Навацыі ў сацабслугоўванні

Источник материала:  

Аб прыёмных сем'ях для старых, дамах-інтэрнатах павышанай камфортнасці і ўзмацненні адказнасці дарослых дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў

Колькі каштуе паслуга сядзелкі ў цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва і якая патрэба ў гэтых паслугах? Ці будзе больш жорсткай адказнасць дарослых працаздольных дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў? Калі запрацуе ў Беларусі дзяржаўны сацыяльны заказ? Учора на сайтах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі і БелТА з удзелам намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Аляксеевіча РУМАКА і спецыялістаў міністэрства прайшла оnlіnе-канферэнцыя на тэму "Сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва", на якой можна было атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Гродна: Ці будзе больш жорсткай адказнасць дарослых працаздольных дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў? Калі так, то якім чынам?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Гэтае пытанне разглядаецца. Дзяржава ў поўным аб'ёме будзе клапаціцца пра адзінокіх інвалідаў і адзінокіх пажылых грамадзян. Што тычыцца непрацаздольных грамадзян, якія маюць сваякоў, абавязаных па законе клапаціцца пра іх, плануецца змяніць умовы прадастаўлення ім сацыяльных паслуг, што аказваюцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).

Утрыманне непрацаздольных бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, з'яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей (абавязкі дзяцей у дачыненні да бацькоў замацаваны ў арт. 100 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і).

Прадугледжана, што грамадзянам, якія маюць паўналетніх дзяцей, мужоў і бацькоў, якія не з'яўляюцца інвалідамі І і ІІ групы і не дасягнулі ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах (альбо іншых фізічных або юрыдычных асоб, з якімі заключаны дагавор рэнты з выдзяленнем сродкаў на ўтрыманне, дагавор пажыццёвага ўтрымання з утрыманнем), спецыяльныя жылыя памяшканні ў дамах-інтэрнатах агульнага тыпу прадастаўляюцца на платных умовах. Тым самым прадугледжваецца залежнасць умоў пражывання ад наяўнасці ў грамадзян, якія паступаюць у інтэрнатную ўстанову, дзяцей працаздольнага ўзросту і, адпаведна, аказанне дзецьмі дапамогі па кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне сваіх бацькоў у такіх установах.

Жанна МАРКІНА, Мінская вобласць: Ці існуе чарга на пасяленне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання? Якія ўмовы аплаты за паслугі?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Чарговасці на пасяленне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сёння няма.

Памер аплаты за пражыванне ў такіх аддзяленнях складае 80% ад пенсіі, атрыманай непрацаздольным грамадзянінам.

У рамках работы па павышэнні адказнасці працаздольных дзяцей за сваіх непрацаздольных бацькоў разглядаецца пытанне аб змене ўмоў прадастаўлення сацыяльных паслуг тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва непрацаздольным грамадзянам, якія маюць сваякоў, абавязаных па законе клапаціцца пра іх.

Дарыцкая М.М., Гомель: Колькі каштуе паслуга сядзелкі ў цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва? Якая патрэба ў гэтых паслугах? Колькі чалавек у чарзе на аказанне паслугі сядзелкі?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Сёлета паслугі сядзелкі ўвайшлі ў пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. У сувязі з гэтым яны будуць аказвацца па сацыяльна нізкіх даступных цэнах, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

Зараз кошт норма-гадзіны на аказанне сацыяльных паслуг, якія ўваходзяць у згаданы пералік, складае ад 1500 рублёў у Мінскай вобласці да 2950 рублёў у Брэсцкай вобласці.

У 2012 годзе 143 сядзелкі аказалі дапамогу 286 чалавекам. Пры гэтым у Гомельскай вобласці такія паслугі не аказваліся.

Марыя Мікалаеўна, Смаргонь: Я жыву ў г. Смаргоні і нядаўна выйшла на пенсію. Хочацца чымсьці займацца, нешта рабіць. Чула, што ёсць нейкае паўстацыянарнае абслугоўванне. Што гэта такое?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: У ТЦСАН з 2007 года пачала ўкараняцца новая форма сацыяльнага абслугоўвання — паўстацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне, якое прадугледжвае знаходжанне чалавека ў цэнтры на працягу дня. Да 2010 года ва ўсіх цэнтрах былі адкрыты аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, а з 2011 года ў цэнтрах сталі стварацца аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. На 1 студзеня 2013 года такія аддзяленні функцыянавалі ўжо ў 10 цэнтрах, уключаючы цэнтр Смаргонскага раёна.

Тут для пажылых грамадзян створаны ўмовы для падтрымання актыўнага ладу жыцця: працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, камп'ютарны клас, праводзяцца розных культурна-масавыя і спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы.

Гэты кірунак работы дазваляе падтрымліваць здароўе і псіхалагічны стан пажылых людзей, знайсці ім занятак па інтарэсах, мець зносіны, тварыць. А, як вядома, актыўны чалавек менш хварэе, даўжэй захоўвае здольнасць абслугоўваць сябе і ў цэлым даўжэй жыве.

Таму рэкамендуем і вам звярнуцца ў цэнтр па адрасе: г. Смаргонь, вул. Кутузава, дом 15а.

Марына, Мінск: Адна выхоўваю дзіця. Атрымліваю дапамогу па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў. Падкажыце, калі ласка, на які перыяд мне могуць прызначыць штомесячную сацыяльную дапамогу?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Няпоўным сем'ям, у якіх ажыццяўляецца догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца на 6 месяцаў.

Святлана КАЗЛОВА, Магілёў: У Германіі некалькі гадоў таму ўведзены падатак на забеспячэнне людзей у старасці. Бацькі не могуць у поўнай меры спадзявацца на сваіх дзяцей, таму аддаюць перавагу плаціць падатак — ад 0,5% да 1,5%, каб гэтыя сродкі потым пайшлі на догляд. Ці магчыма ўвядзенне такога падатку ў Беларусі?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Увядзенне падобнага падатку ў нашай краіне не разглядаецца на цяперашнім этапе. Пры гэтым у дзейнае заканадаўства плануецца ўнясенне дадатковых захадаў, якія прадугледжваюць адказнасць дзяцей за ўтрыманне сваіх непрацаздольных бацькоў.

Святлана МЯРКУЛАВА, Магілёўская вобласць: Аляксандр Аляксеевіч, як вы ставіцеся да адкрыцця прыватных дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Міністэрства гатова падтрымліваць адкрыццё прыватных дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў.

Мірашнічэнка В.В., Мінск: Колькі ў Беларусі было выпадкаў высялення за няплату з дамоў-інтэрнатаў?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК:

Заканадаўствам прадугледжана высяленне грамадзян за няплату кошту пражывання ў стацыянарнай установе сацыяльнага абслугоўвання. На практыцы такая мера выкарыстоўваецца ў самым крайнім выпадку, аднак звестак аб такіх выпадках Міністэрства не мае.

Леанід МАРКОЎСКІ, Брэст: На якіх умовах арганізуюцца прыёмныя сем'і для старых?

Аляксандр Аляксеевіч РУМАК: Прыёмныя сям'і для пажылых грамадзян сёння створаны ў ТЦСАН Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Вельмі важным момантам пры іх стварэнні з'яўляецца падбор сем'яў, гатовых узяць да сябе пажылога чалавека, а таксама падбор пажылога чалавека, які мае патрэбу ў такой паслузе. Таму, пасля таго, як знойдзены такія людзі, ТЦСАН праводзіць псіхалагічнае тэсціраванне абодвух бакоў, пасля чаго праводзіцца "пробнае", гэта значыць гасцявое пражыванне. Калі абодва бакі гатовы прыняць рашэнне, заключаецца трохбаковы дагавор паміж сям'ёй, тэрытарыяльным цэнтрам і чалавекам. У адпаведнасці з названым дагаворам сям'я дае чалавеку жыллё, харчаванне, догляд. Чалавек уносіць у бюджэт сям'і абумоўленую суму грошай, а тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ажыццяўляюць кантроль і падтрымку чалавека і сям'і. Такая форма аптымальная: чалавек перастае быць адзінокім, атрымлівае поўны догляд у звыклых умовах.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО.

←Обзор важнейших событий 26 марта 2013 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика