"Дзяржаўныя СМІ дамінуюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі"
Аб гэтым журналістам паведаміў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі перад калегіяй ведамства па выніках 2012 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Алег Праляскоўскі адзначыў, што разавыя тыражы рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ — 800 тыс. і 900 тыс. адпаведна — застаюцца на ранейшым узроўні на працягу некалькіх гадоў, але і не растуць. "З гэтым звязана тое, што мы пайшлі ў інтэрнэт. Не хачу глыбока смуткаваць, гаварыць, што мы прайграем "пятай калоне" інтэрнэт. Гэта няпраўда, усе нашы СМІ тут прадстаўлены. Больш таго, кожная раённая газета мае свой сайт", — падкрэсліў міністр.
"Цяпер мы робім вялікі партал СМІ ў Беларусі, які будзе служыць пунктам выхаду на сайт любой газеты, любога канала", — паведаміў Алег Праляскоўскі.
Міністр інфармацыі падкрэсліў, што дзяржаўныя СМІ, як друкаваныя, так і электронныя, утрымліваюць лідарства ў рэйтынгах, а значыць, дамінуюць у інфармацыйнай прасторы Беларусі.
На базе грамадска-палітычнага выдавецкага дома, які ствараецца ў Беларусі на аснове чатырох рэспубліканскіх газет, з часам могуць быць створаны радыё, інфармацыйнае агенцтва, оnlіnе тэлебачанне, заявіў міністр.
Акупнасць рэгіянальнай дзяржаўнай прэсы Беларусі склала каля 95 працэнтаў у 2012 годзе, паведаміў намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч.
Намеснік міністра інфармацыі адзначыў, што эканамічнае становішча рэдакцый рэгіянальнай прэсы ў 2012 годзе палепшылася. З прыбыткам спрацавалі 44 рэдакцыі. Для параўнання: у 2011 годзе такіх было 29.