынкаў і збудаванняў следчага ізалятара, а таксама інжынернай і транспартнай інфраструктуры да яго — інстытут «Белдзяржпраект».
Указам прэзідэнта Міністэрства ўнутраных спраў вызваляецца ад вяртання страт сельскагаспадарчай вытворчасці, выкліканых забраннем сельскагаспадарчых земляў для выкарыстання іх з мэтай будаўніцтва комплексу, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, неабходнай для яго забеспячэння.Зараз Пішчалаўскі замак знаходзіцца ў аварыйным стане. Ён закансерваваны. На гэтыя працы было выдаткавана 440 млн. рублёў. У сувязі з вывядзеннем будынку з эксплуатацыі ў СІЗА № 8 у Жодзіне (Мінская вобласць) пераведзена амаль 900 чалавек. У мінскім следчым ізалятары ў цяперашні час утрымліваецца амаль 1.350 падследных і асуджаных.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН