Каму трэба асвяжаць памяць?

Источник материала:  
15.04.2010 —

Пазаўчора ў разгар працоўнага дня ля офіса “Народнай Волі” сабралася з дзесятак актывістаў Мінскай гарадской арганізацыі так званага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Па сутнасці, гэтую акцыю можна назваць пікетам. Паколькі дазволу на правядзенне яго ўлады не давалі, то ўдзельнікаў мерапрыемства магла разагнаць міліцыя ў адзін момант...

Але ж на гэты раз не апазіцыя ладзіла пікет! Ніхто і не думаў разганяць маладзёнаў. Хвілін трыццаць яны пазіравалі перад тэлекамерамі Першага канала і СТБ.

Журналісты “Народнай Волі” ўдзячны Алене Хадыка, першаму сакратару Мінскай арганізацыі БРСМ, якая разам са сваімі сябрамі зайшла ў прыёмную галоўнага рэдактара (у гэты час ён вырашаў службовыя пытанні па-за межамі рэдакцыі) і пакінула ў падарунак цэлы камплект кніг гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”. Вось толькі з прыпіскай “Освежите свою память”, наклеенай на вокладцы кожнай кнігі, атрымаўся казус. Праблема з памяццю не ў журналістаў “Народнай Волі”, а ў тых жа бээрэсэмаўцаў. Замест таго каб сказаць, што ў мемуарах Іллі Копыла “Нябышына. Вайна”, на іх меркаванне, ёсць факты, якія не адпавядаюць сапраўднасці (калі на самай справе такое ёсць), яны, як і заідэалагізаваныя тэлевізіёншчыкі, “настойліва парэкамендавалі вывучаць гісторыю з праўдзівых крыніц”.

Трэба думаць, што такой праўдзівай крыніцай і ёсць падараваная рэдакцыі кніга “Памяць” (Мінск, БЕЛТА, 2005 г.). Нам, журналістам “Народнай Волі”, гэтую гістарычна-дакументальную хроніку падарылі, але самі, напэўна, і не разгортвалі. Чытаем:

Верхаводзька Вера Фёдараўна, пайшла ў 1943 у партызанскую брыгаду “Штурмавая”, дзе незаконна расстраляная паводле загаду камандавання (стар. 321);

Вішнеўскі Сяргей Казіміравіч, н. у 1903, пайшоў у снежні 1942 у партызанскую брыгаду “Штурмавая”, дзе незаконна расстраляны ў студзені 1943 паводле загаду камандавання (стар. 321);

Загорская Марыя Цярэнцьеўна, н. у 1912, пайшла ў снежні 1942 ў партызанскую брыгаду “Штурмавая”, незаконна расстраляна ў студзені 1943 паводле загаду камандавання брыгады (стар. 323);

Загорскі Аляксандр Дзям’янавіч, н. у 1915, пайшоў у снежні 1942 у партызанскую брыгаду “Штурмавая”, незаконна расстраляны ў сакавіку 1943 паводле загаду камандавання брыгады (стар. 323);

Кухта Вольга Іванаўна, н. у 1919, незаконна расстраляна ў студзені 1943 паводле загаду камандавання партызанскай брыгады “Штурмавая” (стар. 325);

Лісецкая Марыя Мікалаеўна, н. у 1923, незаконна расстраляна ў студзені 1943 паводле загаду камандавання партызанскай брыгады “Штурмавая” (стар. 326).

А вось архіўны дакумент ваеннага часу — данясенне на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі: “Довожу до вашего сведения об исключительном безобразии отряда Боготырева. Начиная с июня отряды не вели никаких боевых действий. Занимаются мородерством и пьянством. Основали 5 винокуренных аппаратов. Устраивают именины и дни рождения, сопровождаемые недельными попойками...”

Стоп! Не гэтыя факты, у рэшце рэшт, вырашалі лёс Айчыны. Дарэчы, не пра гэта і мемуары І.Копыла. Ён расказаў толькі тое, што перажылі падчас вайны яго сям’я, яго родныя, аднавяскоўцы. І хто меў права забараніць яму пра гэта сказаць?

Асвяжаць памяць можа той, у каго яна ёсць. А калі яе наогул няма?..

Рэдакцыя газеты “Народная Воля”

P.S. 14 мільярдаў 783 мільёны рублёў — столькі запланавана выдзеліць у 2010 годзе з бюджэту краіны Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі. Ці не за гэтыя народныя грошы былі куплены Аленай Хадыка кнігі “Памяць”? І чаму ў той час, калі ўсе людзі працуюць, бээрэсэмаўская моладзь шастае па горадзе?

←Магілёў: БНФ застаўся безь сядзібы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика