Забяспечыць надзейнае процідзеянне выклікам і пагрозам пагранбяспецы

Источник материала:  

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў учора на нарадзе па зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы Беларусі ў 2013 годзе, перадае карэспандэнт БелТА.

Як адзначыў Прэзідэнт, раней неаднаразова і ў розных фарматах разглядаліся пытанні забеспячэння пагранічнай бяспекі. "Прычынай для гэтага сталі як правядзенне антыбеларускай палітыкі санкцый з боку Захаду, правакацыі на граніцы, так і абвастрэнні праблем, звязаных з яе абаронай. Усё гэта патрабуе асаблівай увагі і сур'ёзнага аналізу існуючай сістэмы аховы нашых рубяжоў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сітуацыя з апошнім парушэннем дзяржаўнай граніцы прывяла да неабходнасці прыняць строгія кадравыя рашэнні. Таксама мною былі дадзены адпаведныя даручэнні па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння аховы граніцы і паляпшэнні міжведамаснай узгодненасці ў гэтай сферы".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівае значэнне надавалася выпрацоўцы мер па павышэнні эфектыўнасці работы пагранведамства, і цяпер настаў час паглядзець, наколькі поўна і якасна выконваюцца гэтыя даручэнні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паколькі ахову дзяржаўнай граніцы забяспечваюць не толькі органы пагранічнай службы, але і большасць суб'ектаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, менавіта гэты склад кіраўнікоў запрошаны на нараду. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць аб тым, што зроблена і што яшчэ трэба ажыццявіць для надзейнага процідзеяння ўзнікаючым выклікам і пагрозам, як развіваюцца органы пагранслужбы і наколькі эфектыўна прымяняюцца іх сілы і сродкі. "Якія практычныя меры па ўзмацненні аховы дзяржаўнай граніцы (асабліва ў яе паветранай прасторы) прыняты іншымі дзяржаўнымі органамі? Якія яшчэ застаюцца праблемы і якія шляхі іх вырашэння?" — пацікавіўся беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пракаментаваў некаторыя домыслы ў органах пагранслужбы. "Вы ведаеце, што значыць для мяне дзяржаўная граніца. Напэўна, былых ваенных наогул не бывае, і гэта датычыцца ў поўнай меры і мяне. Я — былы пагранічнік. І гэтым многае сказана. На гэтым базіруюцца мае асабістыя адносіны да пагранічнай службы і да ваенных людзей у зялёных фуражках, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму некаторыя размовы, якія, як мяне інфармуюць, ходзяць у пагранічным ведамстве, што быццам бы цяперашні кіраўнік пагранведамства не мае доступу да Прэзідэнта, — усё гэта поўная бязглуздзіца".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў старшыні Дзяржпагранкамітэта ёсць прамая сувязь з Прэзідэнтам у любы час сутак. "Ён гэта ведае, і я папрашу, вы давядзіце да некаторых сваіх афіцэраў. Для мяне палкоўнік Баечка (Аляксандр Баечка. — Заўвага БелТА.) — гэта такі ж афіцэр, як і ўсе папярэднія кіраўнікі пагранічнай службы. Усе, хто сядзіць за гэтым сталом, міністры і высокія службовыя асобы, маюць аднолькавую сувязь з Прэзідэнтам", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму ўсе гэтыя пустыя размовы павінны быць спынены, а пагранічнікі павінны займацца сваёй справай — хадзіць па апошнім метры нашай зямлі і з гонарам абараняць мір і спакой беларускага народа. Гэта наша штодзённая задача, і народ павінен быць упэўнены, што мы яе выканаем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

←ОДКБ — это звучит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика