Савету па развіццю прадпрымальніцтва неабходна мадэрнізацыя
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатуе, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва не стаў генератарам канструктыўных ідэй і "лакаматывам" дынамічнага развіцця. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб дзейнасці гэтага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Амаль за дзесяцігадовую работу ў папярэднім складзе савету не ўдалося выканаць маё асноўнае патрабаванне — быць прамым сувязным звяном паміж бізнэсам і кіраўніцтвам краіны", — сказаў Прэзідэнт. "Мяркуйце самі. Перада мной пакет дакументаў, дзе справаздача аб рабоце савета з часу яго стварэння ў 1999 годзе. Як пачытаеш, дык і зроблена быццам бы не мала: пастаянныя сустрэчы з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу, семінары, круглыя і "квадратныя" сталы па абмеркаванні актуальных праблем, аналітычныя запіскі ва ўрад, іншыя органы ўлады, вялікі аб'ём публікацый у навукова-практычных выданнях, выступленні ў сродках масавай інфармацыі, штогадовая экспертыза нарматыўных прававых актаў і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аднак, паводле яго слоў, няма галоўнага, таго, аб чым прасіў яшчэ на першым пасяджэнні савета папярэдняга складу — уносіць прапановы непасрэдна, у тым ліку па ўдасканаленні не толькі заканадаўства, але і дзейнасці ўсёй бізнэс-супольнасці, а таксама наладзіць зваротную сувязь з прадпрымальніцкай супольнасцю.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Савет па развіццю прадпрымальніцтва неабходна было мадэрнізаваць і "добра ўзварухнуць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта практычна адзіны савет, які створаны пры Прэзідэнце. Ён растлумачыў, чаму згадзіўся на стварэнне менавіта такога савета: "З'явілася шмат неразбярыхі, вельмі шмат жадаючых, а вы памятаеце тыя часы, напэўна, цяпер гэтага менш, з праваахоўных органаў, з дзяржаўных структур, чыноўнікаў, якія гатовы былі стварыць вам "дах", за кошт вас пагрэць рукі і нажыцца. Мяне такая перспектыва ніяк не задавольвае. Гэта перспектыва таксама непрымальная для дзяржавы. Таму для мяне было важна, каб новыя людзі ўпісаліся ў тую палітыку, якая праводзілася толькі з адной мэтай, каб лепш было на нашым кавалку зямлі вам і іншым людзям, якія разам з вамі працуюць. Я хацеў, каб было ўсё сумленна і прыстойна. І вы, як людзі, якія лепш за мяне ведаюць тое, што адбываецца ў бізнэс-супольнасці, павінны былі мяне інфармаваць па гэтых пытаннях". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такой інфармацыі ён ад прадпрымальнікаў не атрымліваў.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрымальнікі — не тыя людзі, якім трэба ствараць ільготныя і цяплічныя ўмовы. "Вы мяне не папракняце, што я кагосьці з бізнэсменаў у краіне сілай прымушаў дапамагаць дзяржаве. Можаце — дапамажыце, не можаце — бог з вамі. Адпаведныя будуць адносіны з боку дзяржавы і мяне да вас", — дадаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што "роўнапрыбліжаны да ўсіх: бізнэсменаў, небізнэсменаў — усіх, хто хоча дабра для краіны". "Таму калі ў вас будуць нейкія праекты, патрэбныя для краіны, — калі ласка, дзверы ў мяне адчынены. Я падтрымаю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Але ні ў якім выпадку не лабіраванне нейкіх інтарэсаў, каб лягчэй жыць", — папярэдзіў Прэзідэнт. "Хачу, каб вы дакладна ўсведамлялі: любыя спробы бізнэсменаў уздзейнічаць на органы дзяржаўнай улады з мэтай стварыць "дах" для свайго добрага жыцця будуць паварочвацца крахам для такіх ініцыятыў і структур", — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для работы прадпрымальнікаў нормай павінна стаць не лабіраванне інтарэсаў асобных фірм і кампаній, а маштабная, рознабаковая, канструктыўная дзейнасць, не выбіванне льгот і датацый з бюджэту, а павелічэнне ўкладу прыватнага сектара ў вытворчасць валавога ўнутранага прадукту, у павышэнне эфектыўнасці беларускай эканомікі.
"Хачу падкрэсліць: калі нехта з бізнэсменаў будзе фінансаваць "пятую калону" або нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там — свае законы. Пасля няхай не крыўдзяцца такія бізнэсмены", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нормай жыцця для прадпрымальнікаў павінен быць удзел у сацыяльных праграмах. "Тады людзі будуць вас паважаць. І не давядзецца разважаць аб негатыўным іміджы бізнэсменаў", — лічыць прэзідэнт. Ён расказаў, што спецыяльна прасіў сфарміраваць савет без удзелу дзяржслужачых і чыноўнікаў, за выключэннем старшыні, каб гэта структура не была "кішэннай". "Вы — людзі, якія ўжо адбыліся ў бізнэсе. І для мяне вельмі важна чуць ваша меркаванне па найбольш актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Прычым мне асабліва цікавы альтэрнатыўны пункт гледжання, які адрозніваецца ад пункту гледжання ўрада і іншых чыноўнікаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што чакае ад удзельнікаў нарады прапаноў, але не па прыватных, а па агульных пытаннях, па тых, якія павінен вырашаць Прэзідэнт або на якія ён павінен звяртаць асаблівую ўвагу.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важнейшая задача савета — актыўна ўплываць на прадпрымальнікаў, разумна даводзіць да іх дзяржаўную палітыку, каб забяспечваць аптымальнае спалучэнне інтарэсаў грамадства і бізнэсу, ствараць умовы для цывілізаванага рынку, падтрымліваць вытворцаў тавараў і паслуг, а не спекуляцыйны бізнэс.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на той факт, што мадэрнізацыя эканомікі з'яўляецца задачай не толькі дзяржаўнага сектара. На яго думку, у яе вырашэнне неабходна ўключыць увесь айчынны бізнэс і максімальную колькасць замежных інвестараў. "Рашэнні, прынятыя намі сёння, павінны кардынальна палепшыць работу савета, каб яна адпавядала высокім сучасным патрабаванням", — сказаў Прэзідэнт.