"Прэзідэнт-атэль" адкрыўся ў Мінску
"Прэзідэнт-атэль" гатовы прыняць першых наведнікаў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перарэзаўшы сімвалічную стужку, адкрыў учора гасцініцу, перадае БЕЛТА.
Кіраўніка дзяржавы азнаёмілі з функцыянальнымі магчымасцямі "Прэзідэнт-атэля", арганізацыяй яго работы. Аляксандр Лукашэнка агледзеў некалькі нумароў гасцініцы, кангрэс-хол "Мінск", залу пасяджэнняў, басейн, рэстараны, іншыя памяшканні. Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся якасцю работ па рэканструкцыі гасцініцы, тэрмінам акупнасці.
Адзінаццаціпавярховы будынак "Прэзідэнт-атэля" быў узведзены на месцы гасцінічнага корпуса "Кастрычніцкая". Работы былі пачаты ў студзені 2011 года, заказчыкам рэканструкцыі выступіла рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Атэль "Мінск", генеральнай падраднай арганізацыяй — турэцкая кампанія. Фінансаванне ажыццёўлена за кошт крэдытных сродкаў, прадастаўленых экспартным крэдытным банкам Турцыі "Цюрк Эксімбанк" (85 працэнтаў ад агульнай сумы затрат) і ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" (15 працэнтаў).
"Добрая, прыстойная гасцініца", — падагульніў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш хуткага ўстаранення некаторых будаўнічых недапрацовак.
Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "У самым сэрцы Мінска вырас унікальны пяцізоркавы гасцінічны комплекс, які спалучае еўрапейскі камфорт з традыцыямі беларускай гасціннасці і ўтульнасці. Тут створаны ўсе ўмовы для зручнага пражывання гасцей нашай краіны, правядзення важных дзелавых сустрэч і перагавораў", — гаворыцца ў запісе. "Упэўнены, што калектыў вашай гасцініцы зробіць усё для таго, каб "Прэзідэнт-атэль" адпавядаў сваёй назве, стаў адной з адметных мясцін сталіцы, заваяваў міжнародны аўтарытэт і прызнанне. Няхай кожны, хто паселіцца ў новай гасцініцы, адчувае сябе ў гэтых цудоўных сценах, як дома, і з задавальненнем прыязджае сюды зноў і зноў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы".