Чатыры мікрараёны на 20 тыс. чалавек пабудуюць у Мінску на месцы вёскі Сухарава
Маштабная будоўля разгорнецца на тэрыторыі ў межах вул.Шаранговіча — Гарэцкага — Рафіева. Першыя дамы пачнуць узводзіць ужо ў чэрвені бягучага года. Тэрыторыя будзе асвойвацца паступова. Для навасёлаў створаць усе ўмовы для камфартабельнага пражывання: школы, дзіцячыя сады, магазіны, аб’екты бытавога абслугоўвання, аўтастаянкі. Чакаецца, што паўнацэнным гарадскім жыццём новы мікрараён зажыве праз пяць гадоў.
Адзначым, што ў Мінску цяпер пачалося асваенне і іншых тэрыторый — жылых раёнаў Лебядзіны і Паўночны. У прыватнасці, забудова Лебядзінага стартуе ў чэрвені. У гэтым маляўнічым куточку сталіцы праз 4‑5 гадоў змогуць пасяліцца амаль 25 тыс. чалавек. Нацыянальны каларыт у архітэктуру ўнясуць кітайскія кампаніі, якія разам з беларускімі калегамі будуць удзельнічаць у забудове раёна. Больш як 40 тыс. чалавек зможа ўмясціць жылы раён Паўночны, размешчаны паміж пасёлкамі Навінкі і Зацань. Ужо ў 2011 годзе на месцы пусткі з’явяцца першыя дамы мікрараёнаў Паўночны‑1 і Паўночны‑2.
Між тым у адпаведнасці з адкарэкціраваным генеральным планам Мінска да 2030 года тэрыторыя сталіцы да гэтага тэрміну павялічыцца на 200 кв.км — да 550 кв.км. Далей горад, паводле задумы архітэктараў, тэрытарыяльна развівацца не будзе. На думку распрацоўшчыкаў дакумента, колькасць насельніцтва Мінска да 2030 года не павінна перасягнуць 2 млн. чалавек, а штогадовыя аб’ёмы будаўніцтва жылля скласці не больш як 1,2 млн.кв.м.
БЕЛТА