Алесін: Думаю, яны шукаюць спосаб спусціць маю справу на тармазах
09.01.2015 18:54
—
Новости Политики
Праз месяц пасля вызвалення беларускага журналіста Аляксандра Алесіна з-пад варты прэс-служба ГА "БАЖ" сустрэлася з калегам і распытала, ці вядуцца з ім следчыя дзеянні і як памянялася яго журналісцкае жыццё з моманту затрымання.
– Што адбываецца ў Вашай справе цяпер? Ці вядуцца з Вамі следчыя дзеянні?
– Так, вядуцца, але чыста фармальна. Я перыядычна хаджу на допыты, у мяне пытаюцца пра тыя ж самыя рэчы, удакладняюць пэўныя падрабязнасці, якія даўно ўжо ўдакладненыя. Але гэта адбываецца ўсё радзей. Мне падаецца, яны ўжо і радыя былі б закрыць неяк гэтую справу. Яна атрымала нечаканую і непажаданаю агалоску і на Захадзе, і ў Расіі, бо ў мяне шмат карэспандэнтаў у розных краінах свету.
Наогул, я не ведаю, што яны хацелі атрымаць. Любая экспертыза пакажа, што мае матэрыялы заснаваныя на адкрытых крыніцах, таму гэта бесперспектыўна. Думаю, цяпер яны шукаюць спосабу гэтую справу "спусціць на тармазах".
Мой адвакат – чалавек вельмі карэктны, ён падказвае пэўныя хады, якія палягчаюць маю долю. Напрыклад, перакваліфікацыя артыкула, які дазволіў выйсці пад падпіску пра нявыезд. Юрысты не выключаюць, што, з улікам майго ўзросту і стану здароўя, а таксама таго, што я не нанёс ніякіх стратаў, справа можа быць праз пэўны перыяд закрытая.
– Напэўна, кожнага журналіста палохае перспектыва апынуцца ў такой сітуацыі. Ці можна ад яе засцерагчыся і ці варта наогул засцерагацца?
– Я думаю, што застрахавацца абсалютна немагчыма. Я па дадзенай (вайсковай – заўв. рэд.) тэматыцы працую ўжо каля 20 гадоў. Дзякуючы вострым публікацыям у мяне ёсць даволі шмат "добразычліўцаў" у шэрагу ведамстваў – у Міністэрстве абароны, на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу, і, мяркую, сімпатый яны да мяне не адчуваюць. Нават тую інфармацыю, якая з'яўляецца легальнай, яны не хочуць абнародаваць.
Крыху і калегі мне "падыгрываюць". Перадрукоўваюць мае матэрыялы, часта робяць вельмі правакацыйныя загалоўкі і ліды (першы абзац журналісцкага тэкста. – TUT.BY). Калі людзі ў пагонах гэта бачаць, яны ўжо не звяртаюць увагі на тое, што далей там зусім іншы змест…
Але на гэты раз гэта не тая прычына. Усё па-іншаму. Я не чакаў гэтага абсалютна, таму ўдар па псіхіцы быў вельмі моцны.
Але на гэты раз гэта не тая прычына. Усё па-іншаму. Я не чакаў гэтага абсалютна, таму ўдар па псіхіцы быў вельмі моцны.
Але ў прынцыпе ніхто не можа быць застрахаваны ад такога. Справа можа заключацца ў нейкіх міждзяржаўных стасунках, у палітыцы "ведамства", якое свае мэты пераследуе і г.д. Карэспандэнты, з якімі я працую, таксама могуць паводзіць сябе неакуратна і вольна ці міжвольна падставіць свайго контрагента. Я ж не толькі публікацыі рыхтую, але і раблю агляды, інфармацыйныя нататкі, даведкі і г.д. для шэрагу міжнародных арганізацый.
Думаю, што цяжка нават спрагназаваць, куды ты трапіш і па якой прычыне.
– У сітуацыі скрайняй закрытасці беларускіх спецслужбаў складана казаць пра эфектыўнасць пэўных дзеянняў. Што правільней было ў той сітуацыі – маўчаць, каб не нашкодзіць Вам, ці біць трывогу?
– Я лічу, што дзеянні маіх калег, асабліва галоўнага рэдактара (Вячаслаў Хадасоўскі, галоўны рэдактар газеты "Белорусы и рынок" - заўв. рэд.), аказаліся вельмі правільнымі, вытрыманымі. Насамрэч ён зрабіў вельмі шмат для маёй абароны і вёў надзвычай узважаную палітыку, дзякуючы якой удалося мой лёс палегчыць. Мае сваякі трапілі ў цяжкае становішча, бо ім парэкамендавалі інфармацыю не распаўсюджваць, калі мяне ізалявалі...
Я ўдзячны і калегам, якія гэта апублікавалі ў патрэбны час, бо гэта таксама было абсалютна дарэчна. Наогул, я лічу, што дзеянні ўсіх былі бездакорнымі, і ніхто мне не нашкодзіў. Я ўдзячны ўсім журналістам з Беларусі і з іншых краін свету, якія ў маю падтрымку выказваліся. Я ўпэўнены, што гэта ўсё не засталося без наступстваў.
А мае калегі па фітнэс-клубе дык наогул, аказваецца, гатовыя былі з плакатамі пад будынкам КДБ стаяць! Ну, яны людзі далёкія ад нашай рэчаіснасці. Але людская салідарнасць існуе, і яна большая, чым прынята думаць.
– Што памянялася для Вас як для журналіста пасля інцыдэнту з Вашым затрыманнем і абвінавачаннем?
– Пакуль не сутыкнешся, не разумееш, з якім выбухова небяспечным матэрыялам маеш справу, пішучы на такія тэмы... У пэўным сэнсе гэта як хадзіць па лязе.
Зрэшты, па ім ходзяць і тыя, хто мае шчыльныя кантакты з міжнароднымі арганізацыямі, з замежнымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.
Скажам так, я лічыў – ну, праца ёсць праца. А як гэта ўспрымаецца ў розных месцах – гэта для мяне аказалася ў пэўным сэнсе нечаканасцю. Я толькі цяпер ўсвядоміў небяспеку таго, чым займаўся. Насамрэч мне давялося зрабіць над сабой пэўны высілак, каб пачаць рыхтаваць яшчэ матэрыялы на гэтую тэму.
Нагадаем, вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка "Белорусы и рынок" Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.
8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356-1).
Сваякі паведамілі таксама, што Алесін не з'яўляецца асноўным падазраваным па дадзеных складах злачынстваў (асноўны фігурант – неназваны замежны дыпламат). Высвятляецца, наколькі цеснымі былі кантакты журналіста з замежным грамадзянінам. Алесіну быў прадастаўлены дзяржаўны адвакат. 10 снежня яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст паведаміў калегам, што абвінвачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.