Для дэвальвацыі нацыянальнай валюты аб'ектыўных прычын сёння няма

Источник материала:  

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся ўчора з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў хлебапрадуктаў, пашырэннем наменклатуры і павышэннем якасці выпускаемай прадукцыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Прэзідэнт наведаў адкрытае акцыянернае таварыства "Мінскі камбінат хлебапрадуктаў", дзе размова ішла не толькі аб фінансава-вытворчым стане і перспектывах развіцця канкрэтнага прадпрыемства, але і ўсёй галіны ў цэлым.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб тэхпераўзбраенні і выпуску на прадпрыемстве новых відаў прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка агледзеў тэрыторыю камбіната і вытворчыя памяшканні, азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі, што вырабляецца прадпрыемствамі дэпартамента па хлебапрадуктах Мінсельгасхарча.

Дарэчы, за 2008-2012 гады на мадэрнізацыю дзеючых і будаўніцтва новых вытворчасцяў на прадпрыемстве накіравана Br76,4 млрд., у тым ліку Br18,6 млрд. у 2012 годзе. Праводзімая работа па тэхнічным перааснашчэнні дала магчымасць забяспечыць зніжэнне ўзроўню зносу актыўнай часткі асноўных сродкаў. Асартымент выпускаемай прадукцыі пашыраны ў два разы — з 30 да 60 пазіцый.

Насельніцтва краіны ў любы год будзе забяспечана хлебам у неабходнай колькасці

"Усё насельніцтва заўсёды будзе забяспечана ўволю хлебам у любы год, складаны або не. Мы можам з лішкам нарыхтаваць розных культур, каб накарміць наш народ", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тыя часы, калі вытворцы не хацелі везці і прадаваць хлеб, прайшлі ўжо: "Сёння гэта практыка. Людзі прывыклі, прыватныя і дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы, што трэба вырабіць хлеб. Дзяржзаказ — гэта святое. Таму дзяржзаказам вы, прадпрыемствы хлебапрадуктаў, будзеце забяспечаны заўсёды пад патрэбнасць", — дадаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка патрабуе выканання дзяржаўных стандартаў якасці пры вытворчасці харчовай прадукцыі. "Ніякіх тэхнічных умоў, толькі дзяржстандарты. І не дай бог мы ад гэтага адыдзем", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Каштоўнасць нашай прадукцыі ў тым, што ў нас натуральны прадукт. І гэта я чую ўсюды — у Расіі, Украіне і далёка за межамі былога Саюза. Хлеб — хлебам пахне, мясныя вырабы — гэта мяса, а не соевыя і іншыя напаўняльнікі", — дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "людзі гатовы плаціць у 3 разы большую цану, але каб гэта было натуральнае". "Таму не дай бог вы адыдзеце пад нейкай маркай ад дзяржаўных стандартаў. Калі дзе-небудзь нахімічылі — вяртайце назад, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта наша самая вялікая заслуга, што мы захавалі дзяржаўныя стандарты савецкіх часоў і іх палепшылі, узмацнілі", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прадпрыемствы галіны хлебапрадуктаў павінны заставацца ў руках дзяржавы і не падлягаюць прыватызацыі

Прэзідэнт заявіў: "Ланцужок: поле, пастаўкі збожжа, хлебазаводы — гэта жалезна дзяржаўныя прадпрыемствы. Іх ні ў якім разе нельга прыватызаваць. Каб больш не было наконт гэтага размоў. — Усё астатняе мы не забараняем: у гіпермаркетах, на вуліцы, дома (галоўнае — санітарыя) няхай прыватнікі піражкі і булкі пякуць і прадаюць, як ва ўсім свеце. Але вось гэта аснова павінна застацца дзяржаўнай. Ні аб якой прыватызацыі размовы быць не можа. Тое ж самае малочная і мясная вытворчасць. Усё астатняе, што з'явіцца прыватнае, мы будзем падтрымліваць. Прыватнікі добрыя людзі, але глядзяць у сваю кішэню. А буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы ў гэтай сферы — гэта своеасаблівы рычаг і баланс на рынку, каб людзі былі забяспечаны самым неабходным — хлебам", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"І так павінна быць усюды — малако, адзенне і г.д. Гэта дзяржаўны клопат і дзяржпрадпрыемствы павінны забяспечваць. Прыватныя — калі ласка, хоць тысячу прадпрыемстваў, няхай канкурыруюць. Мы нічога не будзем забараняць. Гэта нават выгадна, няхай прыватнік з'яўляецца, паказвае свой спрыт, але мы ў любы час зможам адрэгуляваць цэны да прымальных для нашага насельніцтва", — дадаў Прэзідэнт.

