Беларусь будзе старшынстваваць у СНД у 2013 годзе
Беларусь афіцыйна аб'яўлена старшынёй СНД у 2013 годзе. Адпаведнае рашэнне прынята на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, якое прайшло ў Ашхабадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім складзе прынята рашэнне, што з 1 студзеня 2013 года старшынства ў СНД пераходзіць да Рэспублікі Беларусь", — заявіў Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, адкрываючы пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў у пашыраным складзе.
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, Садружнасць з'яўляецца адным з прыярытэтных вектараў знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц СНД. "Таму беларускае старшынства пройдзе пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, пашырэнне дыялогу культур", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён таксама адзначыў, што 2013-ты абвешчаны Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя ў СНД. "Мы будзем зыходзіць з уліку інтарэсаў усіх дзяржаў — удзельніц Садружнасці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт расказаў аб тых кірунках, на якіх беларускі бок у 2013 годзе прадугледжвае акцэнтаваць увагу. Гэта развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы, умацаванне міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння, пашырэнне кантактаў на ўзроўні навуковай і творчай інтэлігенцыі, ветэранскіх і моладзевых арганізацый, рэалізацыя праектаў у галіне экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. "Гэтую тэму асабліва актуалізаваў Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, запрасіўшы кіраўнікоў дзяржаў на пляцоўку Чарнобыля, дзе сёння ўзводзіцца ўнікальнае збудаванне — сховішча рэактара, на якім адбылася катастрофа", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок да канца 2012 года прадставіць канцэпцыю беларускага старшынства і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. "Я вельмі спадзяюся на вашу падтрымку і гатоўнасць да сумеснай працы па ўмацаванні Садружнасці ў інтарэсах нашых народаў", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі таксама выказаў падзяку туркменскаму боку і асабіста Прэзідэнту Гурбангулы Бердымухамедаву за праведзеную ў перыяд старшынства ў СНД працу, а таксама за сардэчны прыём у Ашхабадзе. "У выдатнай туркменскай сталіцы сёлета праходзілі не толькі афіцыйныя пасяджэнні органаў Садружнасці, але таксама адбыўся шэраг навуковых, творчых, спартыўных і іншых мерапрыемстваў. Яны паслужылі ўмацаванню традыцыйна дружалюбных сувязяў паміж народамі нашых краін", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
***
Перад пачаткам пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава. Абодва кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі намер паглыбляць плённае супрацоўніцтва ў розных сферах.
Вітаючы Аляксандра Лукашэнку, Прэзідэнт Туркменістана падкрэсліў высокую дынаміку ў развіцці беларуска-туркменскіх адносін і традыцыйна дружалюбныя і цесныя сувязі паміж народамі дзвюх краін. Па словах Гурбангулы Бердымухамедава, бакі актыўна супрацоўнічаюць у сферы палітыкі, набіраюць абароты гандлёва-эканамічныя сувязі. У гэтым плане ён адзначыў дзейсную работу міжурадавай камісіі. Прэзідэнт Туркменістана таксама падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за плённае ўзаемадзеянне ў пытаннях адукацыі, навукі, абмену вопытам. Ён адзначыў, што ў Туркменістане ў многіх галінах запатрабавана беларуская тэхніка, якая ў тым ліку выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, нафтагазавай галіне.
Асаблівы акцэнт Прэзідэнт Туркменістана зрабіў на развіцці культурна-гуманітарных сувязяў. Так, нядаўна ў Белдзяржцырку прайшлі гастролі групы "Туркменскія джыгіты" Дзяржаўнага цырка Туркменістана. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Гурбангулы Бердымухамедаву за фурор, зроблены ў Беларусі артыстамі цырка Туркменістана. "Вы сапраўды паказалі вышэйшы клас у цэнтры Еўропы. Нам хацелася б, каб гэтых прадстаўленняў было больш", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў наяўнасць вялікіх перспектыў для развіцця ў будучыні Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. "Запасы калійных угнаенняў у вас каласальныя. Упэўнены, што вы іх будзеце развіваць, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Таму і ў нас працы тут хопіць разам з вамі".