ЧАС ДЫКТУЕ НЕАБХОДНАСЦЬ ПРАЦАВАЦЬ НА АПЯРЭДЖАННЕ
Паважаныя дэпутаты, запрошаныя, журналісты!
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, сёння, 2 красавіка 2013 года, пачынае работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.
Яе падрыхтоўка пачалася адразу пасля завяршэння першай сесіі Палаты прадстаўнікоў, таму што планы далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, маштабнай мадэрнізацыі эканомікі патрабуюць ад парламента прыняцця своечасовых заканадаўчых рашэнняў.
Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, поспех тут непасрэдна залежыць ад таго, наколькі аператыўна мы зможам перамяніць сітуацыю ў сферы інвестыцыйнай палітыкі, рэалізаваць нашы планы па ўкараненні інавацый, кардынальна змяніць дзелавы клімат у краіне.
Упэўнены, што зможам. Вынікі развіцця краіны ў першым квартале гэтага года сведчаць аб стабільным росце эканомікі і пацвярджаюць правільнасць праводзімага курсу.
Пазітыўныя тэндэнцыі намеціліся па росце валавога ўнутранага прадукту. Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 17 працэнтаў. Апераджальнымі тэмпамі зніжаецца энергаёмістасць прадукцыі, якая вырабляецца.
Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі абумоўлена і актывізацыяй нашай знешнеэканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў рамках Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, узаемадзеяння з новымі перспектыўнымі партнёрамі.
Візіты кіраўніка дзяржавы ў Інданезію і Сінгапур замацавалі пазіцыі беларускай дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Збліжэнне з эканамічнымі флагманамі гэтага рэгіёна дасць магчымасць нарасціць сувязі ў розных галінах, адкрываючы новыя перспектывы пашырэння дыялогу не толькі ў двухбаковым фармаце, але і з блокам АСЕАН.
Зыходзячы з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі будавалася работа па падрыхтоўцы да сесіі як дэпутацкага корпуса, так і шырокага кола спецыялістаў і экспертаў.
У выніку на сённяшні дзень у парламенцкім партфелі знаходзіцца 70 законапраектаў. Сярод іх асноўнымі з'яўляюцца дакументы эканамічнага блока.
Праекты законаў "Аб інвестыцыях", "Аб канцэсіях", антыманапольнае заканадаўства павінны палепшыць інвестыцыйны імідж Беларусі, устанавіць гарантыі інвестарам, пашырыць спектр магчымасцяў спосабаў інвесціравання.
Не сакрэт, што інвестар выбірае цывілізаваны рынак з празрыстымі правіламі, сумленнай канкурэнцыяй, адсутнасцю бюракратычных бар'ераў. Упэўнены, законапраекты, якія прапануюцца, перашкодзяць манапалізацыі таварнага і фінансавага рынкаў, установяць адзіныя для ўсіх правілы гульні.
Падобныя мэты ставіць законапраект "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь". У ім неабходна захаваць баланс інтарэсаў дробных і буйных прадпрымальнікаў, паставіць у аснову інтарэсы спажыўцоў, а не лабістаў з таго ці іншага боку.
Новы імпульс развіццю дзелавой ініцыятывы нададуць законапраекты аб удасканаленні інстытута іпатэкі, спрашчэнні парадку рэгістрацыі нерухомай маёмасці, пераходзе на міжнародныя стандарты бухгалтарскага ўліку і аўдыту.
Лібералізацыя эканомікі прадугледжвае не проста адыход ад лішняга адміністравання, але і стварэнне эфектыўнай сістэмы эканамічных стымулаў. Менавіта гэты прынцып рэалізаваны ў праекце закона "Аб энергазберажэнні", які павінен нацэліць галіну на актыўнае ўкараненне перадавых тэхналогій, беражлівыя адносіны грамадства да паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Значная ўвага на сесіі будзе ўдзелена пытанням развіцця сельскай гаспадаркі, яе далейшай мадэрнізацыі, тэхналагічнага перааснашчэння.