Аб'ектыўных прычын для дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў Беларусі няма

Журналісты папрасілі Прэзідэнта пракаменціраваць меркаванне асобных экспертаў аб тым, што высокія задачы па мадэрнізацыі ў краіне могуць быць рэалізаваны толькі за кошт дэвальвацыі нацыянальнай валюты. "Я да гэтага стаўлюся як да размоў. У нас сёння няма ніякай неабходнасці дэвальваваць нацыянальную валюту. Але калі нехта думае, што мадэрнізацыю можна правесці за кошт дэвальвацыі, мне такая мадэрнізацыя не патрэбна. Я не хачу праводзіць перыядычна грамадства праз крызісы і ўзрушэнні дзеля таго, каб пабудаваць будынак або паставіць новую лінію. Мы лепш даўжэй, але спакойна правядзём гэту мадэрнізацыю", — падкрэсліў беларускі лідар.

"Некаму зноў хочацца ўскалыхнуць грамадства, закрычаць аб дэвальвацыі. Ну, пакрычаць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта для мяне наогул навіна, што нейкія ідыёты ў краіне, так званая экспертная супольнасць, гавораць аб дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў імя нейкай мадэрнізацыі. Мадэрнізацыя такой цаной нам не патрэбна. У нас сёння аб'ектыўных прычын для дэвальвацыі нацыянальнай валюты няма", — запэўніў Прэзідэнт. Пры гэтым ён спаслаўся на інфармацыю, якая прадастаўляецца кіраўніком Нацбанка, аб тым, што апошнім часам у валютнай сферы ідуць дадатныя працэсы. Насельніцтва і юрыдычныя асобы сталі менш купляць валюты, а Нацыянальны банк, наадварот, скупляе больш, чым прадае. "Навошта, паўстае пытанне, на роўным месцы ствараць праблему, якая ўзрушвае ўсё грамадства?" — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер у бліжэйшы час разабрацца са стаўкамі па крэдытах. "Паглядзім, якая цана гэтых крэдытаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што беларускія банкі прыцягваюць па высокіх працэнтных стаўках сродкі насельніцтва, тым самым утрымліваючы высокі кошт крэдытаў, у тым ліку для юрыдычных асоб. "Таму трэба паглядзець па гэтых грашах. Хоча насельніцтва мець добрыя дывідэнды за грошы, добра, мы ў іх возьмем, але банкі няхай думаюць, куды гэтыя грошы потым размяшчаць", — сказаў Прэзідэнт. — Нам трэба разабрацца адназначна, і на пасяджэнні ўрада мы павінны аб гэтым сказаць", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Умовы продажу буйных беларускіх прадпрыемстваў агучаны

Прэзідэнт не бачыць неабходнасці ў спешцы прадаваць беларускую ўласнасць Расіі. "Пакуль ніякага продажу і абмену ўласнасці не будзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта вольныя развагі або асобных, магчыма, чыноўнікаў, або тых, хто хоча атрымаць інфармацыю, што ж скажа Лукашэнка наконт прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў. Не дачакаецеся! Ніхто за бясцэнак прадпрыемствы прадаваць не будзе".  Прэзідэнт таксама адзначыў, што ўмовы продажу буйных беларускіх прадпрыемстваў былі агучаны неаднаразова. Прэзідэнт лічыць, што Беларусі і Расіі спачатку трэба папрацаваць ва ўмовах, напрыклад, аб'яднання прадпрыемстваў, а не іх продажу. У якасці прыкладу ён прывёў прадпрыемствы МАЗ і КамАЗ. "Давайце аб'яднаемся, як быццам мы абмяняліся адзін з адным акцыямі, аб'яднаемся без продажу, адпрацуем сістэму, убачым вынік, гэта значыць — зарплата павысіцца, на складзе не будзе прадукцыі, будзем прадаваць больш эфектыўна, па больш высокай цане, нікога не пусцім на наш рынак, больш будзе падаткаў ў беларускі і расійскі бюджэты. Вось калі мы папрацуем такім чынам, тады я са спакойнай душой змагу прадаць акцыі МАЗа. Толькі так", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "А не бачачы выніку, я ніколі на гэта не пайду", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што без Прэзідэнта ў краіне ні адно прадпрыемства прададзена быць не можа. "Працэс прыватызацыі вельмі сур'ёзны, а ў Беларусі — дзесяцікратна сур'ёзны", — сказаў ён. "Відаць, пакуль я тыдзень адсутнічаў, вы ўжо нахамуталі тут. Не, супакойцеся, я прыехаў ужо ў краіну, прадаваць нічога не будзем", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Мадэрнізацыя — галоўнае пытанне ў развіцці грамадства і вытворчасці

Прэзідэнт Беларусі патрабуе паскорыць тэмпы мадэрнізацыі прадпрыемстваў у сувязі з узрастаючай канкурэнцыяй на замежных рынках і ўступленнем асноўных краін-партнёраў у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці хопіць у краіне рэсурсаў для рэалізацыі маштабных планаў па мадэрнізацыі прадпрыемстваў. "Хто штучна хоча загубіць справу, той крытыкуе нармальны і натуральны працэс. Калі не мадэрнізавацца, то прадпрыемства разваліцца. Я проста яшчэ раз актуалізаваў тое, што павінна быць заўсёды. Мадэрнізацыя павінна быць заўсёды — гэта пастаянны працэс", — адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што дадзеныя ім даручэнні і патрабаванні ў пытанні мадэрнізацыі звязаны з тым, што па асобных напрамках намецілася пэўнае адставанне. "А па-другое, і гэта галоўнае, нават там, дзе мы не адстаём і ідзём у нармальным тэмпе, як планавалі, трэба паскорыцца. Паколькі цяпер канкурэнцыя павялічваецца, і ў тым ліку ў сувязі з уступленнем нашых асноўных партнёраў у СГА. Вось чаму я падганяю гэтыя працэсы па мадэрнізацыі", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб неабходнасці захавання дзяржаўнага кантролю над прадпрыемствамі, якія жыццёва важныя для народа, гэта, у прыватнасці, датычыцца галіны хлебапрадуктаў, вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, адзення. "Яны будуць дзяржаўнай уласнасцю практычна заўсёды. Калі мы нейкую долю і будзем прадаваць за вялікія грошы, то кантроль дзяржавы павінен захоўвацца заўсёды, прынамсі, пакуль я Прэзідэнт", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Сорамна за беларускі хакей

Не толькі эканамічныя і сацыяльныя пытанні былі закрануты кіраўніком дзяржавы ў час наведання прадпрыемства. Гаварыў Аляксандр Лукашэнка і пра спорт. "Тое, што беларуская хакейная каманда не трапляе на Алімпійскія гульні, — гэта ганьба, — лічыць ён. — Мінскае "Дынама" — самы багаты клуб, дзе хакеісты зарабляюць вялікія грошы. Мне ўдвая сорамна не толькі гаварыць, а нават слухаць аб тым, як гуляе наша мінскае "Дынама".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час мае намер сур'ёзна разгледзець сітуацыю з беларускім спортам і разабрацца з існуючымі праблемамі. "На наступным тыдні ў мяне будзе размова з нядаўна назначанай "тройцай": міністрам спорту, памочнікам Прэзідэнта і першым віцэ-прэзідэнтам НАК. Я ў іх спытаю ацэнку і аб тым, дзе іх дзеянні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. —  Тое, што зрабіла зборная па хакеі, — гэта ні ў якія рамкі не лезе. І ў бліжэйшы час мы разбяромся. Я на гэта спакойна глядзець не буду, усе былі папярэджаны", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што ў бліжэйшы час разбярэцца і з зарплатамі: "Некаторыя трэнеры атрымліваюць сёння ў месяц па 70 млн. рублёў, а то і больш, займаючы апошнія месцы". "Ці патрэбна нам такое мінскае "Дынама" ў КХЛ? Мы жывём у Мінску, заўтра ляцім у Хабараўск, за трыдзевяць зямель гуляць з гэтымі клубамі. Туды заляцелі — двое сутак, адтуль — двое сутак, ні трэніровачнага працэсу, ні адпачынку — нічога няма. Чаму б КХЛ не падзяліць да Урала і пасля, як зроблены ўсходняя і заходняя канферэнцыі ў НХЛ", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Я прапанаваў бы еўрапейцам стварыць еўрапейскую лігу. У расіян быў бы КХЛ, казахі, магчыма, падключыліся б, можа, украінцы або нейкая наша каманда гуляла, але еўрапейцам трэба мець сваю лігу. Вось мы маглі б тут выступаць. Мы зляталі б у Берлін, куды дзве-тры гадзіны пералёту, і вярнуліся ў гэты ж дзень. Спартсменам ёсць магчымасць адпачыць. А так мы шмат перамяшчаемся, нясём вялікія затраты на пералёты", — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў КХЛ "праблем больш чым дастаткова". "Можа, нам адмовіцца ад удзелу ў КХЛ, не траціць дзясяткі мільёнаў долараў, а ўкласці гэтыя грошы ва ўласных хакеістаў?" — прапанаваў Прэзідэнт.

"А што сёння робіцца на велатрэку, дзе нашых і блізка няма? А прасілі ж мяне: вы нам пабудуйце велатрэк, мы вас засыплем медалямі. Дзе гэты вынік?" — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што праблем шмат у спартыўнай галіне. "Відаць, у нашых спартыўных функцыянераў або мазгі не круцяцца, замерзлі, або яны не хочуць працаваць. Пойдуць вуліцы месці", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі нельга загубіць спартыўную галіну. "Трэба наводзіць не тое што парадак, а пад корань выразаць гэтыя ненармальныя прывычкі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Трэба выбудоўваць сістэму так, як гэта ўжо вядома ў свеце па розных відах спорту, — сказаў Прэзідэнт. — Вось, Азаранка — зорачка загарэлася, а хто за Азаранкай? Ніхто. Ці Домрачава. Гэта значыць, на адзінках спорт не ўзнімеш. Таму будзем вельмі сур'ёзна працягваць займацца гэтымі пытаннямі, і я думаю, у нас хопіць магчымасцяў і сіл, каб арганізаваць працэс так, каб Беларусь усё ж такі ўтрымлівала тыя пазіцыі, якія былі дасягнуты некалькі гадоў таму".

Што датычыцца фінансавання спартыўнай галіны, то Прэзідэнт не лічыць патрэбным яго сёння кардынальна змяняць. На яго думку, пытанне ў размеркаванні сродкаў.

←Хлеб модернизации

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика