"Увесь свет аб’ядноўваецца"
Развіццё ваеннага складніка АДКБ і сітуацыя ў яе зоне адказнасці абмеркаваны 28 сакавіка на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжам.
"Мы на правільным шляху. Я прыехаў з далёкага і няпростага рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі. Праводзячы перагаворы, сустракаючыся са службовымі асобамі, я адзначаў, што ўсе ўсюды з гонарам гавораць аб тым, што аб'ядноўваюцца ў саюзы, пакуль гандлёвыя, гандлёва-эканамічныя. Але калі ёсць агульныя інтарэсы, то не далёкі той час, калі ім давядзецца (палітыка, зразумела, ідзе за эканомікай) прэвентыўна абараняць уласныя інтарэсы і ваенным чынам", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму ўвесь свет аб'ядноўваецца ў такія арганізацыі, не толькі ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Знаходзячыся ўжо ў рэгіёне Персідскага заліва, сустракаючыся са службовымі асобамі, я ад іх тое ж самае чуў, што краіны Заліва дамаўляюцца, у іх агульная мытная прастора, адзіная эканамічная палітыка, якая сёння напрацоўваецца. Ну а як краіны Заліва ўмеюць калектыўна абараняцца, мы ўжо бачылі гэта на прыкладзе Бахрэйна. Калі сітуацыя ўскладнілася, Саудаўская Аравія дапамагла і іншыя краіны".
"Я гэта кажу для таго, што нам няма чаго саромецца гаварыць аб тым, што ў нас ёсць ваенная арганізацыя і мы будзем усяляк яе ўмацоўваць. Лічу, пад гэтым лозунгам павінна прайсці і наша нефармальная сустрэча ў Кыргызстане, якую мы плануем", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Мікалай Бардзюжа далажыў Аляксандру Лукашэнку аб ходзе рэалізацыі рашэнняў Савета калектыўнай бяспекі, прынятых у снежні 2012 года, а таксама аб падрыхтоўцы пасяджэнняў статутных органаў Арганізацыі.
"Мы пачалі рэалізацыю тых, на мой погляд, прарыўных рашэнняў, якія прэзідэнты прынялі ў снежні на чарговай сесіі СКБ, у тым ліку тых, якія датычацца фактычна рэфармавання ваеннага супрацоўніцтва, выхаду на якасна новы ўзровень", — адзначыў генеральны сакратар.
Мікалай Бардзюжа згадаў аб прынятым рашэнні па стварэнні войскаў — Калектыўных сіл АДКБ, у якія ўвойдуць розныя ваенныя структуры Арганізацыі. "Мы завяршылі падрыхтоўку задумы стварэння калектыўных авіяцыйных сіл у АДКБ як дадатковага кампанента, які дасць магчымасць праводзіць авіяцыйнае прыкрыццё магчымых аперацый, забяспечыць магчымую перакідку тых або іншых сіл Арганізацыі пры неабходнасці вырашаць якія-небудзь задачы забеспячэння бяспекі. І цяпер працуем над задумай па стварэнні калектыўных сіл спецыяльных аперацый", — расказаў ён.
Акрамя таго, Прэзідэнту была прадстаўлена інфармацыя аб падрыхтоўцы да маючага адбыцца нефармальнага саміту АДКБ, які плануецца правесці ў маі гэтага года ў Кыргызстане. У прыватнасці, размова ішла аб пытаннях, якія неабходна абмеркаваць на сустрэчы прэзідэнтаў. Таксама адбыўся абмен думкамі аб развіцці сітуацыі на прасторы АДКБ у цэлым.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.