Суд у Берасьці пакараў за «пікет сьнегавікоў» мінімальным штрафам
У судзе Берасьцейскага раёну 30 студзеня прайшоў суд над Юліей Нічыпарук, якую абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні акумулятарнага заводу за тое, што павесіла ўлёткі на сьнегавікоў, якіх зьляпілі яе дзеці. Судзьдзя прызнаў Нічыпарук вінаватай у правядзеньні масавага мерапрыемства і прысудзіў 25,5 рублёў штрафу.
10.30 Судзьдзя — Сяргей Маручак. У суд прапанавалі даставіць сьнегавіка ў якасьці рэчавага доказу.
Юлія Нічыпарук у судзе распавяла, што ніякага пікету, масавай акцыі не рабіла, яна проста ўпрыгожыла сьнегавіка на просьбу дзяцей.
Юлія Нічыпарук
Апыталі сьведку — блогера Аляксандра Кабанава. Ён сказаў, што роўна год таму, калі людзі сабраліся па пытаньнях заводу і былі прадстаўнікі «АйПаўэр» ды чыноўнікі, то гэта не зьяўлялася пікетам. Таксама, Аляксандар Кабанаў прапанаваў, каб у суд даставілі ў якасьці рэчавага доказу сьнегавіка, з-за якога судзяць Юлію Нічыпарук.
Юлія Нічыпарук на судзе (сядзіць у першым шэрагу ў цэнтры)
11.20. Суд вывучае, як ляпілі сьнегавікоў
Праглядаюць відэа з камэраў відэаназіраньня заводу. Агучылі, што там бачна, як жанчына лепіць налепкі на сьнегавіка. У міліцэйскім рапарце напісана, што асобу Юліі Нічыпарук устанавілі па запісе на камэрах відэаназіраньня. Пра тое, што 5 студзеня каля заводу сабраліся людзі, паведаміў у міліцыю ахоўнік акумулятарнага заводу. У справе таксама ёсьць пратакол апытаньня старшыні сельсавету, які распавёў, што людзі паводзілі сябе спакойна, ляпілі сьнегавікоў.
11.55 Судзьдзя прызнаў Юлію Нічыпарук вінаватай у правядзеньні масавага мерапрыемства і прысудзіў ёй 25,5 рублёў штрафу (1 базавую велічыню).
5 студзеня некалькі дзясяткаў берасьцейцаў сабраліся каля акумулятарнага заводу ў памяць аб першым сходзе на гэтым месцы год таму, калі завод толькі пачынаў будавацца.
Сярод прысутных была і Юлія Нічыпарук, дзеці якой зьляпілі сьнегавіка, за «ўпрыгожваньне» якога жанчына атрымала пратакол.
Дзеці зрабілі сьнегавіка і папрасілі ўпрыгожыць
«Дзеці зьляпілі сьнегавіка і папрасілі ўпрыгожыць. І што было пад рукой у машыне — тым і ўпрыгожыла. На сьнегавіку і канструктар дзіцячы быў, і ўлётка знайшлася ў машыне», расказала Юлія.
23 студзеня на Юлію Нічыпарук міліцыянты склалі пратакол паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП («парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавай акцыі»).
У пратаколе міліцыянты напісалі, што Юлія Нічыпарук 5 студзеня, знаходзячыся каля акумулятарнага заводу «без адпаведнага дазволу Берасьцейскага райвыканкаму з мэтай выказваньня групай грамадзянаў грамадзка-палітычных інтарэсаў і публічнага пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, зьмясьціла ў прысутнасьці ня менш як 25 чалавек на сярэднюю частку сьнегавіка ўлётку з надпісам „Прэч атруту! „Не“ заводу! Гаспадарыць тут народу!“, а таксама на ўнутраную частку сьнегавіка 4 стыкеры з надпісамі „„Не“ заводу АКБ у Берасьці, сьвінец@жыцьця.няма“, гэта значыць, ажыцьцявіла пікетаваньне».
«Лічу гэта абсурдам, у нас забралі права голасу»
Юлія Нічыпарук сказала Свабодзе, што не чакала, што празь сьнегавіка на яе могуць скласьці пратакол.
«Палітычнага пратэсту я ніякага не выказвала. Можна сказаць, што ўлётка паказвае нашае стаўленьне да заводу, але нікому нічога навязваць ці ўголас агучваць я не зьбіралася. Я лічу гэта абсурдам, нашыя правы ў нас адабраныя. Гэта няправільна, мы павінны мець права выказваць нашу пазыцыю», — кажа спадарыня.
Юлія Нічыпарук кажа, што да зьяўленьня акумулятарнага заводу ўвогуле ніколі ні ў якіх акцыях не ўдзельнічала, жыла звычайным жыцьцём. Яе сям’я збудавала дом, за 2 кілямэтры ад якога і пачалі будаваць завод.
«Жыцьцё перакулілася з ног на галаву. Мы імкнуліся будаваць наш дом у даволі экалягічнай мясцовасьці, наколькі магчыма, з экалягічных матэрыялаў. У нас падлогі драўляныя, папяровыя шпалеры... Усе моманты, зьвязаныя з нашымі дзецьмі, мы імкнуліся зрабіць максымальна экалягічна. А калі даведаліся аб будаўніцтве гэтага заводу, для нас стала незразумела, чаму гэта зрабілі так употайкі ад людзей,» — кажа Юлія Нічыпарук.