Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва

Источник материала:  

Цырымонія ўзнагароджання адбылася ўчора ў Палацы Рэспублікі.

"Падобна да таго, як у Бібліі горад трымаецца на праведніках, так і любы народ трымаецца на сваіх героях. І сёння мы ўшаноўваем тых, каго з поўным правам можна назваць героямі нашага часу. Сапраўдных падзвіжнікаў, якія заўсёды адгукаюцца на чужую бяду і спяшаюцца на дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбна", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь ператварылася ў адзін з цэнтраў культурнага жыцця Еўропы дзякуючы маштабным міжнародным фестывалям, выставам, творчым праектам, якія ахапілі ўсе напрамкі мастацтва — ад фальклору і высокай класікі да авангарда. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перамогі маладых артыстаў на прэстыжных конкурсах праславілі краіну, можна ганарыцца тым, якая багатая на таленты беларуская зямля.

"Не адно стагоддзе філосафы спрачаюцца пра тое, што важней — матэрыя або дух, узвышанае або зямное. І сёння, гледзячы ў гэтую залу, дзе сабраўся гонар беларускай інтэлігенцыі, я міжволі задаю сабе ўсё тое ж вечнае пытанне. Бясспрэчна, без матэрыяльных даброт не можа існаваць род людскі. Але ў кожным з нас ёсць нешта, што цяжка апісаць словамі, нейкая божая іскра, духоўны агонь, які прымушае думаць і адчуваць, кахаць і пакутаваць, адважвацца і ствараць", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Не хлебам адзіным жыве чалавек. Нават магутныя імперыі старажытнасці руйнаваліся і гінулі, калі пазбаўляліся супольнасці ідэалаў, маральных асноў і веры — усяго таго, што ператварае насельніцтва ў народ, а месцажыхарства — у Айчыну". Паводле яго слоў, у беларусаў сіла слова заўсёды шанавалася вышэй сілы зброі. Беларуская зямля нараджала не агрэсараў і прыгнятальнікаў, а асветнікаў, навукоўцаў, мастакоў і паэтаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што народ Беларусі, які перажыў нямала гістарычных драм, ніколі не аддаваў забыццю сваю спадчыну, зберагаў паданні, помнікі, традыцыі і песні. І таму не растварыўся ў пясках часу, а застаўся самім сабой, пранёсшы скрозь стагоддзі гераічны характар і святыя запаветы продкаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не выпадкова свята Раства ў сучаснай Беларусі стала сімвалам адраджэння, вяртання да вечных каштоўнасцяў, якія вызначылі наш гістарычны шлях. "Нашы духоўнасць, мастацтва, культура — гэта крывяносная сістэма грамадства, якая дае яму жыццёвыя сілы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Разумеючы гэта, дзяржава рабіла, робіць і будзе рабіць усё для прымнажэння гэтага вельмі багатага здабытку. Для таго каб кожны талент расквітнеў і ні адзін творчы парыў не загас. Каб кожны з вас, людзей абраных, адзначаных асаблівым дарам, мог увасобіць свае задумы ў жыццё".

2012 год даў яркія прыклады таго, як адбываецца адраджэнне і росквіт культуры, лічыць Прэзідэнт. Узноўлены Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль. Рэканструяваны, а, дакладней, пабудаваны нанова, Купалаўскі тэатр. Завяршаецца ўзвядзенне ўнікальнага комплексу — музея Вялікай Айчыннай вайны...

"Сярод лаўрэатаў прэмій "За духоўнае адраджэнне" — урачы гомельскага цэнтра "Шлюб і сям'я", якія дапамагаюць здабыць матчына шчасце, дырэктар Радашковіцкай школы-інтэрната, які стаў бацькам дзясяткам сірот. Рэстаўратары, што зберагаюць бясцэнныя гістарычныя рэліквіі, і служыцелі царквы, чыё прызначэнне — рабіць дабро. Дзякуй усім вам за шчодрасць душы",  — сказаў Прэзідэнт.

Заслужаныя ўзнагароды ўручаны майстрам Вялікага тэатра і тэатра-студыі кінаакцёра, які даў сцэнічнае жыццё творам беларускай класікі, супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі і музея Янкі Купалы — за важкі ўклад у прапаганду мастацкага слова, а таксама іншым яркім творчым асобам і выдатным калектывам. "Краіна ўдзячная вам за працу і талент", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з высокімі ўзнагародамі.

Ён падкрэсліў, што каштоўнасць прэмій вымяраецца не толькі ў грашовым эквіваленце: "Дзякуючы ўзнагародам аб заслугах лаўрэатаў даведаецца ўся Беларусь, і вы станеце прыкладам для маладых".

БЕЛТА.

←Обзор важнейших событий 9 января 2013 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика