Беларусь разлiчвае на паглыбленне ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва з КНР
Аб гэтым Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка заявiў на сустрэчы з членам Палiтбюро Цэнтральнага камiтэта Камунiстычнай партыi Кiтая, намеснiкам старшынi Цэнтральнага ваеннага савета Кiтайскай Народнай Рэспублiкi генерал-палкоўнiкам Сюй Цылянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас ёсць шэраг цiкавых сумесных праектаў. Я гатовы, калi гэта неабходна, абмяркоўваць сёння перспектывы гэтых праектаў, ход iх рэалiзацыi. Скажу шчыра: мы вельмi разлiчваем на паглыбленне ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва памiж Беларуссю i КНР у мэтах узмацнення нашай абараназдольнасцi", — сказаў Прэзiдэнт Беларусi.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вiзiты высокiх кiраўнiкоў ваеннай сферы Кiтая сведчаць аб даверным супрацоўнiцтве дзвюх краiн у гэтай галiне. "Наша гандлёва-эканамiчнае, палiтычнае супрацоўнiцтва, якое падмацоўваецца ў тым лiку ўзаемнымi вiзiтамi вельмi высокага ўзроўню, сведчыць аб тым, што ў нас устанавiлiся вельмi блiзкiя адносiны стратэгiчнага характару, i ў Беларусi гэта вельмi высока цэняць", — падкрэслiў кiраўнiк беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Сюй Цылян адзначыў, што мэтай яго вiзiту з'яўляецца ўмацаванне стратэгiчнага даверу памiж Беларуссю i КНР, а таксама ўмацаванне супрацоўнiцтва ў грамадзянскай i ваеннай галiне, традыцыйна дружалюбных адносiн. Ён падкрэслiў, што i ў Беларусi, i ў Кiтаi ўдзяляюць вялiкую ўвагу развiццю стратэгiчнага супрацоўнiцтва.
Сюй Цылян таксама перадаў Аляксандру Лукашэнку найлепшыя пажаданнi ад iмя старшынi КНР Сi Цзiньпiна.