Меркаванне. Алег Трусаў: Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску

Источник материала:  
02.07.2014 20:26 — Новости Политики
Для таго, каб Лукашэнку ўчора выступіць па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланні беларускаму народу. А сказаўшы "А", трэба казаць і "Б", таму цалкам зразумела, чаму ўчора ён прамаўляў па-беларуску.

Дарэчы, і да гэтага моманту ён часамі размаўляў на мове. Напрыклад, калі чарговы раз прымаў прысягу пасля выбараў. Быў яшчэ момант, калі ён цудоўна гаварыў па-беларуску з беларускамоўным кітайскім карэспанднтам. Па-гэтаму не правы той, хто кажа, што Лукашэнка ніколі не выступаў на роднай мове.

Больш таго, яму па-руску цяжка размаўляць, калі тэкст не напісаны на паперцы! Колькі разоў ён у Расіі казаў, напрыклад, такое слова як "гвалт". У яго вельмі моцны беларускі акцэнт і наш, магілеўскі, дыялект. Дзякуючы гэтаму акцэнту, літраратурна ўчорашні яго выступ аказаўся нядрэнным.

Яго выступ - гэта лагічны працяг паслання беларускаму народу і парламенту - толькі на мове.

Па-першае, гэта звязана з 20-годдзем нашай незалежнасці.

Па-другое, з тым, што ў Мінску людзі зараз значна лепей ставяцца да мовы. Беларуская мова нават шырока прадстаўлена ў візуальным афармленіі сталіцы да 3 Ліпеня. Сёння я ехаў па горадзе і мне было прыемна бачыць усе гэтыя банэры.

І трэці фактар - гэта ўкраінскія падзеі: вельмі моцная лакмусавая паперка. Ва Украіне зараз з'явіліся мільёны рускамоўных жыхароў (не рускіх, а менавіта рускамоўных) і пашырыўся так званы "рускі мір". А сітуацыя, як у Данецку, можа адбыцца і ў якім-небудзь Віцебску ці Магілёве, таму трэба зрабіць усё, каб гэта хваля не дайшла да нашай краіны. І гэта Лукашэнка разумее як палітык.

Гэта разумеюць і нашыя людзі. Я сёння на прыпынку бачыў, як два мужчыны ва ўзросце радаваліся, што ўкраінкія вайскоўцы вызвалілі нейкія вёскі. Ды й абураліся, што мала далі салдаты тым сепаратытам! І гэта кажуць простыя людзі, якія інтуітыўна ўспрымаюць, што заўтра такое можа адбыцца і ў Беларусі.

Аднак нашы з вамі суайчыннікі ваююць ва Украіне і на баку арміі, і на баку сепаратыстаў. А калі беларус страляе ў беларуса на Данеччыне, гэта ўжо элемент грамадзянскай вайны, які можа перайсці і на нашу тэрыторыю. Дзе гарантыя, што ён не вернецца, і не заб'е каго-небудь у Магілёве?..

А краіна наша амаль упершыню за 500 год Беларусь роўна 70 гадоў жыве без вайны. Такая сітуацыя была толькі ў 15 стагоддзі, пасля таго, як мы разбілі крыжакоў пад Грундвальдам. Пасля гэтага новыя войны канца XV стагоддзя пачалі прыходзіць да нас не з Захаду, а з Усходу.

І зараз зноў для нас усходні вектар больш небяспечны, чым заходні.

У гісторыі ўсе паўтараецца, таму я магу толькі вітаць выступы кіраўніка дзяржавы па-беларуску. Дзякуючы гэтаму, ў нас ёсць усе шансы не ўцягнуцца ў паласу нестабільнасці, якая зараз ахапіла Украіну.

Упэўнены, што выступы Лукашэнкі па-беларуску працягнуцца. Думаю, што ў іх знойдзецца месца і нашым нацынальным героям. Калі Сапега ў яго выступах фігураваў часта, то я думаю, у 500-годдзе бітвы пад Воршай кіраўнік дзяржавы ўзгадае і Канстанціна Астрожскага. Пасля Украіны ніхто з улады не будзе ўжо аблайваць перамогу над Масквой пад Воршай.

Думаю, што пасля ўчорашняга выступу Лукашэнкі ва ўладных колах таксама пашырыцца беларуская мова. Яе і так выдатна ведае як мінімум палова чальцоў Саўміна. Са мной на мове з іх шмат хто размаўляў, але самы дасведчаны - гэта Уладзімір Макей. Я яго магу параўнаць нават з Парашэнкам. Макей - найбольш культурны з нашых чыноўнікаў і вялікі беларускі патрыёт.
←Путин: Единство народов России и Беларуси – именно то, за что сражались герои Великой Отечественной

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика