Кожнаму шостаму жыхару Мінска менш за 17 гадоў
Такія звесткі публікуе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня.
За студзень—красавік 2010 года ў горадзе нарадзілася 6.746 дзяцей — на 2,3% менш, чым за такі ж леташні перыяд.
У мінулым годзе большасць дзяцей — 86,8% — нарадзілася ў зарэгістраваных шлюбах.Колькасць дзяцей, народжаных па‑за шлюбам, на працягу апошняга дзесяцігоддзя зніжаецца, адзначаюць ва ўпраўленні. Так, калі ў 2000 годзе іх удзельная вага ў агульнай колькасці народжаных складала 16,6%, то ў 2008 —13,6%, а ў 2009 годзе — 13,2%.
На працягу 2009 года ў дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў было зарэгістравана 788,7 тыс. выпадкаў захворванняў (на 7,6% больш, чым у 2008‑м). Часцей за ўсё яны мелі хваробы органаў дыхання (72,4% ад агульнай колькасці захворванняў).
На пачатак 2010 года ў Мінску налічвалася 436 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведвалі 76,6 тысячы дзяцей.
Устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, на пачатак 2009/2010 навучальнага года было 259, у іх вучыліся 163,6 тыс. дзяцей. У горадзе функцыянуе 11 пачатковых школ, 2 — базавыя, 187 — сярэдніх, 40 гімназій, 5 ліцэяў, 4 школы‑каледжы, 7 спецыяльных школ і 3 вячэрнія.
У горадзе таксама налічваецца 31 пазашкольная ўстанова, дзе працуюць 7.475 тэматычных кружкоў і секцый. Летась іх наведвала 98,8 тыс. дзяцей і падлеткаў.
БелаПАН