У Берасьці дазволілі мітынг супраць акумулятарнага заводу - важно
Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў правядзеньне мітынгу «Берасьцейкі супраць сьвінцу», паведамілі арганізатары акцыі.
Акцыя праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці 22 красавіка
Акцыя пройдзе 29 красавіка з 12 да 14.30 на пляцоўцы ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасьці. Падчас мітынгу плянуецца распавесьці берасьцейцам пра магчымую шкоду ад пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» для здароўя людзей і навакольнага асяродзьдзя.
Як сказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, мітынг заяўлены на 100 чалавек. Яго заяўнікі — жанчыны, таму і абралі такую назву. Раней улады Берасьця забаранілі правядзеньне падобнага мітынгу.
«Магчыма, паўплывала і тое, што зьбіраюцца подпісы за адстаўку кіраўнікоў Берасьця, вобласьці і раёну. Таксама раней падавалі заяўку на мітынг на плошчы Свабоды ў Берасьці, але нам адмовілі. У людзей ужо сканчалася цярпеньне, яны мелі поўнае маральнае права выходзіць на плошчу. Таму цяпер дазволілі ў вызначаным для масавых мерапрыемстваў месцы», — мяркуе Раман Кісьляк.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.