Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Источник материала:  
12.09.2013 19:51 — Новости Политики


Да 25-годдзя заснавання аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, што быў створаны 19 кастрычніка 1988 года, у штаб-кватэры Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3) адкрылася выстава “БНФ: нашыя першыя 25 гадоў”. У адным пакоі паўстае сціслая гісторыя самай старой з сучасных палітычных партый Беларусі. Экспазіцыя складаецца з перадвыбарчых улётак, плакатаў кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты, бюлетэняў, дыскаў, артыкулаў ды іншых агітацыйных матэрыялаў.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і палітолаг Юрый Чавусаў правялі экскурсію па выставе для журналістаў.

Экспазіцыя ахоплівае заснаванне БНФ, кампаніі вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га склікання, вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ад Партыі БНФ, альтэрнатыўныя прэзідэнтскія выбары ды іншыя палітычныя кампаніі.

Акрамя гэтага можна убачыць стэнды з палітычнай налепкай: жанр, росквіт якога прыпаў на перыяд 1996-2006 гадоў, але апошнімі часамі амаль забыты. Не абавязкова БНФ вырабляў гэтыя налепкі, але сябры партыі, у тым ліку, іх распаўсюджвалі.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Аляксей Янукевіч адзначыў, што выстава стала першым крокам у шырокім адзначэнні 25-х угодкаў стварэння БНФ: “Перад вамі прадстаўленыя розныя стадыі развіцця і змагання Беларускага Народнага Фронту, адказы, якія давалі лідары Фронту і шэраговыя актывісты на тыя выклікі, якія за гэтыя 25 гадоў паўставалі перад краінай, перад будучыняй, на пагрозы незалежнасці, нацыянальным інтарэсам, эканамічнай бяспецы нашай краіны”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што многія матэрыялы, прадстаўленыя на выставе, унікальныя, асабліва тыя, што тычацца першых гадоў дзейнасці. “Звярніце ўвагу, што з назвы выставы “Нашыя першыя 25 гадоў” вынікае, што мы разлічваем і на другія, і на трэція 25 гадоў дзеяння партыі”, — усміхаецца палітык.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Як распавёў Юрый Чавусаў, аснову экспазыцыі склалі матэрыялы з прыватных калекцый сяброў партыі: “Усе экспанаты размешчаныя ў храналагічным парадку па гадзіннікавай стрэлцы: ад аўтэнтычнай “Пагоні”, да “Пагоні” дынамічнай, што стала сімвалам нашай партыі. Мы разбілі матэрыялі па пяцігодках: адзін стэнд змяшчае пяцігадовую гісторыю БНФ”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


“Шмат хто менавіта да гэтага плакату падыходзіць, — паказвае Чавусаў на выяву Зянона Пазняка, — бо ўсе памятаюць, што ён удзельнічаў у прэзідэнтскай кампаніі 1994 году і шмат гадоў пасля гэтыя плакаты віселі. Тут жа плакат супраць уцягвання Беларусі ў чужыя войны — многія тагачасныя заклікі і лозунгі актуальныя і цяпер. Для мяне персанальна вельмі шчымлівыя пачуцці выклікае вось гэтая рэзалюцыя забастоўкі лютага 1994 года. Я тады вучыўся ў школе, і ў маім дзённіку было напісана: “Забастоўка”. Я пайшоў на гэты мітынг, які ачольваў Зянон Станіслававіч, і тады шматтысячны натоўп акружыў будынак, у якім зараз Адміністрацыя прэзідэнта, гучалі заклікі да дэмакратызацыі і рэфармаваняі эканомікі, бо гэта быў час сур’ёзнага эканамічнага крызісу”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Палітолаг звярнуў увагу на агітацыйную ўлётку, падпісаную Васілём Быкавым, у якой пісьменнік заклікаў падтрымаць кандыдата ад БНФ на парламенцкіх выбарах: “Улётка, у якой выдатны пісьменнік заклікаў падтрымаць кандыдатуру прафесара Юрыя Хадыкі, зробленая ў выглядзе факсіміле”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


На наступным стэндзе, дзе месцяцца матэрыялы БНФ 90-х гадоў, найбольшую цікавасць выклікае ўлётка з фотаздымкам скандальна вядомага паэта Славаміра Адамовіча і надпісам “Ён не есць гамбургераў”.

“У той час, калі выйшла гэтая ўлётка, Адамовіч быў за кратамі — ён стаў адным з першых палітвязняў перыяду праўлення Лукашэнкі, — расказвае Юрый Чавусаў. — Чаму ён не есць гамбургераў? Акцыя прыпала на час адкрыцця ў Мінску першага Макдональдса — насупраць будынку стаялі людзі з гэтымі плакатамі ў руках, якія сведчылі аб тым, што Славамір не можа пакаштаваць гамбургер, бо знаходзіцца за кратамі”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках

Паводле Чавусава, унікальнасць Партыі БНФ яшчэ ў тым, што яна выдае агітацыйную прадукцыю нават для ўнутрыпартыйных кампаній: “Барацьба паміж рознымі поглядамі развіцця БНФ, паміж кандыдатамі на месца старшыні партыі адбываецца з распаўсюдам улётак, праграм сярод сяброў партыі”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Сярод найбольш цікавых экспанатаў выставы — улётка на цыганскай мове за Юрася Зянковіча, які вылучаўся ў дэпутаты шэрагу мясцовых саветаў, у тым ліку Мінскага раёна. Ён перамог: “Арыентацыя на мэтавыя групы, а там жыве сапраўды вельмі шмат цыган, яму дапамагла перамагчы”, — падкрэслівае Юрый Чавусаў.

Наагул, Партыя БНФ — адзіная ў Беларусі, якая выкарыстоўвае ў сваёй агітацыі так шмат моваў: “Канечне, у асноўным, гэта беларуская мова, аднак ёсць улёткі і па-руску, і па-літоўску, па-польску…”.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Цэлы стэнд, які завяршае выставу, прысвечаны перадвыбарчай кампаніі 2010 году кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва. Тут як афіцыйныя плакаты, газеты з артыкуламі пра кандыдата, дыскі, так і саматужныя цішоткі, плакаты, якія выраблялі беларускія актыўныя блогеры, напрыклад, Яўген Ліпковіч.

Гісторыя БНФ у плакатах, улётках і налепках


Напрыканцы экскурсіі Аляксей Янукевіч адзначыў, што і раней, і сёння на прадукцыі Партыі БНФ размяшчаецца інфармацыя па самых важных для партыі пазіцыях: “Сёння гэта тэмы адстойвання незалежнасці, нацыянальнага адраджэння, еўраатлантычнага выбару Беларусі. Гэта тое, на чым Беларускі Народны Фронт стаяў, стаіць і будзе стаяць заўсёды. Тое, што баліць людзям, заўсёды ў фокусе нашай увагі”.

Выстава “БНФ: нашыя першыя 25 гадоў” будзе працаваць да канца кастрычніка.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара

←В Рио-де-Жанейро до 1 октября будет закрыто генеральное консульство Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика