Да Нацыянальнага аэрапорта Мінск можна будзе даехаць на электрычцы
Швейцарская кампанія "Штадлер Рэйл Груп" уносіць значны ўклад у пашырэнне адносін паміж Беларуссю і Швейцарыяй. Гэта адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка на сустрэчы з генеральным дырэктарам кампаніі Петэрам Шпулерам.
Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў рэалізацыю інвестпраекта па вытворчасці чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту, які ажыццяўляе "Штадлер Рэйл Груп". Гэта прадпрыемства і кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш" маюць намер рэалізаваць названы інвестпраект шляхам паэтапнага будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю на працягу 2012-2016 гадоў завода і аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры.
"Я нават не чакаў, што мы можам аператыўна дамовіцца з вашай кампаніяй. Здзіўлены вашай аператыўнасцю па разгортванні вытворчасці на беларускай зямлі. Мы ў даўгу не застанемся, вырашым усе пытанні, пастаўленыя перад беларускім бокам", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што вытворчасць, якая ствараецца, актуальная як з пункту гледжання нарошчвання экспарту, так і для ўнутранага спажывання.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што "Штадлер Рэйл Груп" з'яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. Прадукцыя паспяхова эксплуатуецца ў Еўропе і ЗША. Сучасныя электрапаязды швейцарскай вытворчасці ўжо вядомы ў Беларусі. У прыватнасці, у 2010 годзе са швейцарскай кампаніяй, якая выйграла тэндар, быў падпісаны кантракт на пастаўку для Беларускай чыгункі 10 электрапаяздоў для новага фармату пасажырскіх перавозак. Цяпер усе электрапаязды эксплуатуюцца ў Беларусі на гарадскіх лініях і ў рэгіянальных зносінах.
"Мы дамовіліся з вамі і пачалі ўжо рэалізоўваць праект па вытворчасці ў Мінскай вобласці чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту, — сказаў Прэзідэнт. — Чакаем, што ўжо ў бягучым і наступным годзе з гэтай пляцоўкі пачнуць выходзіць сучасныя электрапаязды і трамваі беларускай вытворчасці, якія па якасці ні ў якім разе не павінны і не будуць уступаць швейцарскаму транспарту. Наколькі мне вядома, будаўніцтва завода ідзе нармальнымі тэмпамі. Калі будуць нейкія пытанні, вы, калі ласка, даводзьце ў тым ліку да майго ведама. Я ўзяў будаўніцтва завода пад асабісты кантроль".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён гатовы выслухаць прапановы швейцарскага боку па паскарэнні рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцяў.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што гэта важнейшы праект і ніякіх затрымак, ніякага тармажэння тут быць не павінна. "Чым раней мы ўвядзём гэты аб'ект у строй, тым хутчэй ён прынясе карысць і швейцарскай кампаніі, і Беларусі", — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і кіраўніцтву Беларускай чыгункі неадкладна распрацаваць праект чыгуначных зносін беларускай сталіцы з Нацыянальным аэрапортам Мінск. "Трэба паглядзець на існуючыя чыгуначныя лініі, адводы ад іх і тэрмінова зрабіць гэты праект, без прамаруджвання", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што гэта значна пашырыць магчымасці аэрапорта: "Людзі змогуць больш карыстацца паслугамі аэрапорта, таму што даехаць да яго будзе лёгка. Цяпер жа гэта пэўная праблема".
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рабіць гэта трэба аптымальна, з улікам існуючых чыгуначных ліній. Нават трэба прыпыніць некаторыя праекты дзяржаўных праграм, каб накіраваць сродкі на забеспячэнне руху пасажырапатоку ў аэрапорт і назад.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на рэалізацыю праекта па арганізацыі руху з Мінска ў аэрапорт спатрэбяцца не такія ўжо вялікія сродкі, калі за гэта ўзяцца па-гаспадарску.
Магчыма, што даехаць да Нацыянальнага аэрапорта Мінск на электрычцы можна будзе ўжо ў канцы 2014 года — пачатку 2015 года.
У сваю чаргу генеральны дырэктар швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэр Шпулер станоўча ацаніў ход рэалізацыі ў Беларусі інвестпраекта па вытворчасці чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту. Ён таксама выказаў упэўненасць, што да кастрычніка-лістапада гэтага года будзе поўнасцю пабудавана прамысловая пляцоўка для вытворчасці электрапаяздоў.
Паводле слоў Петэра Шпулера, стаіць задача да снежня 2014 года паставіць першыя двухпавярховыя паязды для Расійскай чыгункі.
Швейцарскі бізнесмен падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы і абмеркавання рэалізацыі праекта: "Я прыехаў у першую чаргу не для таго, каб узнімаць праблемы". Ён запэўніў, што праект добры і паспяхова рэалізуецца.
На сустрэчы былі дэталёва абмеркаваны магчымасці пашырэння супрацоўніцтва паміж Беларуссю і "Штадлер Рэйл Груп", якое з'яўляецца ўзаемавыгадным.