Храм беларускага мастацтва
Учора пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыўся Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Удзел у адкрыцці прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
У жыхароў сталіцы, ды і ўсёй краіны, з’явілася яшчэ адна нагода для гонару. Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, а цяпер і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — падобнымі аб’ектамі культуры з цікавым архітэктурным вырашэннем і найноўшым тэхнічным абсталяваннем можа пахваліцца не кожная сталіца. У Беларусі ж стварэнне і рэканструкцыя такіх аб’ектаў сталі адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. “Калі мы суверэнныя і незалежныя, а не нейкая правінцыя нейкай дзяржавы, то ў нашай краіне трэба ствараць сімвалы суверэнітэту і незалежнасці, тыя аб’екты, якімі мы будзем ганарыцца”, — гэтыя словы Прэзідэнта, сказаныя падчас адкрыцця тэатра оперы і балета, пацвярджаюцца канкрэтнымі справамі.
Адраджэнне Купалаўскага тэатра пачалося ў 2010 годзе. Рэканструкцыя будынка, узведзенага ў 1890 годзе, была сапраўды грандыёзная. Стаяла задача вярнуць тэатру яго гістарычны выгляд (дзве папярэднія рэканструкцыі шмат што змянілі і ў інтэр’еры, і ў фасадзе), але пры гэтым устанавіць у ім самае сучаснае абсталяванне. У працэсе рэканструкцыі былі дэмантаваныя ўсе апорныя і агараджальныя канструкцыі, падлога, задняя і бакавая прыбудовы, умацаваныя фундамент і сцены. На аб’екце працавала тысяча будаўнікоў.
І вось учора першыя наведвальнікі змаглі ўбачыць вынік іх працы. Будынак змяніўся і знешне — стаў такім, як у ХІХ стагоддзі, — але больш уражвае яго “начынне”. Сцэна тэатра ў глыбіню павялічылася на чатыры метры. У сіне-бірузовай глядзельнай зале стала менш месцаў, але паміж радамі з’явіліся зручныя шырокія праходы. Шмат зроблена і для зручнасці акцёраў, да прыкладу, вялікай радасцю для купалаўцаў сталі тры рэпетыцыйныя залы, адна з якіх па памерах цалкам дублюе асноўную сцэну.
Выслухаўшы падчас адкрыцця тэатра даклад міністра культуры Барыса Святлова аб выніках рэканструкцыі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці прапановы, каб вывесці дзейнасць тэатра на самаакупнасць: “Можа быць, давайце дадзім ім магчымасць зарабіць, вызвалім ад падаткаў і паглядзім, што атрымаецца”. Прадстаўнікі Міністэрства культуры і кіраўніцтва тэатра адзначылі, што некаторыя датацыі для дзейнасці тэатра ўсё ж спатрэбяцца. Прэзідэнт сказаў, што трэба падумаць і ўнесці адпаведныя прапановы, якія датычацца фінансавай дзейнасці тэатра.
Адкрыўся новы ва ўсіх сэнсах тэатральны сезон візітоўкай купалаўцаў — спектаклем “Паўлінка” (на фота), дарэчы, таксама абноўленым. У пастаноўцы асвяжылі касцюмы, дэкарацыі і акцёрскі склад — у галоўных ролях выступаюць маладыя акцёры.
У хуткім часе амаль увесь рэпертуар Купалаўскага тэатра вернецца на галоўную сцэну.
— Тут ёсць дзе разгарнуцца. Да рэканструкцыі сцэна была не вельмі зручная, маленькая, а зараз яна паглыблена на чатыры метры, — дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. — Шмат сучаснай механікі, святло еўрапейскага ўзроўню, цудоўны гук, відэапраекцыя — усё гэта дазволіць паказваць спектаклі з дадатковымі спецэфектамі. Героі пастановак змогуць нават лётаць — у нас ёсць два палётныя прыстасаванні.
Несумненна, на мадэрнізаванай сцэне з’явяцца і сучасныя эксперыментальныя пастаноўкі. Але адмаўляцца ад традыцый купалаўцы не збіраюцца: раней пастаўленыя спектаклі будуць выходзіць у нязменным выглядзе, асабліва такая пастаноўка-музей, як “Паўлінка”, адзначае мастацкі кіраўнік.
Убачыць усё гэта на свае вочы можа цяпер кожны, хто пажадае. А разам з тым і акунуцца ў прыгажосць роднай мовы, у такую блізкую — таму што нашу, родную — драматургію. Купалаўскі гасцінна расчыніў дзверы і, пахарашэўшы і аднавіўшыся, чакае сваіх гледачоў.