Задача на перспектыву

Источник материала:  

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 11 красавіка з губернатарам Пензенскай вобласці Васілём Бачкаровым.

Прэзідэнт прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць перавагі еўразійскай інтэграцыі для развіцця вытворчай кааперацыі Беларусі і расійскіх рэгіёнаў.

"Цвёрда перакананы ў тым, што ў сучасных умовах партнёрскія адносіны не пабудуеш толькі на нейкіх гандлёвых і тавараабменных аперацыях. Трэба ісці па шляху стварэння сумесных вытворчасцяў, што мы і робім са многімі расійскімі рэгіёнамі. Гэта асабліва актуальна ў святле тых спрыяльных умоў, якія ствараюцца ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Адным з найважнейшых напрамкаў узаемадзеяння ў сувязі з гэтым становіцца вытворчая кааперацыя", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у кааперацыйных праектаў шмат пераваг. Яны забяспечваюць рост узаемнага гандлю, ствараюць рабочыя месцы, стымулююць выпуск канкурэнтаздольнай тэхнікі, павялічваюць падатковыя паступленні ў бюджэт.

Станоўчыя прыклады такога супрацоўніцтва ёсць і з Пензенскай вобласцю. У 2012 годзе ў гэтым рэгіёне створана зборачная вытворчасць беларускіх трактароў, прапрацоўваецца магчымасць сумеснай вытворчасці ліфтавага абсталявання. На думку Аляксандра Лукашэнкі, ёсць перспектывы для развіцця ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы ў галіне жывёлагадоўлі, раслінаводства, укаранення перадавых тэхналогій у вытворчасць і перапрацоўку сельгаспрадукцыі. "Мы гатовы да абмену вопытам і сумесных праектаў у гэтай сферы", — заявіў Прэзідэнт.

Беларусь можа таксама прапанаваць Пензенскай вобласці супрацоўніцтва ў транспартнай і будаўнічай галінах.

"Гэта толькі некалькі напрамкаў, па якіх мы можам развіваць наша ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Насамрэч магчымасцяў для плённай сумеснай работы значна больш", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу губернатар Васіль Бачкароў прапанаваў рэалізаваць шэраг сумесных праектаў у мэблевай вытворчасці, лёгкай прамысловасці і дарожным будаўніцтве.

Ён пацвердзіў зацікаўленасць Пензенскай вобласці ў развіцці вытворчай кааперацыі з Беларуссю. І такія праекты ўжо ёсць. Так, напрыклад, у Пензенскай вобласці створана і пачало работу прадпрыемства па зборцы ліфтаў, куды значная частка камплектуючых пастаўляецца з магілёўскага завода. Губернатар звярнуў увагу на высокую якасць магілёўскіх ліфтаў і адзначыў, што ў цэлым у рэгіёне 80 працэнтаў выкарыстоўваемых ліфтаў — магілёўскія. Ва ўмовах плануемага нарошчвання будаўніцтва жылля ў Пензенскай вобласці такое супрацоўніцтва бачыцца вельмі перспектыўным.

"У вас ёсць чаму павучыцца і ў плане дарожнага будаўніцтва — тое, што вы ўмееце рабіць лепш, чым наша дарожная арганізацыя ў Пензе. Гэта праблема не толькі Пензы, але і рэгіёнаў, якія знаходзяцца побач", — адзначыў Васіль Бачкароў. У сувязі з гэтым ён прапанаваў прапрацаваць магчымасці для супрацоўніцтва ў гэтай сферы, у тым ліку з удзелам зацікаўленых бізнес-колаў.

Васіль Бачкароў даў высокую ацэнку і ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі ў Беларусі як у плане стварэння сучасных рабочых месцаў, так і выкарыстання найноўшага абсталявання. "Тыя фермы, якія мы ўчора ўбачылі, гэта прыгожая вытворчасць, разлічаная на людзей з дастойнай адукацыяй і, вядома, на добры заработак. Мы бачылі абсталяванне, якое вырабляецца ў тым ліку сумесна з нідэрландскімі прадпрыемствамі, і гэта абсталяванне збіраецца і часткова камплектуецца за кошт беларускай вытворчасці. Я аб гэтым марыў, а вы гэта зрабілі", — сказаў губернатар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе прапановы, агучаныя губернатарам Пензенскай вобласці, актуальныя для Беларусі. Усімі гэтымі напрамкамі — па развіцці швейнай, абутковай, гарбарнай вытворчасцяў — у Беларусі ўшчыльную займаюцца.

Прэзідэнт, падводзячы вынік размовы, адзначыў, што Беларусь гатова накіраваць у Пензенскую вобласць як спецыялістаў, так і наладзіць пастаўкі тэхнікі. Ён падкрэсліў, што гарантуе выкананне ўсіх дасягнутых дамоўленасцяў.

У сваю чаргу губернатар адзначыў, што будзе асабіста кантраляваць ход рэалізацыі двухбаковых праектаў.

Бакі прынялі рашэнне стварыць рабочую групу, якая будзе займацца больш цесна работай па ўсіх абазначаных перспектыўных напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Пензенскай вобласці.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Стратегический локомотив в Балтию и обратно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика