Міхаіл Мясніковіч: "Усе банкі павінны працаваць на эканоміку краіны"

Источник материала:  

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапануе сістэмна вырашаць праблему высокіх працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах. Аб гэтым ён заявіў учора на пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў, перадае БелТА.

"Праблему высокіх працэнтных ставак трэба здымаць на сістэмнай аснове і не толькі за кошт бюджэту, дзяржбанкаў і Банка развіцця", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Тут сваю ролю павінна адыграць і Міністэрства фінансаў. Мінфін павінен больш рэальна і актыўна ўплываць на дзейнасць банкаўскай сістэмы краіны, грашова-крэдытную палітыку, рынак капіталу. "Гэта значыць, не прымаць за аксіёму высокія працэнтныя стаўкі ва ўмовах, якія дыктуюцца банкамі", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Адхіленні на 1 працэнт ад плана па стаўцы фінансавання прыводзяць да страты бюджэту прыкладна на Br300 млрд, заўважыў ён. А між тым у грашова-крэдытнай палітыцы, у бюджэце расходы прапісаны. Калі адбываюцца дадатковыя расходы, некага давядзецца недафінансаваць.

Цяпер на рахунках у недзяржаўных банках размешчана амаль 50 працэнтаў сродкаў у замежнай валюце. "Я лічу, што тут уплыў Міністэрства фінансаў павінен быць адчувальным, — адзначыў прэм'ер-міністр. — Недзяржаўныя камерцыйныя банкі сёння зарабляюць вялікія прыбыткі, іх кіраўнікі атрымліваюць салідныя бонусы за кошт нашай эканомікі, рэальнага сектара і сферы паслуг, за кошт таго, што ў нас ёсць аб'ектыўныя цяжкасці. Думаю, што ў першым квартале 2013 года мы навядзём у гэтай справе парадак, давядзецца, вядома, выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Але ў прынцыпе рэзерваваць валюту і зніжаць крэдытаванне недапушчальна".

Усе банкі павінны працаваць на эканоміку краіны і ў першую чаргу на яе мадэрнізацыю.

Кіраўнік урада нагадаў, што ў бюджэце 2013 года запланавана Br13 трлн на дзяржпадтрымку праектаў у эканоміцы. Гэта складае 11 працэнтаў расходаў бюджэту. Таму сродкі павінны выкарыстоўвацца з максімальнай эфектыўнасцю. "І Мінфін павінен быць зацікаўлены не толькі ў тым, каб гэтыя рэсурсы аддаць правільна на падтрымку адпаведных праектаў, ён павінен быць зацікаўлены і ў стварэнні эфектыўных вытворчасцяў як будучых эфектыўных падаткаплацельшчыкаў", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Бюджэтную падтрымку атрымаюць тыя, хто яе максімальна эфектыўна выкарыстоўвае. Задача Мінфіна — забяспечыць прыярытэтнае фінансаванне высокаэфектыўных інавацыйных праектаў.

Ацэньваючы работу фінансавай сістэмы краіны ў мінулым годзе, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што яна была эфектыўнай і адэкватнай макраэканамічнай сітуацыі.

←Плата по счетам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика