Мілінкевіч назваў палітыкаў, якім можа передаць эстафетную палачку
Напярэдадні Дня Волі старшыня руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч наведалі палітзняволенага Паўла Севярынца.
Яны прывезлі ў Куплін, што ў Пружанскім раёне, дзе адбывае пакаранне на “хіміі” за Плошчу-2010 сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, прадукты і паштоўкі з паперай для перапіскі.
“Настрой у Паўла бадзёры. На волі збіраецца працягваць актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Дарэчы, у зняволенні Павел абсалютна абазнаны у палітычнай сітуацыі, у тым ліку ў міжнародных кантактах Беларусі. Ведае, што адбываецца ўнутры апазіцыі. І ён скіраваны на супрацу ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў”, — распавёў пра сустрэчу з Паўлам Севярынцам Юрась Губарэвіч.
Сваімі ўражаннямі ў інтэрв’ю Pyx.by падзяліўся і Аляксандр Мілінкевіч: “Я глядзеў на маладых — Паўла, Юрася, Аляксея — і думаў, што гэтыя былыя маладафронтаўцы разумныя, адказныя і ўжо дасведчаныя палітыкі. Слухаў і разумеў, што надыходзіць іх час: яны маюць зрабіць тое, што не заўсёды атрымоўвалася ў нас. І быў шчаслівы, што ёсць каму перадаць эстафетную палачку. Перамогі Вам, хлопцы!”.