Камуністы пыталіся, як "переголосовать назад". Пяць кранальных гісторый з Дня нараджэння Беларусі
У 25 гадавіну незалежнасці Беларусі у бізнес-цэнтры IBB сустрэліся ветэраны Вярхоўнага Савета XII склікання. Менавіта гэтыя людзі і іх калегі па тагачасным парламенце значна паўплывалі на развіццё краіны, калі 25 жніўня 1991 года надалі статус канстуцыйнага закона Дэкларацыі аб суверэнітэце.
TUT.BY абраў пяць запамінальных гісторый былых дэпутатаў.
«Бог даў нам адзіны дзень, і мы яго выкарысталі»
Юрый Беленькі, выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ, вельмі эмацыйна распавядае пра тыя часы.
— Пасля таго, як мы прагаласавалі… Уявіце сабе нашы адчуванні! Беларусь незалежная! Мы ішлі да гэтага, мы разумелі, што гэта адбылося. Выходзім на плошчу, а я Садоўскаму (экс-дэпутат Петр Садоўскі. — TUT.BY) свае ўражанні выказваю. Маўляў, чаму машыны ездяць, чаму яны не спыняюцца, чаму людзі да нас не ідуць, не абдымаюцца? Адбылася ўнікальная з’ява, у якую шмат хто не верыў. І вось яна здарылася!
У дзень, калі Беларусь набыла незалежнасць, з намі на плошчы сур’ёзна не святкаваў толькі Зянон Пазняк. З напружаным тварам ён гаварыў: «Калегі, калі мы за тры дні не вырашым пытанні аб нашай незалежнасці, потым будзе позна». Менавіта ў гэты дзень мы абавязаны былі зрабіць Беларусь незалежнай дзяржавай. Была нядзеля, 20:30 дзесьці. А літаральна праз дзень-два камуністы ўжо пачалі хадзіць і пытацца: «А как это, товарищи, переголосовать назад? Как отменить?». Але было позна, мы блакіравалі гэтае «адмяніць». Бог даў нам адзіны дзень, і мы яго выкарысталі.
Памятаю яшчэ, мы сядзелі у пакоі апазіцыі, адчыняюцца дзверы позна ўвечары, і ў праёме з’яўляецца генерал. Я сам у войску служыў афіцэрам. Звычайна мы перад генералам… А тут генерал! Страевым! Вы ўяўляеце? Маўляў, «я генерал-майор такой-то, если надо, мы там армию, все такое»!
«Трусаў з Кавалёнкам кан’як пілі, а ў мяне ўсе было прасцей»
Алег Трусаў расказвае сваю гісторыю, якая выклікала ў канферэнц-зале розныя пачуцці.
— Калі прынялі незалежнасць, пайшлі мы ў буфет, і з касманаўтам Кавалёнкам выпілі па чарцы кан’яку. У Кавалёнка ў вачах стаялі слёзы. Ён таксама з намі галасаваў. Гэта ўсе ж такі касманаўт — чалавек, які з зусім іншай сферы. Ен тады канчаткова зразумеў, што толькі разам мы будзем нацыяй.
Пятро Садоўскі, які потым стаў першым амбасадарам Беларусі ў Германіі, распавеў:
— Сапраўды, Трусаў з Кавалёнкам кан’як пілі, а ў мяне ўсе было прасцей. Значыць… Кебіч (старшыня Савету Міністраў у 1990−1994 гг. — TUT.BY) па сваіх меркаваннях быў большым дзяржаўнікам. Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч сумняваўся, маўляў, гэта жарт, нічога не атрымаецца. Дарэчы, ён і цяпер гэта ўзгадвае. Кебіч, як і усе, быў напужаны. Ён разам з Мачуленкам, такі дэпутат быў, і іншымі, казаў, што падтрымлівае Зянона Станіслававіча. Для мяне гэта было дзіва. Потым з Іосіфам Сярэдзічам і яшчэ кімсьці мы аказаліся ў кабінеце Кебіча. Ён дастаў бутэльку простай гарэлкі, мы выпілі па чарцы, і тады я папаў на плошчу. А пасля гарэлкі ўсе — оперныя спевакі. У мяне тады звязкі працавалі добра, і я спяваў купалаўскае «А ў бары, бары тры дарожанькі».
І тут былы дэпутат і амбасадар заспяваў песню сваей маладосці яшчэ раз. Зала падтрымала.
«Тое, што адбывалася, нагадвала, у добрым сэнсе, часы рэвалюцыі»
Лявон Дзейка распавёў пра першыя дні жнівеньскага путчу.
— Чамусьці здарылася так, што я ў Клецку быў на выхадных. У шэсць гадзін, як заўседы, прайгралі гімн, спачатку маскоўскі… Потым прагучала паведамленне савецкага кіраўніцтва. Першае маё адчуванне было не то што нейкай бяды ці катастрофы… Думаў, што нешта яшчэ трэба перажыць.
Я сеў на першы аўтобус, які ішоў у Мінск. Прыяждаю, іду ад вакзала па вуліцы Кірава ў бок Дома Урады і першае, што бачу — дэпутат Валянцін Голубеў расклейвае на стэндах лістоўкі з заклікам не прызнаваць ГКЧП і гэтак далей. Гэтыя лістоўкі ён уласнаручна пісаў. Далей я пайшоў у наш пастаянны пакой у Верхоўным Савеце. Тое, што адбывалася там, нагадвала, у добрым сэнсе, часы рэвалюцыі. Там было многа людзей, многа журналістаў. Усюль званілі, прыбягалі з нейкімі факсамі. Тады ж не было ні інтэрнэта, нічога. Карацей, я зразумеў, што ўсе ідзе так, як і павінна быць. Ніхто нічога не баіцца, усе робяць сваю справу.
Віталь Малашка з сумам расказвае пра свой рамантычны настрой падчас жнівеньскіх падзей 1991 года.
— Мы былі рамантыкамі. І паколькі так адбылося, я не мог паехаць кудысьці ў жамчужныя ванны мыцца і купіў сабе пуцёўку ў Рыгу. За свае грошы, у маленькі пансіянат. Там, дарэчы, сустракалі нашых дэпутатаў, гэта перад самым путчам было. Потым мяне выклікалі тэлеграмай. Ехаў у Менск з Марынічам (у мінулым — дэпутат ВС XII скліканьня, старшыня Мінгарвыканкаму, пасол Беларусі ў розных краінах. — TUT.BY). Ён пытае, маўляў, што адбываецца? А я гавару: «Ну як што? Едзем незалежнасць прымаць!».
Вечарына завяршылася сумесным выкананнем гімна «Магутны Божа».
25 жніўня 25 год таму Беларусь юрыдычна атрымала статус незалежнай дзяржавы. У гэты дзень у 1991 годзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прынятая яшчэ 27 ліпеня 1990 года, набыла сілу канстытуцыйнага закону. З нагоды святочнай даты «Малады фронт» правёў купалаўскіе чытанні ля помніка беларускаму паэту і шэсце па праспекце Незалежнасці да Дому Ўрада. Партыя БНФ і правацэнтрысцкая кааліцыя правялі свае вялікія пікеты.