Вялікая культурная рэканструкцыя
Быхаў гатовы прыняць гасцей Дня беларускага пісьменства
Пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства прайшло ў Быхаве пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка.
Разгледжаны канцэпцыя правядзення свята, ход падрыхтоўкі аб’ектаў і добраўпарадкавання тэрыторый, арганізацыя работы гандлёвых аб’ектаў, парадак удзелу замежных гасцей і іншыя пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай мерапрыемства.
Па выніках пасяджэння арганізацыйнага камітэта дадзены адпаведныя даручэнні органам дзяржаўнага кіравання і арганізацыям, звязаныя з актывізацыяй работ, падрыхтоўкай аб’ектаў да правядзення мерапрыемстваў, іх матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем.
Як адзначыў Анатоль Тозік, Быхаў да Дня беларускага пісьменства набудзе новае аблічча. Прыняты на першым пасяджэнні аргкамітэта ў лістападзе графік работ амаль цалкам выконваецца. Усе праблемныя пытанні вырашаюцца аператыўна ў рабочым парадку. «Нідзе грошы не выдаткаваны дарма. Мы будуем і рэканструюем аб’екты з такім разлікам, каб яны служылі быхаўчанам на працягу многіх гадоў. Па сутнасці, да 1 верасня горад набудзе цалкам новае аблічча: мяняецца цэнтр горада, будуецца новы басейн, ідзе рэканструкцыя кінатэатра, Палаца культуры, будынкаў аўта- і чыгуначнага вакзалаў, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя, што прылягае. Пачаты маштабныя работы па аднаўленні ўнікальнага помніка архітэктуры ХVII стагоддзя Быхаўскага замка», — распавёў ён.
Віцэ-прэм’ер таксама падкрэсліў, што работы на шэрагу аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры вядуцца з некаторым апярэджаннем графіка, ніхто з падрадчыкаў не падвёў, таму можна з упэўненасцю канстатаваць: Быхаў будзе гатовы прымаць гасцей ужо пасля 25 жніўня, як і планавалася.
Фота: www.government.gov.by