Аляксандр Лукашэнка павіншаваў замежных лідараў з Новым годам і Калядамі
Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
"Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка з нагоды Каляд і Новага, 2013 года накіраваў віншавальныя пасланні вышэйшаму кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, Прэзідэнту Рэспублікі Казахстан Нурсултану Назарбаеву, Прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву, Прэзідэнту Азербайджанскай Рэспублікі Ільхаму Аліеву, Прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу і іншым кіраўнікам краін СНД, Еўропы, Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі", — праінфармавалі ў прэс-службе.
Віншаванні ад імя Прэзідэнта Беларусі таксама накіраваны кіраўнікам міжнародных арганізацый, расійскіх рэгіёнаў, вядомым палітычным і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам дзелавых колаў.
"Прыемна адзначыць, што адыходзячы год быў для Беларусі і Расіі годам актыўнага палітычнага дыялогу і канструктыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы і Адзінай эканамічнай прасторы, — гаворыцца ў віншавальным пасланні Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну. — Перакананы, што ў надыходзячым годзе дзякуючы сумесным намаганням будуць рэалізаваны новыя маштабныя праекты, дасягнуты дамоўленасці па актуальных пытаннях двухбаковых адносін, што стане важкім укладам у развіццё інтэграцыі нашых краін, умацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж брацкімі народамі".
У віншаванні Нурсултану Назарбаеву Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокі ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі і актыўны характар беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што 2013 год стане для Беларусі і Казахстана новым рэзультатыўным этапам на шляху развіцця стратэгічнага партнёрства ва ўсіх сферах.
У адрас Прэзідэнта Беларусі таксама паступаюць шматлікія навагоднія віншаванні ад замежных лідараў, кіраўніцтва міжнародных арганізацый, вядомых дзяржаўных, палітычных і грамадскіх дзеячаў.
"Перакананы, што ў 2013 годзе мы забяспечым далейшае паглыбленне канструктыўнага супрацоўніцтва і шматузроўневай інтэграцыі. "Гэта, несумненна, адпавядае карэнным інтарэсам брацкіх народаў нашых краін", — гаворыцца ў віншаванні Уладзіміра Пуціна, якое паступіла ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.