Выконваючы сваю заканадаўчую праграму, мы абавязаны прытрымлівацца ўстаноўкі кіраўніка дзяржавы аб тым, што эканамічныя пераўтварэнні не павінны ісці ўразрэз з інтарэсамі народа. Таму пры разглядзе сацыяльных пытанняў, у тым ліку якія датычацца аптымізацыі дзяржаўнага апарату, у аснове павінен стаяць чалавек, захаванне яго законных правоў і інтарэсаў. Менавіта на гэта накіраваны новая рэдакцыя Закона "Аб ахове працы", папраўкі ў Працоўны кодэкс.
Вялікая ўвага будзе ўдзелена пытанням здароўя нацыі. Плануецца ўнесці папраўкі ў Закон аб ахове здароўя, дзе асноўны акцэнт зроблены на ўзмацненне прафілактычных мер па ахове здароўя насельніцтва.
Шэраг сур'ёзных мер па развіцці спартыўнай галіны, удасканаленні фізкультурна-аздараўленчай работы прадугледжаны ў праекце закона "Аб фізічнай культуры і спорце". Яго прыняцце дасць магчымасць ушчыльную падысці да пытання аб кадыфікацыі заканадаўства ў гэтай сферы.
Прадоўжыцца работа па далейшым развіцці грамадскіх інстытутаў нашай дзяржавы, удасканаленні заканадаўства аб канстытуцыйным, грамадзянскім і гаспадарчым судаводстве, укараненні механізмаў пазасудовага ўрэгулявання спрэчак.
Зыходзячы з базавых прынцыпаў нашай дзяржаўнасці, мы будзем будаваць і палітыку ў галіне грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый.
У полі зроку заканадаўцаў будуць і пытанні міграцыйнай палітыкі. Пашырэнне міграцыйных патокаў — гэта сусветная тэндэнцыя. Прадастаўленне іншаземцам дадатковых правоў і гарантый дасць магчымасць павялічыць прыток працоўных рэсурсаў у нашу краіну, прыцягнуць больш замежных студэнтаў у нашы ВНУ, будзе садзейнічаць развіццю ўязнога турызму, экспарту медыцынскіх паслуг.
У галіне знешнеэканамічнай дзейнасці прадоўжыцца работа па прывядзенні нацыянальнага мытнага заканадаўства і заканадаўства аб свабодных эканамічных зонах у адпаведнасць з прававымі актамі Мытнага саюза.
Трэба будзе ратыфікаваць пагадненні па пытаннях развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.
Міжнародная дзейнасць дэпутацкага корпуса ў міжсесійны перыяд вызначалася нацэленасцю на канкрэтныя вынікі і будавалася ў агульным кантэксце знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь.
У гэтых адносінах паказальныя вынікі афіцыйнага лютаўскага візіту дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Камбоджу. Акрамя парламенцкага складальніка, у іх структуры значнае месца занялі дамоўленасці аб пастаўках беларускай тэхнікі і арганізацыі яе зборачнай вытворчасці ў гэтай краіне, падрыхтоўцы камбаджыйскіх спецыялістаў у беларускіх ВНУ, наладжванні рэгіянальнага і міжгаліновага супрацоўніцтва.
З падпісаннем Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай асамблеяй Каралеўства Камбоджа, а таксама шэрагу міжведамасных пагадненняў закладзены трывалы фундамент для развіцця дагаворнай базы двухбаковых адносін.
Нельга не адзначыць і ўдзел групы нашых калег у рабоце круглага стала, прысвечанага пытанню ўмацавання дружалюбных сувязяў паміж Рэспублікай Беларусь і краінамі Балтыі, які прайшоў у сталіцы Эстоніі. Сустрэчы і дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе афіцыйных і нефармальных кантактаў, выявілі значны рэсурс нарошчвання ўзаемадзеяння з краінамі гэтага рэгіёна.
У міжсесійны перыяд праходзілі таксама планавыя мерапрыемствы міжпарламенцкіх арганізацый Еўропы і інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы.
Дэлегацыя Нацыянальнага сходу прыняла ўдзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое адбылося ў г. Вене. У рамках форуму былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння ПА АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ ў назіранні за выбарамі, свабоды СМІ, рэагавання краін АБСЕ на крызісныя сітуацыі. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы са Старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, а таксама з прадстаўнікамі шэрагу дзяржаў — членаў Арганізацыі.
Пытанні будаўніцтва Саюзнай дзяржавы разглядаліся на пасяджэннях пастаянных камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Прадаўжалася актыўная работа ў рамках Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і іншых міжнародных арганізацый, створаных на постсавецкай прасторы. Нашы калегі прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Арменіі.
Акрамя парламенцкіх кантактаў, трэба адзначыць сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Сербія Таміславам Нікалічам, першым намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Куба, прадстаўнікамі пасольстваў Кітая, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Палесціны, экспертамі Савета Еўропы і БДІПЧ АБСЕ.
Наперадзе ў дэпутатаў насычаная міжнародная праграма, якая ахоплівае ўвесь спектр міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Яна ўключае прапрацоўку візітаў у Рэспубліку Беларусь парламенцкіх дэлегацый Індыі, Інданезіі, Сінгапура, прадстаўнікоў некаторых міжнародных парламенцкіх арганізацый, а таксама візітаў беларускіх дэлегацый у Арменію, В'етнам, Туркменістан, Украіну і іншыя краіны.
Прадоўжыцца канструктыўная работа па лініі Міжпарламенцкага саюза, парламенцкіх асамблей АБСЕ і Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя.
У красавіку гэтага года дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прыме ўдзел у планавых мерапрыемствах міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ.
У чэрвені плануецца правядзенне ў нашай краіне 44-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Паважаныя дэпутаты!
Задачы ў сферы міжнароднай дзейнасці, маштабы і навізна заканадаўчай праблематыкі патрабуюць ад нас максімальнай ініцыятывы, работы на апярэджанне. Важна не проста дабівацца бездакорнасці кожнай нормы з пункту гледжання заканатворчай тэхнікі. Трэба, вобразна кажучы, ужыцца ў сітуацыю, адчуць, як гэта норма будзе працаваць на практыцы.
Лічу, што асноўныя перадумовы для гэтага створаны. Узаемадзеянне з прадстаўнікамі ўсіх галін улады, абмеркаванне законапраектаў у фармаце пашыраных і выязных пасяджэнняў профільных камісій, шырокае прыцягненне да дыялогу практыкаў і экспертаў даюць магчымасць нам зірнуць на любое пытанне з пазіцыі спецыялістаў.
Акрамя таго, мы пастаянна атрымліваем інфармацыю, што называецца, з першых рук. Я маю на ўвазе работу ў выбарчых акругах і актыўную прысутнасць парламентарыяў у медыя- сферы.
З гэтага года дэпутаты ўдзельнічаюць у рабочых паездках кіраўніка дзяржавы па рэгіёнах. Словам, сутыкаючыся з той ці іншай праблемай, мы сёння маем магчымасць разгледзець яе з самых розных бакоў, комплексна.
Пагадзіцеся, такое, я сказаў бы, панарамнае бачанне — добрая аснова для таго, каб падрыхтаваць законы, сапраўды запатрабаваныя жыццём.
Паважаныя калегі!
Сёння мы адзначаем дзяржаўнае свята — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Урачыстыя мерапрыемствы праходзяць у многіх гарадах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Традыцыйна парламенцкія дэлегацыі нашых краін прымаюць у іх удзел.
Віншую ўсіх са святам, жадаю шчасця, здароўя і поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў на карысць нашых дзяржаў і народаў.