Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі ёсць усе ўмовы для самарэалізацыі таленавітай моладзі"

Источник материала:  

Дзяржава чакае ад моладзі ідэй і праектаў, якія выведуць беларускую эканоміку, культуру, навуку на больш высокі ўзровень развіцця, і заўсёды падтрымае такія пачынанні. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 мая на сустрэчы з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі, таленавітай моладдзю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў красавіцкім Пасланні беларускаму народу і парламенту была дакладна вызначана стратэгія абнаўлення краіны на аснове пабудовы эканомікі ведаў, мадэрнізацыі вытворчасці, інфарматызацыі ўсіх сфер жыцця і вылучэння на ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце, навуцы, на прадпрыемствах актыўных, творчых людзей.

"У вырашэнні гэтых задач галоўная стаўка зроблена на моладзь. Усё, што задумана, мы будзем рабіць, перш за ўсё, дзеля яе, з вашым удзелам і вашымі рукамі", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

"Вам трэба будзе накіраваць здольнасці і інтэлект на стварэнне і ўкараненне найноўшых інфармацыйных, нана-, бія- і іншых высокіх тэхналогій, каб наша краіна выйшла на перадавыя рубяжы інавацыйнага развіцця і заняла сваю нішу ў глабальнай эканоміцы ведаў", — адзначыў Прэзідэнт.

"Вашы сілы, натхненне і нястрымны палёт фантазіі змогуць надаць магутны імпульс развіццю навукі і культуры, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Вам трэба будзе ўзбагаціць беларускае мастацтва новымі жанрамі, напрамкамі, стварыць творы, якія будуць прасякнуты патрыятызмам і праславяць нашу Радзіму".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для таго, каб моладзь змагла сябе рэалізаваць. Паводле яго слоў, выхаваннем юных талентаў займаюцца амаль 800 гімназій, ліцэяў, школ мастацтваў, дзясяткі тысяч гурткоў, студый, навуковых таварыстваў. Алімпіяды, фестывалі, конкурсы штогод адкрываюць новыя зорныя імёны.

На думку Прэзідэнта, такі клопат аб таленавітых і энергічных людзях дае свае вынікі. У мінулым годзе беларускія школьнікі і студэнты прывезлі больш як паўсотні медалёў з міжнародных алімпіяд, маладыя выканаўцы адстаялі гонар краіны на прэстыжных фестывалях і конкурсах, заваяваўшы амаль 100 дыпломаў і прызоў.

"Для вас адкрыты сотні дарог. Шукайце, тварыце, рызыкуйце, рабіце адкрыцці, — пажадаў Аляксандр Лукашэнка юным талентам. — Кожны з вас, вядома ж, — непаўторная яркая асоба. Смела ідзіце да пастаўленай мэты, дабівайцеся задуманага ўпартай працай і памятайце аб маральнай адказнасці таленту перад людзьмі..."

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў педагогам за тое, што яны выхавалі такіх цудоўных вучняў. Прэзідэнт пажадаў усім паспяховага заканчэння навучальнага года, поспехаў на экзаменах і добрага лета.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды лаўрэатам спецыяльных прэзідэнцкіх фондаў і фіналістам тэлепраекта "Я спяваю!".

Сярод запрошаных была і беларуская ўдзельніца конкурсу "Еўрабачанне" ў шведскім Мальмё Алёна Ланская. "Як бы ні выступіў наш прадстаўнік на такіх публічных мерапрыемствах, якія глядзяць мільёны гледачоў, мы павінны гэта вельмі і вельмі цаніць. Тым больш што наша дзяўчына выглядала вельмі выгадна ў многіх адносінах на гэтым конкурсе. Але заўсёды трэба спакойна ўспрымаць такія вынікі", — лічыць Прэзідэнт.

"Я ведаю, Алёна, тваю рэакцыю на вынікі галасавання ў Расіі. Можаш у свой актыў запісаць 12 балаў, не менш, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да спявачкі. — Гэта сведчыць аб тым, наколькі такі конкурс не проста палітызаваны, а наколькі ён фальсіфікаваны. Больш таго, хто сочыць за сродкамі масавай інфармацыі, убачылі на прыкладзе адной з краін — там ужо разгарэўся цэлы скандал наконт фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Я ўжо не кажу аб галасаванні па геаграфічным прынцыпе".

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы пажадаў маладым талентам ісці да сваёй мэты і ні ў якім выпадку не спыняцца і не здавацца. "Нідзе, ніколі, ні на якім этапе свайго жыцця не трэба сумаваць і апускаць рукі. Вашы паражэнні павінны быць новым стартам для вашых перамог", — падкрэсліў Прэзідэнт.

←Определены ответственные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика