Фундамент аб’яднаўчых працэсаў
Дарагія беларусы і расіяне!
У нас нямала агульных свят і памятных дат, але асаблівае месца сярод іх займае Дзень яднання. Ён з'явіўся дзякуючы волі нашых брацкіх народаў аб'яднаць намаганні і сумесна ствараць сваю будучыню.
Глыбока сімвалічна, што на фоне цэнтрабежных тэндэнцый 90-х гадоў ХХ стагоддзя на ўсёй постсавецкай прасторы толькі мы, беларусы і расіяне, пераадолеўшы масіраваны знешні націск, змаглі закласці асновы адзінства на новым гістарычным этапе. З таго часу нашы краіны прайшлі вялікі шлях. Вопыт беларуска-расійскай інтэграцыі паспяхова прыменены ў сучасных маштабных праектах — Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Ён будзе выкарыстаны пры руху да наступнай пастаўленай намі мэты — Еўразійскага саюза. Мы прыйдзем да іншых арганізацыйных форм і ўзроўняў інтэграцыі, аднак фундаментам гэтых працэсаў назаўсёды застанецца гістарычнае рашэнне нашых народаў, прынятае 17 гадоў таму.
Сёння аб'ём беларуска-расійскага гандлю перавысіў ужо $43 млрд. Мы разам будуем АЭС, разам асвойваем космас, эфектыўна аб'ядноўваем патэнцыялы ў навуковай сферы, рэалізуем вялікую колькасць сумесных праектаў у розных галінах — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да адукацыі і сацыяльных паслуг.
Мы сістэмна ўзаемадзейнічаем у галіне знешняй і абароннай палітыкі і таму, нягледзячы на новыя пагрозы і нестабільнасць у свеце, упэўнена глядзім наперад.
І самае галоўнае — гэта тое, што грамадзяне нашых краін не адчуваюць сябе чужымі ні ў Беларусі, ні ў Расіі.
У сучасных умовах аб'ектыўная патрэбнасць у далейшым збліжэнні толькі ўзмацняецца. Вынікі пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы пацвердзілі гатоўнасць і далей развіваць гэты інтэграцыйны праект. Мы дакладна вызначым яго абноўленыя прыярытэты, паставім канкрэтныя мэты і зробім Саюзную дзяржаву яшчэ больш эфектыўнай для росту дабрабыту нашых народаў. Упэўнены, што толькі сумеснай мэтанакіраванай работай мы зможам у поўнай ступені рэалізаваць існуючыя ў нас патэнцыялы, забяспечыць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік, устойлівы рост дзяржаў і гарантаваць дастойнае жыццё людзей.
Дарагія сябры!
Ад усёй душы віншую вас са святам — Днём яднання народаў Беларусі і Расіі.
Перакананы, што ідучае ад сэрца арганічнае імкненне нашых народаў да сумеснага дынамічнага развіцця будзе і ў далейшым паспяхова ўвасабляцца ў жыццё.
Здароўя вам, шчасця, міру і дастатку.
Няхай умацоўваецца непарушнае стратэгічнае партнёрства нашых краін!
Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
2 красавіка 2013 года.