Чыноўнікі ўзяліся за інтэрнэт
Ужо летам беларускі сэгмэнт інтэрнэту можа напаткаць сапраўдны хаос. Гэта засьведчыла сустрэча інтэрнэт-правайдэраў і чыноўнікаў, адказных за «ўпарадкаваньне» беларускага сэктару «глябальнага павуціньня». Абмеркаваньне нарматыўных дакумэнтаў праходзіла на падвышаных тонах і дэманстравала палярнасьць падыходаў да праблемы.
Нагадаем, што ад 1 ліпеня, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60 і ўрадавай пастановай № 644, будзе дадзены старт кампаніі, накіраванай на «ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт».Хоць новыя правілы пачнуць дзейнічаць ужо празь месяц, поўнай яснасьці наконт мэханізму іх рэалізацыі няма дагэтуль. Прынамсі, для правайдэраў белых плямаў у афіцыйных пастановах нашмат больш, чым разуменьня эфэкту, на які разьлічваюць у дзяржаўных структурах.
Тлумачэньні адказных чыноўнікаў грунтуюцца перадусім на абавязковай рэгістрацыі рэсурсаў і пераводзе іх на «нацыянальныя рэйкі». Прыкладам, калі сайт юрыдычнай асобы знаходзіцца ў дамэннай зоне .by, але пры гэтым мае замежны хостынг, ён павінен перайсьці на паслугі беларускага хостынг-правайдэра. Паводле начальніка сэктару інфармацыйных тэхналёгій Мінсувязі Сяргея Руднева, рэгістрацыі будзе падлягаць практычна кожны фрагмэнт нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту:
«Што тычыцца рэгістрацыі сайтаў на дамэны ніжэйшага ўзроўню, то, у адпаведнасьці з указам і падзаконнымі актамі, рэгістрацыі падлягае інфармацыйны рэсурс як самастойная адзінка. Возьмем, да прыкладу, інтэрнэт-пляцоўку shop.by. Разьмяшчэньне там крамаў асобнага суб’екта гаспадараньня — юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка — будзе лічыцца як асобны інфармацыйны рэсурс і падлягае асобнай рэгістрацыі пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў».
Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў, уключна з хостынгавымі кампаніямі і інтэрнэт-правайдэрамі, абавязаныя зарэгістраваць усе сайты ў Дзяржаўным рэестры. Прычым за гэта яшчэ і заплаціць — 0,4 базавай велічыні плюс ПДВ. Агулам — 16 тысяч 800 рублёў. Правайдэры ўжо падлічылі, што такім чынам міністэрскае падразьдзяленьне нагляду за электрасувязьзю — БелГІЭ — заробіць некалькі сотняў тысяч даляраў. Спроба аднаго з прысутных высьветліць, куды пойдуць гэтыя грошы, наткнулася на «сьцяну»:
Правайдэр: «Чым апраўданы ваш кошт? Ёсьць нейкія эканамічныя абгрунтаваньні? Вельмі было б цікава…»
Прадстаўнік БелГІЭ: «У цяперашні момант гэта адміністратыўная працэдура, якая афармляецца адмысловым пералікам. Там будзе ўсё адлюстравана…»
Правайдэр: «А якія вашы выдаткі на ўвесь працэс?»
Прадстаўнік БелГІЭ: «Ну, гэта ўжо камэрцыйны бок справы…»
Правайдэр: «Калі беларускія сайты будуць зарэгістраваныя, вы атрымаеце парадку 200-300 тысяч даляраў. Гэта паправіць вашы выдаткі?»
Прадстаўнік БелГІЭ: «Гэта камэрцыйная таямніца, мы ня можам тут трымаць перад вамі справаздачу…»
Правайдэр: «Вы ж дзяржаўны орган, якая можа быць камэрцыйная таямніца?..»
Нашмат лепш арыентуюцца чыноўнікі ў карных захадах. Начальнік упраўленьня электрасувязі Вольга Федарэева распавяла, што і каму пагражае за невыкананьне закону ў адпаведнасьці з указам № 60:
«Парушэньні патрабаваньняў згаданага ўказу прызнаюцца грубымі парушэньнямі заканадаўства і цягнуць за сабой адказнасьць. Вызначаны парадак узьдзеяньня. Пры выяўленьні адпаведнымі органамі парушэньняў выдаюцца прадпісаньні аб іх выпраўленьні. Пры ігнараваньні прадпісаньня аказаньне інтэрнэт-паслугі юрыдычнай асобе ці індывідуальнаму прадпрымальніку можа быць прыпыненае пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў. Ва ўказе прыведзены вычарпальны пералік такіх органаў: органы, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, органы пракуратуры папярэдняга расьсьледаваньня, падразьдзяленьні Дзяржкантролю, падатковыя органы ў межах сваёй кампэтэнцыі».
Больш «празрыстымі» стануць і паштовыя скрыні. Галоўны спэцыяліст упраўленьня электрасувязі міністэрства Павел Петрулевіч патлумачыў правайдэрам, што на дзяржаўны ўлік павінна быць узятая кожная электронная паштовая скрынка: