Ні пакуты, ні здзекі не вытравілі з душы народа любоў да Айчыны

Источник материала:  

Сёння мы нізка схіляем галовы, успамінаючы сумную дату ў гісторыі беларускага народа — 70-ю гадавіну Хатынскай трагедыі.

22 сакавіка 1943 года смяротнае дыханне вайны навекі пахавала пад слоем попелу гэты куток беларускай зямлі, які падзяліў страшны лёс больш чым шасцісот населеных пунктаў нашай краіны, знішчаных разам з іх жыхарамі.

Пакутніцкую смерць ад рук фашысцкіх катаў прынялі 149 хатынцаў — мірных, простых людзей, мужчын і жанчын, старых і дзяцей. У чым была іх віна? Ды толькі ў тым, што яны, як і мільёны нашых суграмадзян, хацелі спакойна жыць і працаваць, засяваць палі, будаваць дамы і вырошчваць хлеб. І за гэта ім было прызначана пекла на зямлі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты развязалі сапраўдны генацыд супраць беларускага народа. Расстрэльваючы, катуючы, спальваючы зажыва, адпраўляючы на верную смерць у канцлагеры нашых суграмадзян, гітлераўцы хацелі запужаць беларусаў, знішчыць большую частку насельніцтва рэспублікі, а астатніх ператварыць у нявольнікаў.

Але іх чалавеканенавісніцкія планы пацярпелі поўны крах. Ніякія пакуты і здзекі не змаглі вытравіць з душы народа любоў да Айчыны, пазбавіць яго волі да барацьбы. У партызанскіх лясах, у падполлі рос і пашыраўся магутны і нястрымны рух Супраціўлення, на месца загінулых станавіліся новыя байцы, выганяючы ворага з роднай зямлі і набліжаючы Вялікую Перамогу.

70 гадоў — для гісторыі ўсяго толькі кароткае імгненне. Аднак хтосьці ўжо паспеў забыць урокі Другой сусветнай вайны. І сёння некаторыя моцныя гэтага свету спрабуюць умешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, выкарыстоўваючы палітычны, эканамічны і інфармацыйны шантаж, прымяняючы ваенную сілу супраць простых грамадзян. У розных кутках зямнога шара раз-пораз уздымае галаву міжнародны тэрарызм, забіраючы жыцці ні ў чым не вінаватых людзей.

Беларусь, якая не раз цярпела ад вайны і іншаземнай акупацыі, заклікае аб'яднаць намаганні ўсіх людзей добрай волі ў барацьбе супраць насілля і тэрору, за мір, за права кожнага народа ісці ўласным шляхам і самому выбіраць свой лёс.

Мы ніколі не забудзем імёны тых, хто аддаў жыццё дзеля нашай Айчыны. І сёння, у дзень смутку і жалю, клянёмся цвёрда стаяць на варце нашай незалежнасці, захоўваць стабільнасць, дабрабыт і пакой на беларускай зямлі.

Вечная слава абаронцам Айчыны! Вечны пакой палеглым у свяшчэннай барацьбе! Светлая памяць пра герояў і ахвяры мінулай вайны будзе жыць у сэрцах цяперашняга і будучых пакаленняў беларусаў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

←Обзор важнейших событий 21 марта 2013 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика