Наваградак: судзяць пастара царквы "Новае пакаленьне"

Са слоў Уладзімера Качагура, скаргу на яго ў міліцыю напісала суседка. Маўляў, з кватэры пастара пасьля 24.00 чуваць гучная рэлігійная музыка, сьпевы, па начох там нібыта праводзяцца служэньні і ў кватэру ходзяць людзі.
У сераду да Уладзімера Качагура ўчастковы міліцыянт прынёс позву а 6-й раніцы. Суд пачаўся быў у той самы дзень, але яго перанесьлі на сёньня.
Учора ўвечары ў кватэры пастара адбыўся ператрус. Міліцыянты шукалі, зь яго слоў, зялёную фарбу і сказалі яму, што нехта такой фарбай абліў аўтамабіль. Якое гэта мае дачыненьне да пастара, міліцыянты не патлумачылі.
Уладзімер Качагур — сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён лічыць, што насамрэч дзеяньні міліцыянтаў зьвязаныя менавіта з гэтым. Пастар Качагур жыве з жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі.