Знешнегандлёвая дзейнасць прадпрыемстваў: Не атрымліваецца канструктыўнай работы...

Источник материала:  

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч патрабуе ад прадпрыемстваў павысіць эфектыўнасць знешнегандлёвай дзейнасці, актывізаваць работу па нарошчванні экспарту. Аб гэтым ён заявіў учора на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе разгледжаны вынікі знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі за студзень гэтага года, а таксама планы па выхадзе на прагнозныя паказчыкі па знешнім гандлі ў цэлым па выніках года, перадае БелТА.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што існуючая сітуацыя па знешнім гандлі таварамі і паслугамі не задавальняе ўрад. "Замест актыўнай работы нашых прадпрыемстваў, гэта ў першую чаргу датычыцца сістэмы Мінпрама і "Белнафтахіма", пачынаюць шукаць нейкія аб'ектыўныя цяжкасці: той рынак прасеў, там не атрымліваецца і гэтак далей, — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч. — Не атрымліваецца канструктыўнай работы, у тым ліку дыверсіфікацыі нашых знешнегандлёвых намаганняў і асваення новых рынкаў".

Даручэнні ўрада па гэтым пытанні многія кіраўнікі прадпрыемстваў не выканалі. Прыярытэтным для іх застаецца расійскі рынак, разам з тым неабходна пашыраць экспартную геаграфію, выходзіць са сваёй прадукцыяй на новыя рынкі. "Многія нашы прадпрыемствы гавораць аб тым, што ў Расіі працаваць выгадна. Там сфарміравана неабходная інфраструктура і г.д. Усё гэта правільна. Але калі больш за дзевяноста працэнтаў шэраг прадпрыемстваў і міністэрстваў канцэнтруе менавіта на расійскім вектары — гэта нядобра. Нам трэба гандляваць і з іншымі краінамі", — запатрабаваў прэм'ер-міністр.

Ён паставіў задачу прыняць меры па скарачэнні складскіх запасаў, асабліва на прадпрыемствах "Беллегпрама".

Аналізуючы знешнегандлёвую дзейнасць і стан спраў у машынабудаўнічым комплексе краіны, кіраўнік урада выказаў занепакоенасць сітуацыяй на БМЗ і МАЗе. "Неабходна вырашаць пытанні і па іншых прадпрыемствах. Дрэнна працуе прамысловасць Мінска", — дадаў ён.

Як расказаў журналістам намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў, у студзені гэтага года ў Беларусі склалася дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў асноўным дзякуючы паспяховаму развіццю экспарту паслуг. "У гандлі таварамі сфарміравалася адмоўнае сальда — каля $100 млн. Выклікана гэта некаторым адставаннем ад мінулагодніх тэмпаў", — канстатаваў намеснік міністра. У цэлым, на яго думку, на фоне мінулых гадоў вынікі студзеня гэтага года атрымаліся не такімі ўжо і дрэннымі — "звычайна першы месяц года назіраецца зацішша, але мы зрабілі каля $3 млрд экспарту і гэта аптымістычна".

"Больш як дзве трэці галін і рэгіёнаў выконваюць намечаныя заданні па экспарце тавараў і паслуг. Гэта дае падставу лічыць, што па выніках года пры такой тэндэнцыі мы зможам выйсці на закладзеныя паказчыкі", — адзначыў Аляксандр Гур'янаў. Трэба будзе нарошчваць экспарт прамысловай групы тавараў, ёсць рэзервы і для росту паставак на знешнія рынкі нафтахімічнай прадукцыі.

←Сообщение пресс-службы Президента

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика