Аляксандр Лукашэнка: "Незалежнасць Беларусі — гэта назаўсёды"

Источник материала:  

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўчора азнаёміўся з работай сумеснага вучэбна-даследчага цэнтра "БДУІР — ІNTЕS — Інтэлектуальныя тэхналогіі і сістэмы". Са знаёмства з дзейнасцю гэтага цэнтра пачалося наведванне кіраўніком дзяржавы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнта праінфармавалі аб стане і перспектывах развіцця ўніверсітэта. За апошнія гады значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ВНУ, якая рыхтуе студэнтаў па 36 спецыяльнасцях. Як расказаў рэктар ВНУ Міхаіл Батура, укаранёны сучасныя тэхналогіі, якія далі магчымасць палепшыць якасць навучання.

Як і патрабуе таго Прэзідэнт, апошнім часам наладжаны добрыя сувязі паміж ВНУ і вытворчасцю. Многія вузаўскія навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў вытворчасць, ідзе работа над аптымізацыяй тэрмінаў навучання. Паводле слоў рэктара ўніверсітэта, спецыялістаў можна рыхтаваць за 4 гады замест 5.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта камп'ютарных сістэм і сетак універсітэта. Гэты факультэт з'яўляецца адным з вядучых у Беларусі па падарыхтоўцы ІТ-спецыялістаў. На факультэце функцыянуюць 11 вучэбна-навукова-даследчых лабараторый, створаных сумесна з кампаніямі ІBА, ЕРАM, Іtrаnsіtіоn і іншымі. У складзе факультэта працуюць 6 кафедраў, 4 міжнародныя адукацыйныя цэнтры.

Згодна з вынікамі праведзенага ў 2010 годзе апытання кампаній — рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, факультэт камп'ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі займае першае месца ў топ-10 факультэтаў беларускіх ВНУ, выпускнікі якога запатрабаваны ў ПВТ.

Гутарачы са студэнтамі і выкладчыкамі, кіраўнік дзяржавы заявіў аб тым, што аплату за атрыманне адукацыі трэба прытармазіць. "З гэтым трэба разабрацца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі Прэзідэнта. Абмяркоўваючы гэту тэму, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што на 1-2-м курсах вучобы плата абавязкова павінна быць ашчаджальнай, а на старшых курсах — "трэба паглядзець".

Закрануў Прэзідэнт і некаторыя актуальныя праблемы ўнутранай і знешняй палітыкі. У прыватнасці, ён паведаміў, што Расія выдзеліць Беларусі крэдыт $2 млрд пад мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, аб гэтым ішла размова ў час яго нядаўняга візіту ў Расію. "18 і 19 снежня адбыліся перагаворы ва ўрадзе Расіі і з Прэзідэнтам Расіі па многіх-многіх пытаннях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ім сказаў: вы падумайце, калі мы родныя браты, мы павінны дапамагаць у перыяд крызісу. Нам трэба некалькі мільярдаў долараў крэдытаў, каб ажыццявіць мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў".

"Павінен сказаць, мяне гэта здзівіла. я гавару: можаце адказ сёння не даваць, вы падумайце. Не, адказваюць, давайце канкрэтны спіс, але пажадана сумесных прадпрыемстваў. Гэта значыць мы даём грошы, вашы прадпрыемствы — пад мадэрнізацыю, і ствараем сумесныя прадпрыемствы. Я гавару: добра, але гэта — адзін напрамак. Але і для несумесных прадпрыемстваў нам таксама патрэбны $1 млрд", — расказаў беларускі лідар. — "Разгледзім, мы і ў гэтай частцы дапаможам", — такі быў адказ кіраўніцтва Расіі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі неабходна мадэрнізаваць прадпрыемствы, інакш яна будзе на задворках. "Расія ўступіла ў СГА, і мы фактычна там, паколькі на расійскі рынак у нас амаль палавіна экспарту ідзе. Мы фактычна працуем ужо ва ўмовах СГА. Мы будзем знаходзіцца ў жорсткай канкурэнцыі, і мы нікуды не дзенемся ад гэтай мадэрнізацыі", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што мадэрнізацыя павінна быць завязана на ўласныя рэсурсы для мінімізацыі знешняй залежнасці. "Таму я строга насядаю на міністраў і спецыялістаў, канкрэтных кіраўнікоў прадпрыемстваў", — дадаў ён.

Таксама Прэзідэнт заявіў, што Беларусь дамовілася з Расіяй аб балансе паставак нафты ў 2013 годзе ў аб'ёме 23 млн тон. "Мы з Расіяй праводзілі перагаворы. Яны ж 18,5 млн тон прапаноўвалі, мы хацелі 23 млн тон. Мы з расіянамі, праўда, дамовіліся на пастаўку 23 млн тон нафты", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў: "Мы нафту атрымаем без праблем". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі былі праблемы, то знайшлі, адкуль браць нафту — у Венесуэле, Азербайджане. Але ўжо дамовіліся з Расіяй, адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў таксама, што Кітай прадаставіў Беларусі незвязаны крэдыт $1 млрд. "Пры тым гэта недарагія грошы, менавіта на праекты ўнутры краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у Беларусі сёння дастаткова такіх праектаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выдзеленыя Беларусі крэдыты — мізэр у параўнанні з тым, што краіна інвесціруе ў сваю эканоміку. "Сродкі з бюджэту, ад прыватных прадпрыемстваў, дзяржаўных — гэта на парадак больш, чым мы атрымліваем крэдытаў. Каб вы не думалі, што мы жывём толькі за кошт крэдытаў", — дадаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазыкі — гэта нармальная практыка.

Адказваючы на пытанні студэнтаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што будаўніцтва ў Беларусі АЭС дасць вялікую эканомію сродкаў, якія цяпер затрачваюцца на імпарт энергарэсурсаў. Калі ў гэтым годзе Беларусь выкарыстае каля 22 млрд куб. м газу, то пасля ўзвядзення сваёй АЭС мы зможам адмовіцца ад імпарту 5 млрд куб. м газу. "Я хацеў бы і другую АЭС пабудаваць у Беларусі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Расіяне, даведаўшыся аб гэтым, сказалі, што гатовы пабудаваць на цяперашняй узводзімай АЭС трэці энергаблок. Пакуль там плануецца ўзвядзенне двух энергаблокаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць будаўніцтва АЭС для Беларусі. "АЭС, нана-, бія-, ІT-тэхналогіі — гэта тое, што мы можам зрабіць, і мы гэта пачынаем рабіць", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што ў Год беражлівасці дзяржава не будзе эканоміць на даходах людзей. "Вы думаеце, мы будзем эканоміць на вас, на даходах людзей. Не. Мы будзем эканоміць, каб вы былі багацейшыя", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён заўважыў, што прыкладна 70 працэнтаў электраэнергіі, якая расходуецца, ідзе на патрэбы прамысловых прадпрыемстваў, і тут у першую чаргу ёсць рэзервы для эканоміі і скарачэння выдаткаў вытворчасці. "Калі мы там хоць бы 1 працэнт сэканомім, уяўляеце, колькі мы атрымаем мільярдаў рублёў і накіруем на мадэрнізацыю прадпрыемства і заработную плату людзям. Вось у чым канцэптуальная рэч гэтай беражлівасці і эканоміі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што і людзі павінны ў сваю чаргу падумаць над шляхамі эканоміі: "Я не кажу, што халадзільнік або тэлевізар не павінны працаваць. Павінны, нават тры тэлевізары і пяць халадзільнікаў, але майце на ўвазе — за гэта трэба плаціць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самае галоўнае, каб рост зарплат не апярэджваў тэмпаў павелічэння прадукцыйнасці працы. "Чалавек не павінен атрымліваць незаробленых грошай. Трэба імкнуцца і ствараць умовы для таго, каб чалавек, працуючы, зарабляў тое, што належыць. Гэта мой галоўны прынцып. Чым багацейшыя людзі, тым багацейшая дзяржава", — сказаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб тым, што на канец года павінен быць дасягнуты ўзровень сярэдняй зарплаты па краіне $500, што абумоўлена рэальнымі магчымасцямі эканомікі. "Сёння ў Беларусі можна зарабіць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я за тое, каб людзі працавалі, зараблялі грошы, і чым больш, тым лепш. Калі чалавек церпіць ад безграшоўя, гэта мяне перш за ўсё рэжа, як Прэзідэнта". Дарэчы, сказаў ён, у нас няма ніякай аб'ектыўнай неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту. На яго думку, "гэта ідзе нагнятанне сітуацыі, і вы ведаеце, хто гэта робіць". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі штучна курс не стрымліваецца. "Як я абяцаў, на працягу гэтага года ў нас рыначны курс. Ёсць вялікі попыт — даражэйшая валюта, няма попыту — Нацбанк скупляе валюту", — сказаў беларускі лідар. "З 1 студзеня ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты мы не прадугледжваем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "І нават калі б давялося патраціць $1 млрд на падтрыманне курсу, мы б патрацілі, — сказаў Прэзідэнт. — Мы назапасілі дастаткова валюты для таго, каб падтрымаць курс". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што золатавалютныя рэзервы Беларусі сёння складаюць больш як $8 млрд: "Ніколі ў гісторыі такога не было. Мы золата ўвогуле не прадавалі". "Таму не трэба скупляць сёння валюту, таму што давядзецца пасля Новага года прадаваць. Але хочуць людзі купіць — купляйце. Валюты сёння дастаткова".

Прэзідэнт таксама заявіў аб непахіснасці прынцыпу незалежнасці Беларусі. "Усе павінны зразумець, што Беларусь — гэта назаўсёды. Гэта наша, яна ніколі больш не будзе ні польская, ні расійская, ні амерыканская або нямецкая. Да гэтага трэба прывучыць усіх нашых партнёраў", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь імкнецца праводзіць незалежную палітыку: "Мы жывём у сваёй краіне, на сваім кавалку зямлі".

Што датычыцца шляху развіцця, Прэзідэнт адзначыў, што "беларуская дзяржава будзе будавацца на прынцыпах і лібералізму, і дэмакратыі, і на нармальным кансерватызме".

←Один ствол в руки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика