У Літве падпісваюць пэтыцыю супраць Астравецкай АЭС

Источник материала:  
01.04.2010 —
Электронны зварот да ўраду Літвы з патрабаваньнем выступіць супраць плянаў пабудовы АЭС за некалькі дзесяткаў кілямэтраў ад Вільні падпісалі больш за 22 тысячы жыхароў краіны.Збор подпісаў у інтэрнэце пад пэтыцыяй супраць плянаванай Астравецкай АЭС стаў вынікам моладзевай ініцыятывы. 

Ініцыятар грамадзкай акцыі Мантас Юшка гаворыць:
«Я ― звычайны студэнт, ніякай ні арганізацыі, ні партыі не прадстаўляю. Калі пабачыў, што такое робіцца ― з двух бакоў мяжы ад Літвы плянуюцца атамныя электрастанцыі, Астравецкая і Калінінградская, пагаварыў з аднадумцамі, сябрамі, аднагодкамі, -- мы вырашылі, трэба нешта рабіць, прыцягнуць увагу уладаў да меркаваньня грамадства адносна АЭС, да інтарэсаў грамадства, нельга гэта пакідаць проста так.

Усе кажуць, што ніхто нічога не робіць, ну дык трэба пачаць з сябе. А тут падзея не шэраговая ― за якіх 20 км ад літоўскай мяжы дзьве АЭС, не проста нейкія пабудовы, а маштабныя аб'екты. А людзі пра гэта фактычна нічога не ведаюць, вельмі мала інфармацыі ў Літве, -- гэта таксама было адной з прычынаў, што я за гэтую электронную пэтыцыю ўзяўся. У выніку стала больш інфармацыі, СМІ пачалі цікавіцца».

Лісты да літоўскіх кіраўнікоў

Студэнт з Клайпеды Мантас Юшка вывучае спэцыяльнасьць інжэнэра аховы асяродзьдзя. Ён кажа, што, хаця часу для збору подпісаў было зусім мала, яго самога ўразіла высокая актыўнасьць-- былі дні, калі падпісваліся некалькі тысяч чалавек.

Юшка: «Ці будзе гэта мець уплыў, я не магу сказаць, але спадзяюся, што паўплывае на пазыцыю нашых уладаў адносна АЭС па суседству з Літвой. Я на мінулым тыдні ужо адаслаў лісты са сваім подпісам прэзыдэнту, прэм'ер-міністру і міністру аховы асяродзьдзя Літвы, а таксама кіраўніку парлямэнцкага камітэта па ахове асяродзьдзя. Мэта лістоў -- прыцягнуць увагу да гэтай пэтыцыі, да таго, што людзі актыўна рэагуюць, іх гэта непакоіць, што гэта усё не проста так, -- каб улады зьвярнулі увагу».

Што можа Літва

Абаронцы прыроды разумеюць, што Літва ня можа забараніць Беларусі будаваць на сваёй уласнай тэрыторыі АЭС, але заклікаюць свой урад дамаўляцца пра кампраміс з суседняй дзяржавай такім чынам, каб захаваць прыроду і для беларусаў, і для літоўцаў.

«З кожнай сытуацыі можна знайсьці творчае выйсьце», -- лічыць Саўлюс Пікшрыс, лідэр грамадскай арганізацыі «Atgaja»:

«Патрэбнае толькі жаданьне, а не фармальны падыход, -- маўляў, паводле канвэнцыі Эспоо мы нічога не можам зрабіць. Трэба падыходзіць творча і выкарыстоўваць ня толькі інструмэнт канвэнцыі, а прыцягнуць іншыя міжнародныя інстытуцыі, якія могуць паўплываць на Беларусь. Гэта можа быць і Эўразьвяз, -- між іншым некаторыя нашыя эўрапарлямэнтары, Юстас Палецкіс, Радвіле Маркунайце ужо пачылі рабіць запыты. Могуць паўплываць і іншыя міжнародныя інстытуцыі, у тым ліку і сакратарыят канвэнцыі Эспоо, паколькі Беларусь, плянуючы гэты аб'ект, рабіла розныя парушэньні, у тым ліку і парушала правы чалавека».

Слуханьні, на якіх ня ўсіх слухалі

Літоўскі грамадскі актывіст назваў такім прыкладам парушэньня правоў чалавека слуханьні справаздачы аб ацэнцы ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе, якія праводзіліся ў Астраўцы летась. Там актывісты, у тым ліку і замежныя грамадзяне, арыштоўваліся толькі за распаўсюд інфармацыйных матэр'ялаў.

«Там усё кантралявалася АМАПам. Былі прывезеныя, як у савецкія часы, калектывы рабочых, якія гаврылі аб тым, як ім патрэбная АЭС, а іншым не далі выступіць. Не дазволілі выступіць і мне, хаця я прыехаў з Літвы і загадзя зарэгістраваўся. Падобная сытуацыя была на грамадскіх слуханьнях (справаздачы Мінэнэрга Беларусі аб ацэнцы ўплыву на асяродзьдзе плянаванай Астравецкай АЭС) у Літве, арганізаваных дзеля «галачкі», -- хаця там фактычна ўсе прысутныя былі супраць, у Беларусі абвясьцілі, што Літва падтрымлівае гэтую АЭС.

Улічваючы усе факты, міжнародныя інстытуцыі, якія павінны за гэтым сачыць, могуць паўплываць на Беларусь. Таму мы заклікаем наш урад выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі і працягваць ціск на Беларусь у пытаньні пабудовы небясьпечнай АЭС з экспэрыментальным рэактарам, якая пагражае экалёгіі ўсяго рэгіёна. Я не ведаю, ці атрымаецца дамагчыся, каб месца пабудовы АЭС было перанесенае далей ад мяжы з Літвой, але веру, што гэта магчыма, калі актыўна і творча працаваць».

31 сакавіка завяршыўся тэрмін, цягам якога ў Літве зьбіраліся пытаньні, заўвагі і прапановы да Беларусі адносна плянаванай Астравецкай АЭС і магчымага уплыву на асяродзьдзе яе будаўніцтва, эксплуатацыі, а таксама у выпадку аварыі. Грамадскія слуханьні адносна ўплыву на асяродзьдзе плянаванай беларускай АЭС, якія прайшлі у Вільні на пачатку сакавіка, аўдыторыя ацэніла нэгатыўна.

Такія слуханьні праводзяцца ва ўсіх зацікаўленых краінах паводле канвэнцыі аб ацэнцы уплыву АЭС на асяродзьдзе у транспамежным кантэксьце -- канвэнцыі Эспоо, якую Беларусь таксама падпісала.

Удзельнікі, у іх ліку і парлямэнтары, і прадстаўнікі мясцовых ворганаў улады, прагаласавалі за зварот у Эўрапарлямэнт з нэгатыўнай ацэнкай слуханьняў, які быў накіраваны у Брусэль у першы тыдзень сакавіка.
←У Беларусі адбудзецца абмен 100-рублёвых і 100-тысячных купюр

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика