Беларусь і Амурская вобласць будуць пашыраць усебаковае ўзаемадзеянне

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў 5 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расіі Алегам Кажамякам.

Беларусь разглядае Амурскую вобласць як пляцоўку для нарошчвання супрацоўніцтва з Далёкаўсходнім рэгіёнам Расіі, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы хацелі б стварыць нейкую беларускую базу на вашай тэрыторыі, праз якую мы будзем супрацоўнічаць з усім Далёкаўсходнім рэгіёнам", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў гэтым рэгіёне вялікая цікавасць да беларускай прадукцыі. "Думаю, што гэта было б добрае месца для нашай эканамічнай экспансіі на Далёкі Усход", — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым выказаў задавальненне тэмпамі развіцця адносін Беларусі з Амурскай вобласцю. "Няхай мы не маем мільярдныя лічбы ў тавараабароце, але тыя тэмпы, якімі мы развіваемся, для нас вельмі прымальныя, — сказаў Прэзідэнт. — Не ўсё ў адносінах павінна вымярацца мільёнамі долараў, сельскагаспадарчай тэхнікай, пастаўкамі, хоць эканоміка — аснова нашых адносін, і тое, што мы стварылі на амурскай зямлі сумесныя вытворчасці, выпускаем ужо там патрэбную сёння для Далёкага Усходу тэхніку — гэта таксама важна".

Прэзідэнт падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку ствараць сумесныя вытворчасці ў Амурскай вобласці, займацца не толькі зборкай тэхнікі, але і ўзмацняць лакалізацыю. На сумесных зборачных вытворчасцях збожжаўборачных камбайнаў, створаных з удзелам ААТ "Лідаграпраммаш" і ВА "Гомсельмаш", з беларускіх машынакамплектаў сабрана амаль 500 камбайнаў. У 2012 годзе ў Амурскай вобласці арганізавана зборка энерганасычаных трактароў з камплектуючых РУП "МТЗ", у мінулым годзе ў гэты рэгіён таксама было пастаўлена 28 кар'ерных самазвалаў БелАЗ грузападымальнасцю 130 т. Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў, што бакі выйдуць на будаўніцтва яшчэ некаторых сумесных вытворчасцяў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вялікі вопыт работы ў сферы аграпрамысловага комплексу, якім краіна гатова падзяліцца з Амурскай вобласцю, асабліва ў сферы жывёлагадоўлі, селекцыі сельскагаспадарчых культур. Дарэчы, па апошнім напрамку бакі ўжо вядуць узаемадзеянне. Так, у 2012 годзе праведзена выпрабаванне сартоў соі беларускай селекцыі, двух сартоў пшаніцы, якія паказалі высокую ўраджайнасць на доследных палях Прыамур'я.

Прэзідэнт выказаў таксама гатоўнасць па ўдзеле беларускага боку ў будаўніцтве буйных інфраструктурных аб'ектаў Амурскай вобласці. "Мы гатовы "пад ключ" працаваць у вас, канкурыруючы нараўне з усімі. Нам не трэба нейкіх дадатковых прэферэнцый, думаю, па якасці і цане мы будзем апярэджваць нашых канкурэнтаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі і Амурскай вобласці шмат напрамкаў супрацоўніцтва. "Думаю, што той шлях, які мы прайшлі, значны, але гэта толькі фундамент, на якім мы гатовы развіваць наша супрацоўніцтва", — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што старшынства Алега Кажамякі ў Савеце Міжрэгіянальнай асацыяцыі эканамічнага ўзаемадзеяння суб'ектаў Расійскай Федэрацыі "Далёкі Усход і Забайкалле" і актыўнасць Амурскай вобласці таксама паслужаць дынамічнаму развіццю адносін.

У сваю чаргу губернатар Амурскай вобласці Алег Кажамяка пацвердзіў гатоўнасць развіваць далейшае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскай гаспадаркі, нарошчваць пастаўкі беларускай тэхнікі, ствараць сэрвісныя, дылерскія цэнтры. Акрамя таго, Амурскай вобласці цікавы беларускі вопыт па развіцці малочнатаварных комплексаў. Губернатар прапанаваў беларускаму боку прыняць удзел у стварэнні "пад ключ" малочных ферм. Алег Кажамяка выказаў упэўненасць, што дынаміка, якая ёсць у адносінах з Беларуссю, будзе нарошчвацца.

Размова з расійскай дэлегацыяй атрымалася грунтоўная і канкрэтная. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць у развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Амурскай вобласцю. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць і эфектыўнасць рэгулярных візітаў расійскага губернатара ў Мінск. Алег Кажамяка наведвае Мінск ужо трэці раз. І, як звычайна, — з новымі цікавымі ідэямі і прапановамі да беларусаў па паглыбленні кааперацыі.

"Калі бачыш губернатара, які клапоціцца аб сваім рэгіёне, гэта самая вялікая гарантыя ў адносінах", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У час сустрэчы Прэзідэнт і губернатар не проста абмяняліся думкамі аб сітуацыі ў двухбаковых адносінах, але і выразна вызначылі перспектывы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на бліжэйшы перыяд.

"Мы будзем разглядаць пытанне, каб зазямліцца там, на Амурскай зямлі, і працаваць на Далёкім Усходзе", — паўтарыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Амурская вобласць узаемна цікавыя адна адной. Паколькі расійскі рэгіён актыўна развівае сельскую гаспадарку, якасная беларуская тэхніка там вельмі дарэчы. Прычым, як расказаў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, лінейны рад беларускай тэхнікі пашыраецца і з улікам кліматычных умоў Амурскай вобласці. Беларускія трактары, камбайны добра зарэкамендавалі сябе на Далёкім Усходзе.

Але калі ў мінулыя візіты размова ішла аб пастаўках і зборцы беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, то цяпер расійская дэлегацыя заявіла і аб неабходнасці развіцця сэрвісных і дылерскіх цэнтраў. Па словах Алега Кажамякі, расіяне маюць намер нарасціць закупкі беларускай тэхнікі, нягледзячы на існуючую канкурэнцыю, асабліва пры ўмове арганізацыі яе сэрвіснага абслугоўвання.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што беларускі бок дапаможа з наладжваннем сэрвісу, а таксама з навучаннем спецыялістаў.

Губернатар Амурскай вобласці падкрэсліў: "Пастаўкі з Беларусі выгадныя для нас". Ён таксама сказаў аб тым, што Далёкі Усход — ёмісты рынак горнай тэхнікі, таму ў сістэме нетракарыстання таксама ёсць вялікія перспектывы.

Адным з напрамкаў, у якім Амурскай вобласці спатрэбіцца беларускі вопыт, з'яўляецца будаўніцтва новых сельгасаб'ектаў. У прыватнасці, размова ішла аб тым, каб беларусы дапамаглі расіянам з узвядзеннем збожжатакоў, малочнатаварных комплексаў розных тыпаў і іх камплектаваннем, а таксама будаўніцтвам аграгарадкоў. Як падкрэсліў Прэзідэнт, спачатку беларускія спецыялісты могуць ажыццявіць адзін такі пілотны праект, а потым з улікам ужо існуючага вопыту будуць рухацца далей.

Яшчэ адна тэма перспектыўнага супрацоўніцтва, якая абмяркоўвалася на сустрэчы, — лесанарыхтоўка ў Амурскай вобласці з удзелам беларускага боку. Расійскі губернатар запрасіў беларускія кампаніі для работы ў гэтай сферы. Прэзідэнт Беларусі даручыў прапрацаваць гэта пытанне.

"Мы — сур'ёзныя партнёры. Тое, аб чым дамовіліся, зробім", — запэўніў Аляксандр Лукашэнка па выніках размовы. У сваю чаргу Алег Кажамяка выказаў надзею, што супрацоўніцтва Беларусі і Амурскай вобласці ў далейшым будзе толькі пашырацца за кошт новых праектаў.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Милые бранятся, соседи тешатся

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика